STEM-кабінет і інжынерныя класы ў адной школе — ашмянскія школьнікі спазнаюць свет робататэхнікі і інжынерыі

- 9:00Главная, Образование

У сярэдняй школе № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага знаёмства з асновамі інжынерыі пачынаецца ў 5 класе на занятках па робататэхніцы. А з мінулага года ва ўстанове адукацыі ўпершыню запрацавала інжынерная група. Сёлета адкрылася яшчэ адна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свет робатаў

Спасцігаць асновы робататэхнікі навучэнцы пачалі ў 2019 годзе, калі ва ўстанове з’явіліся першыя робататэхнічныя наборы LEGO. Тады ў аб’яднанні па інта­рэсах “Робататэхніка” і на факультатыўных занятках “Асновы канструявання ў Ev3” займаліся 18 вучняў 5—7 класаў. Праз 3 гады ў школе адкрыўся STEM-кабінет, абсталяваны пяццю базавымі і дадатковымі камплектамі LEGO Mindstorms Education EV3. Да іх далучыліся сем набораў канструктара “РОББО”, спецыяльны стол для тэсціравання работы робатаў, набор трас, неабходных для правядзення заняткаў і падрыхтоўкі да спаборніцтваў, і 3D-прынтар, з дапамогай якога юныя канструктары могуць ствараць уласныя робататэхнічныя мадэлі.

З мінулага навучальнага года з юнымі аматарамі робататэхнікі працуе настаўніца інфарматыкі Наталля Пілецкая:

Сёння ў нашай школьнай рознаўзрос­тавай камандзе “РобаСтарс” займаюцца вучні 5—9 класаў. Напрамкі ва ўсіх розныя. На факультатыўных занятках “Асновы канструявання ў EV3” хлопчыкі і дзяўчынкі з дапамогай набораў LEGO ствараюць мадэлі робатаў, якія праграмуюць на выкананне розных задач. На факультатыўных занятках “Вывучэнне асноў робататэхнікі” выкарыстоўваецца робататэхнічны комплекс “РОББО”, які складаецца з трох кампанентаў: прылады “РОББО Лабараторыя”, канструктара “РОББО Робаплатформа” і набору “РОББО Схематэхніка”. На занятках з “Робаплатформай” школьнікі збіраюць робата з гатовых магнітных модуляў і пішуць першыя простыя праграмы па ўзоры. Паколькі рускамоўны рэдактар ROBBO Scratch алгарытмічна просты і зразумелы, навучэнцы адразу спрабуюць пісаць больш складаныя праграмы для кіравання “Робаплатформай”.

Выхаванцы Наталлі Аляксандраўны выступаюць на робатурнірах, навуковых канферэнцыях, розных конкурсах. Вясной гэтага года разумнікі і разумніцы з “РобаСтарс” вызначыліся на абласным этапе рэспуб­ліканскага турніру па робататэхніцы. У кампетэнцыі Robbo Мікіта Дудойць заняў 2-е месца, саступіўшы долі секунды. Гэты ж юнак разам з Максімам Русаком у кампетэнцыі “Праходжанне па лініі. Адукацыйныя канструктары” занялі 3-е месца. У гэтай жа кампетэнцыі, але ў іншай узрос­тавай катэгорыі Кацярына Канцавая і Цімафей Карповіч з робатам Гружэўскім (названы ў гонар былога дырэктара Міхаіла Гружэўскага. — Заўвага аўтара.) сталі другімі на вобласці. Таксама ў скарбонцы дасягненняў каманды 1-е месца ў конкурсе “ТэхнаІнтэлект”: у секцыі “Тэхнічнае канструяванне” Аркадзь Мікліс прадставіў чарцёж машыны і выкананую па ім драўляную мадэль аўто.

За выступленні з навуковымі праектамі ў дыстанцыйных універсітэцкіх канферэнцыях вучні Наталлі Пілецкай са студзеня па май атрымалі 14 грамат.

У маі падапечны Наталлі Пілецкай Ілья Вайцяхоўскі заняў 1-е месца на абласным конкурсе бізнес-ідэй са сваім смарт-маячком для веласіпедыста, створаным на аснове набору “РОББО Схематэхніка”. Прылада на руцэ веласіпедыста пры руху міргае, а калі той падымае руку ўверх або выцягвае ўбок, каб апавясціць іншых удзельнікаў дарожнага руху аб спыненні або павароце, святлодыёды ярка загараюцца, што ро­біць манёўры веласіпедыста бачнымі ў цёмны час сутак.

Папаўняючы базу, пашыраючы веды

Да новага навучальнага года аматараў робататэхнікі чакаў падарунак: STEM-кабінет папоўніўся яшчэ адным 3D-прынтарам, двума ноўтбукамі і дзясяткам робататэхнічных камплектаў Vincibot ад Matatalab.

