Прафесія прыносіць асалоду: прыклад маці стаў лёсавызначальным у жыцці настаўніцы Жанны Шкодзіч

- 16:30Новости

Шлях у прафесію для кожнага чалавека пачынаецца па-­рознаму: для адных — з займальнай гульні, для другіх — са светлай дзіцячай мары, а некаторыя бачаць перад сабой яркі прыклад бацькоў і працягваюць сямейную справу, ствараючы прафесійныя дынастыі.

Паднятая цаліна

Агульны стаж нашай педагагічнай дынастыі Тодрас — Шкодзіч складае 65 гадоў і налічвае тры пакаленні.

Жанна Васільеўна Шкодзіч, 2023 год

Першай у гэтым шэрагу стаіць мая мама — Марыя Міхайлаўна Тодрас, настаўніца пачатковых класаў першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яна нара­дзілася 20 сакавіка 1943 года ў вёсцы Крапіўніца Свіслацкага раёна. Рашэнне стаць педагогам прыйшло не адразу. Яе працоўны шлях пачынаўся зусім у іншай сферы дзейнасці.

Гэта быў далёкі 1962 год, калі мама вырашыла па­ехаць на цаліну. Ні ўгаворы, ні слёзы блізкіх не змаглі паўплываць на прынятае рашэнне. Так яна апынулася ў Рудным Кустанайскай вобласці. Гэта быў вельмі малады горад (толькі 5 гадоў), дзе поўным ходам узводзіліся жыллё­выя і прамысловыя аб’екты. Яна была прынята арматуршчыцай і працавала на будаўніцтве горна-ўзбагачальнага камбіната. Пасля працоўнага дня вучылася ў вучэбна-курсавым камбінаце і атрымала дакументы на права кіраваць аўтамабілем. Далей была работа ў аўтатранспартнай канторы “Галоўцалінпрамбуд” на грузавой машыне ГАЗ-51, на легкавой машыне дыспетчарскай службы і вучоба ў вячэрняй сярэдняй школе.

Было яшчэ адно адказнае даручэнне — лепшых рабочых накіраваць у школу важатых. У іх ліку была і мама. Гэта быў цудоўны час, калі яна спяшалася да цікаўных і дапытлівых дзяўчынак і хлопчыкаў і амаль кожныя свае выхадныя дні праводзіла разам з імі, адпраўляючыся на экскурсіі, у паездкі і паходы. Таму ніхто з сяброў не здзівіўся, што яна вырашыла паступіць у Мендыгарынскае педагагічнае вучылішча імя Ібрая Алтынсарына. Два гады вучобы (з 1967 па 1969 год) праляцелі вельмі хутка. На руках — дып­лом настаўніка пачатковых класаў і накіраванне на работу ў адзін з паўднёвых раёнаў Казахстана. Перад тым як адправіцца на месца размеркавання, ёй захацелася прыехаць дадому, на родную Свіслаччыну. Прыехала — і засталася назаўсёды.

Ужо тут, на свіслацкай зямлі, адбылося яе станаўленне як сапраўднага нас­таўніка і прафесіянала. Педагагічны працоўны шлях пачаўся ў 1969 годзе ў Шурыцкай пачатковай школе. Пасля яна працавала ў Сакольніцкай сярэдняй школе, завочна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Калі з’явілася магчы­масць, перавялася на работу ў свіслацкую сярэднюю школу № 1, дзе да выхаду на пенсію (1998 год) працавала настаўніцай пачатковых класаў.

Яе педагагічная дзейнасць высока адзначана граматамі рознага ўзроўню. Самая значная сярод іх — Ганаровая грамата Міністэрства асветы Беларускай ССР.

Яшчэ ў нашым сямейным архіве ёсць шматлікія фотаздымкі яе выпускні­коў. Яны выбралі розныя прафесіі, у кожнага з іх свой жыццёвы шлях. А самае галоўнае, я ў гэтым проста ўпэўнена, усе яны памятаюць сваю першую настаўніцу, якая вучыла іх не толькі чытаць і пісаць, а найперш быць сумленнымі, працавітымі, шчырымі і добразычлівымі людзьмі.

Больш за 13 гадоў мамы няма побач, але яна назаўсёды застанецца для мяне яркім прыкладам сапраўднага настаўніка, муд­рага, адкрытага і светлага чалавека.

“Тэма” і “мэта” вызначылі лёс

Калі паўстала пытанне, куды мне паступаць пасля заканчэння школы і якую прафесію выбраць, адказ быў адназначны — гэта будзе прафесія настаўніка. Так два кароценькія словы, напісаныя прыгожым почыркам чырвоным стрыжнем у агульным сшытку, “тэма” і “мэта”, з якіх пачыналіся маміны рабочыя планы і сэнс якіх я зусім не разумела ў дзяцінстве, сталі лёсавызначальнымі ў маім жыцці. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўжо больш за 30 гадоў працую настаў­ніцай беларускай мо­вы і літаратуры — спачатку ў Дашкавіцкай сярэдняй школе, а пасля ў Ханявіцкай сярэдняй школе Свіслацкага раё­на. Я доб­ра памятаю матуліны парады на пачатку сваёй прафесійнай дзей­насці, калі яна гаварыла, што, па-першае, у настаўніка заўсёды павінен быць план урока, дзе прадуманы кожны этап. Па-другое, да кожнага звычайнага ўрока трэба рыхтавацца так, як да адкрытага, тады адкрыты ўрок пройдзе лёгка і цікава. Якое пачуццё радасці атрымлі­ваеш, калі твае вучні перамагаюць у творчых конкурсах, навуковых канферэнцыях, калі маюць доб­рыя вынікі пры паступ­ленні! Гэта не толькі радасць і гордасць за дзяцей, але адначасова і вялікая адказнасць перад імі, каб не падвесці.

Сямейная справа працягваецца

Любоў да дзяцей, ці­кавасць да педагагічнай прафесіі пераняла і мая малодшая дачка Дар’я. Сёлета яна скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.

Дар’я Іванаўна Шкодзіч, 2019 год

Адзін з мінскіх дзіцячых садоў — яе першае працоўнае месца ў якасці выхавальніцы да­школьнай адукацыі. Вось так працягваецца сямейная справа ўжо ў трэцім пакаленні.

Перанятая ад матулі прафесія настаўніка прыно­сіць асалоду, а сям’я — гэта мая падтрымка, апора і, спа­дзяюся, дастойны працяг педагагічнай дынастыі. Таму я не пабаюся сказаць, што я шчаслівая!

Жанна ШКОДЗІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Ханявіцкай сярэдняй школы Свіслацкага раёна