Своеасаблівым гімнам жанчыне-маці з’яўляецца краязнаўчы музей гімназіі Калінкавіч

- 17:12Новости

Першая думка, якая ўзнікае, калі пераступаеш парог музея, — утульна, спакойна, як у матуліным доме. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вышытыя ручнікі, сурвэткі, настольнікі, накідкі на падушкі… Прадметы побыту, якімі жанчыны ў розныя часы ўпрыгожвалі інтэр’ер сваіх дамоў… Нельга не адчуць асаб­лівую атмасферу, якая пануе сярод звычайных, здаецца, рэчаў. 

Дабаўляюць добразычлівасці і ветлівыя ўсмешкі юных экскурсаводаў. Часта з экспазіцыяй знаёмяць і педагогі, у прыватнасці, дырэктар гімназіі Валянціна Уладзіміраўна Жукава, а таксама яе намеснік па выхаваўчай рабоце Сняжана Валер’еўна Цуба. І гэта нядзіўна, паколькі некаторыя музейныя прадметы калісьці належалі іх родным.

— Раней тут знаходзіўся мой кабінет, — пачала знаёмства з экспазіцыяй Сняжана Валер’еўна. — Цяпер жа гэта музейны пакой, у афармленні якога мы рабілі акцэнт на рэчах, якімі ў штодзённым побыце карысталіся жанчыны — нашыя матулі і бабулі. Напрыклад, гэты настольнік з’яўляецца вясельным падарункам маёй бабулі Зосі Міхайлаўны Смальянінавай.

Цікавыя гісторыі пра экспанаты паведаміла і Валянціна Уладзіміраўна:

— Працаваць вось з гэтым драўляным пранікам бабуля Вольга Тамашоўна Барысенка навучыла не толькі маю маму Яўгенію Андрэеўну, але і мяне. Добра памятаю моманты свайго дзяцінства: раніца, бабуля ставіць на сярэдзіну хаты лаву, бярэ ручнікі і гаворыць: “Пайшлі, унучка, будзем іх гладзіць”. Наогул, усё, што ўмелі рабіць мае бабуля і мама па хатняй гаспадарцы, для мяне таксама знаёмая справа. Напрыклад, бабуля сама ткала на станку, які стаяў у яе доме, — я таксама гэта ўмею. Ра­зам мы вышывалі накідкі на падушкі, фіранкі на вокны.

Па словах дырэктара гімназіі, з дапамогай музея настаўнікі імкнуцца паказаць значную ролю жанчыны-маці ў грамадскім, эканамічным і палітычным жыцці краіны, а праз актыўную экскурсійна-масавую работу з вучнямі — захоў­ваць і перада­­ваць  гісторыка-культурныя і духоўныя каштоўнасці беларускага народа.

— Работа над стварэннем музея пачалася ў 2006 годзе, які быў аб’яўлены ў краіне Годам маці, а завяршылася ў Год роднай зямлі, у 2009-м. Кі­раў­ніком ініцыятыўнай групы была тагачасны дырэктар гімназіі Ніна Іосіфаўна Пракапенка. Шмат жыхароў Калінкавіч адгукнуліся на нашу ініцыятыву, у першую чаргу калегі, бацькі вучняў. Яны прыносілі прадметы, якія ёсць далёка не ў кожным школьным музеі, — працягнула аповед Валянціна Уладзіміраўна.

Гэта, напрыклад, трубачкі, які­мі ўрачы праслухоўваюць сэрцабіццё дзіцяці ва ўлонні маці. А вось старадаўні патэфон падчас экскурсіі гукамі чароўных мелодый пераносіць наведвальнікаў у часы маладосці мам нашых бабуль. Больш за 600 экспанатаў расказваюць пра побыт, працоўныя заслугі яркіх, неардынарных жанчын калінкавіцкай зямлі, якія праявілі сябе ў розныя часы, удастоены ўрадавых узнагарод. Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны маці-гераіням, у тым ліку бабулі Валянціны Уладзіміраўны Ксеніі Канстанцінаўне Баравік, у сям’і якой было 10 дзяцей.

Утульна, як у матуліным доме… Нядзіўна, што ў такі музей хочацца вярнуцца, а пасля экскурсіі патэлефанаваць сваёй матулі, пацікавіцца яе справамі і сказаць, як моцна ты яе любіш.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара