Посуд з адбіткам рукі майстра, які жыў 4 тыс. гадоў назад: новыя знаходкі Валерыя Тухты і яго вучняў

- 9:00Главная, Новости

Малюнкі партызанскага камбрыга і посуд з адбіткам рукі майстра, які жыў 4 тысячы гадоў назад: новыя знаходкі лепяльчаніна Валерыя Тухты і яго вучняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Слабадской сярэдняй школы імя М.М.Пшонкі Лепельскага раёна сумесна з калегамі і навучэнцамі даследуе мінулае роднага краю. Ён з тых апантаных краязнаўцаў, хто можа падрабязна расказаць не толькі пра гісторыю навакольных вёсак і многіх сем’яў мясцовых жыхароў. Такое ўражанне, што суразмоўнік ведае гісторыю ледзь не кожнага пагорка, урочышча ці нават асобнага старога дрэва на малой радзіме. На рахунку даследчыка-аматара паўтара дзясятка выдадзеных кніг і прыкладна столькі ж адкрытых археалагічных помнікаў, упершыню ўведзеных у навуковы абарот. З гэтым педагогам на працягу многіх гадоў супрацоўнічаюць вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адкрываючы са школьнікамі невядомыя старонкі гісторыі, збіраючы паданні і легенды, вясковы настаўнік неўпрымет для сябе ператварыўся ў жывую легенду Лепельшчыны.

З нетраў пушчы і тысячагоддзяў

— Да археалагічных раскопак мы далучыліся ў 2002 годзе, на курганах ля Новых Валосавічаў, — расказвае Валерый Ула­дзіміравіч. — Увогуле, пачыналі з малых экспедыцый — без начлегу або максімум на тры-чатыры дні, каля дзясятка вучняў былі са мной. У плане выхавання і станаўлення асобы, набыцця пэўных практычных навыкаў, матывацыі да паглыбленага вывучэння гісторыі прыгода для школьнікаў вельмі цікавая і карысная. Як вам гэта — пушча ў якасці вучэбнага дапаможніка, дзе легенды і паданні існуюць у адной рэальнасці з унікальнымі артэфактамі, якія можна ўзяць у рукі?! А калі пашанцуе, то і самому адшукаць…

Раз за разам у нас павялічвалася колькасць жадаючых прыняць удзел у раскопках. Узнікла ідэя арганізацыі школьнага лагера, каб на большы тэрмін і больш дзяцей далучыць да археалогіі. Калегі, кіраўніцтва школы, аддзел па адукацыі адобрылі і падтрымалі гэтую ініцыятыву. Толькі ключавыя партнёры, вучоныя-археолагі сёння тут, а заўтра ў іх на нашы ваколіцы планаў няма. Нам жа хацелася, каб навукоўцы больш грунтоўна зацікавіліся Лепельскім раёнам, бо з пунк­ту погляду археалогіі ён зусім не ўступае Полаччыне або іншым рэгіёнам, да якіх вучоныя праяўля­юць вялікую ўвагу.

Задуманае ўдалося рэаліза­ваць з дапамогай Інстытута гісторыі НАН Беларусі і асабіста загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага. У 2007 годзе вучоны выявіў ва ўрочышчы Дубавец сляды існавання старажытнага паселішча, якое атрымала ўмоўнае абазначэнне Бярэшча-1. Так называюцца возера і рака, паблізу якіх знаходзіцца цэлая сістэма археалагічных помнікаў. У раскопках на Дубаўцы былі задзейнічаны ўдзель­нікі школьнага краязнаўчага гуртка “Нашчадкі” пад кіраўніц­твам Валерыя Тухты. Сяброўства лепяльчан з мінскім археолагам працягваецца да гэтага дня. Зараз мікрарэгіён Бярэшча — даволі вядомы ў навуковым свеце аб’ект: самыя старадаўнія археа­лагічныя знаходкі нале­жаць да перыяду мезаліту. З 2016 года Максім Чарняўскі арганізоўвае тут маштабныя археалагічныя даследаванні. І шосты год запар да кожнага палявога сезона прымеркавана змена ў летнім лагеры пры Слабадской сярэдняй школе імя М.М.Пшонкі.

Каштоўныя здабыткі

У летніку поруч са слабадчанамі ўдзельнічаюць юныя аматары археалогіі з іншых школ раёна. Рэжым выбудаваны ў адпаведнасці з узростам дзяцей.

— Змена ў палатачным лагеры краязнаўчага профілю доўжыцца 9 дзён, — удакладняе педагог. — Максім Чарняўскі разам з калегамі паказвае дзецям, як па старажытных тэхналогіях выра­біць прылады працы, рыбалоўныя снасці або стралу, — асвойваем такім чынам эксперыментальную археа­логію. Прыязджаюць валанцёры, удзельнікі папярэдніх змен, нашы выпускнікі. Падчас сёлетняй экспедыцыі ля вёскі Верабкі на помніку археалогіі Бярэшчы-1 былі выяўлены матэрыялы нарвенскай, усвяцкай і паўночнабеларускай археалагічных культур. З унікальных знаходак варта адзначыць крэмніевыя прылады працы, якімі нашы далёкія продкі карысталіся больш за 5 тысяч гадоў назад. Знайшлі фрагмент венца гаршка з адбіткам пальца, верагодна, жанчыны — паміж гэтым чалавекам і намі адлегласць у 4 тысячагоддзі. Таксама быў знойдзены невялікі фрагмент бурштыну, які зноў жа лічыцца каштоўнай і рэдкай знаходкай.

…Даследаваннямі, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, Валерый Тухта захоплены практычна ўсё свядомае жыццё. Настаўнік гісторыі згуртаваў вакол сябе калег і вучняў спачатку ў Велеўшчынскай базавай школе, а потым у Слабадской сярэдняй школе імя М.М.Пшонкі. У гэтай установе адукацыі ён
узначальвае пошукавы клуб “Слабадскія следапыты” і з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні.

— Амаль чвэрць стагоддзя разам са школьнікамі займаемся вывучэннем ваеннай гісторыі Лепельшчыны, — працягвае аповед Валерый Ула­дзіміравіч. — Штогод дзеці дабаўляюць у агульную скарбонку матэрыялы з сямейных архіваў. Пакаленні навучэнцаў змяняюцца, і ўсе яны даследу­юць мінулае, шукаюць інфармацыю  найперш пра сваіх продкаў, сваякоў. Здараецца, яны выпадкова пачуюць недзе цікавыя звесткі — і неўзабаве мы камандай завітваем у пэўную вёску. Падчас сустрэч, паходаў, экспедыцый занатоў­ваем аповеды жыхароў раёна пра ваенныя падзеі.

Дзеці з асаблівым натхненнем запісваюць новыя факты і не меншае задавальненне адчуваюць, калі пры сустрэчы відавочцы пацвярджаюць і дапаўняюць апісанае ў кнігах.

Хтосьці з суразмоўнікаў трапятліва захоўвае памяць пра родных людзей — франтавікоў і партызан, якім пашчасціла вярнуцца з вайны. Але шмат сярод нашых апавядальнікаў і тых, чые дзяды і прадзеды назаўсёды засталіся маладымі. Такімі яны глядзяць на нашчадкаў з пажоўклых ад часу фотаздымкаў. Некаторыя прозвішчы ўвекавечаны на мемарыяльных дошках і помніках, а хтосьці дагэтуль яшчэ значыцца прапаўшым без вестак. Па драбніцах мы збіраем і захоўваем звесткі пра нашых землякоў, вядомых і невядомых удзельнікаў вайны, пра іх жыццё, справы і подзвігі дзеля міру на зямлі.

Пра малюнкі камбрыга

Вынікі даследаванняў адлюстраваны ў кнігах Валерыя Тухты. Першая з іх — “Я вярнуся, бо ты чакала, або Аповед пра мінулую вайну”, а апошняя з выда­дзеных — “Чаромхавы водар Перамогі”. Новая кніга, якую аўтар прысвяціў 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, багата ілюстравана фотаздымкамі. З аднаго з іх, зробленага ў экспедыцыі, глядзіць пчаляр Іосіф Гатоўскі, партызан. Калі прыйшоў з баявымі таварышамі ў роднае Пастрэжжа пасля карнай аперацыі, то ўбачыў там папялішчы на месцы хат. Жонка з дзецьмі паспелі выратавацца, але немцы іх злавілі на балоце, у суседняй Кветчы загналі з іншымі мірнымі жыхарамі ў хлеў і спалілі. Па словах Валерыя Ула­дзіміравіча, для яго і вучняў гэты вясковец стаў прыкладам мужнага духам чалавека. Такія людзі не скарыліся перад жудаснымі бедамі, а змаг­лі перамагчы ворага і працягвалі жыць, аднаўлялі зруйнаванае вайной, будавалі мірную Беларусь.

На другім фота бачым педкалектыў Свядскай школы (так тады называлася цяперашняя Слабадская). З 12 настаўнікаў, якія ў канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя вялі тут урокі, пяцёра франтавікоў. Пра іх вучні Валерыя Уладзіміравіча напісалі даследчую работу і потым яшчэ стварылі спецыяльны банер “Праз полымя вайны прайшлі настаўнікаў шляхі”. Шэраг цікавых фактаў з ваен­най гісторыі педагог-пошукавік выявіў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У тым ліку ў фондах партызанскай брыгады “Чэкіст” ён знайшоў тры малюнкі, якія простым алоўкам зрабіў камісар 1-га атрада брыгады Пётр Шчаслаўскі. На іх адлюстраваны і захаваны для нашчадкаў партызанскі лагер у лесе за вёскай Стайск Слабадскога сельсавета. Яшчэ адзін з малюнкаў з гумарам падпісаны “Рух партызан па Лепельскай тундры”.

— У цяперашні час устанаўліваем імёны партызан, пахаваных ля вёскі Загліннікі Лепельскага раёна, — дзеліцца надзённымі клопатамі Валерый Тухта. — У мінулагодняй экспедыцыі жыхары іншай вёскі расказалі нам пра гэтае пахаванне, і мы па апісанні знайшлі тое месца. Пакуль вядома імя толькі аднаго з загінуўшых. Шукаем звесткі пра ўсіх, потым будзе вырашацца пытанне аб увекавечанні іх памяці.

Літаральна ўчора вярнуліся з новай экспедыцыі. Правялі яе сумесна з прадстаўнікамі спартклуба Бярэзінскага біясфернага запаведніка “Бярэзінскія мя­дзведзі” пад кіраўніцтвам Аляксея Багаўца, партнёры забяспечылі нас веласіпедамі. На краязнаўчых сцежках не абмінулі месцы пахаванняў ваеннага часу, вызначылі некалькі новых напрамкаў работы. У вёсцы Броды мясцовыя жыхары падказалі нам месца пахавання партызана. Там ёсць абеліск з зоркай. Надпіс на ім прачытаць немагчыма: занадта шмат гадоў мінула. Будзем у ваенкамат звяртацца па дапамогу… У вёсцы Кветча таксама адшукалі ваеннае пахаванне. На помніку скупыя звесткі: Іван Рыгоравіч Янкоўскі, загінуў у 1942 го­дзе. Па гарачых слядах знайшлі на сайце “Партызаны Беларусі” інфармацыю, што гэта партызан, які змагаўся з ворагам у брыга­дзе “Жалязняк”. Працуем далей, пошук працягваецца.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва Валерыя Тухты