— Перавага канструктара Vincibot у простым графічным праграмным забеспячэнні MatataCode, спецыяльна распрацаваным для навучання праграмаванню малодшых школьнікаў. Праграмаванне ажыццяўляецца з дапамогай каляровых блокаў і спасцігаецца ў кароткія тэрміны, бо ўсё даступна і зразумела. Вялікая колькасць гатовых прыкладаў і ўбудаваная даведачная сістэма з інструкцыяй па зборцы ро­бяць заняткі падобнымі на гульню, што дазваляе зацікавіць малодшых дзяцей. Новыя магчымасці робатаў Vincibot — маляванне, агучванне, танцы і дэманстрацыя эмоцый на маніторы — прыводзяць у захап­ленне нават аматараў робатэхнікі са старшых класаў, асабліва калі яны праграмуюць робатаў самастойна, — адзначае педагог.

На яе думку, робататэхніка спрыяе фарміраванню ў дзяцей гнуткага мыслення. Вывучэнне робататэхнікі паляпшае здоль­насць да праблемнага мыслення і вырашэння задач, якія патрабуюць лагічнага і крэатыўнага падыходу, умення аналіза­ваць сітуацыю, распрацоўваць стратэгіі і знахо­дзіць эфектыўныя рашэнні. Работа ў групах, абмен ідэямі дапамагаюць развіваць калектыўнае ўзаемадзеянне і камандныя навыкі.

У гэтым навучальным годзе на базе STEM-цэнтра пачалі праводзіцца факультатыўныя заняткі па 5 вучэбных праграмах, майстар-класы па стварэнні камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch на аснове прылады “РОББО Лабараторыя”, а таксама майстар-класы па асновах робататэхнікі на камплектах “РОББО”, LEGO, Vincibot для адораных і матываваных навучэнцаў іншых устаноў адукацыі раёна.

Канструяванне не толькі дапамагае паглыбляць і замацоўваць веды ў галіне робататэхнікі, але і дазваляе навучэнцам перагледзець сваё стаўленне да некаторых дысцыплін і прымяняць на практыцы веды па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, што ў далейшым дапаможа ім вызначыцца з выбарам прафесіі інжынерна-тэхнічнай накіраванасці.

Відэа, як праходзяць заняткі па робататэхніцы і чым яны вабяць школьнікаў, можна паглядзець тут.

Інжынерныя групы

З мінулага года педагогі школы пачалі развіваць інжынерны кірунак і адкрылі першую групу па гэтым профілі, у якую ўвайшлі сем дзесяцікласнікаў. Юнакі і дзяўчаты на павышаным узроўні вывучаюць хімію і біялогію, а таксама знаёмяцца з асаблівасцямі розных напрамкаў інжынернай справы на факультатыве “У свеце тэхнікі і тэхналогіі: выбіраем інжынерную прафесію”.

— У нас заключаны дагавор з БДТУ і БНТУ. Раз у чвэрць група выязджае на дзень ва ўніверсітэт, дзе для вучняў праводзіцца прафарыентацыйная экскурсія, а таксама яны наведваюць некалькі тэматычных практычных заняткаў з выкладчыкамі, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Дзянісава. — Напрыклад, на кафедры біятэхналогіі БДТУ школьнікі пабывалі на дэманстрацыйным уроку па хіміі. Асабліва іх захапілі эксперыменты па вызначэнні вадароднага паказчыка, або паказчыка кіслотнасці (рН), розных раствораў, эксперыменты з бытавымі кіслотамі і шчолачамі, стварэнне слаймаў, вырошчванне крышталёў, эксперыменты з люмінафорам. На іншых сустрэчах старшакласнікі змаглі азнаёміцца з асновамі 3D-мадэлявання, відамі і ўласцівасцямі драўніны, спосабамі яе загатоўкі.

Таксама дзеці становяцца ўдзельнікамі акцыі “Стань студэнтам на адзін дзень”, рэгулярна наведваюць розныя тэхналагічныя, энергетычныя прадпрыемствы Гродзеншчыны і знаёмяцца з работай інжынераў. Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў разлічана на 70 гадзін — па 2 га­дзіны ў тыдзень у 10 класе і ўключае 8 модуляў, а таксама на 68 гадзін у 11 класе і ўключае 9 модуляў.

— Летась навучэнцы інжынернай групы пабывалі на Беларускай АЭС, машынабудаўнічым прадпрыемстве “Амкадор”, — дадае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Шукеловіч. — Яны былі вельмі ўражаны маштабамі гэтых вытворчых аб’ектаў, сучаснымі тэхналогіямі, якія там выкарыстоўваюцца. У новай інжынернай групе дзесяцікласнікі на профільным узроўні вывучаюць матэматыку і фізіку. У гэтым годзе навучэнцаў дзвюх інжынерных груп чакаюць сумесныя экскурсіі на прадпрыемствы. Дзякуючы факультатыўным заняткам, у школьнікаў фарміруюцца веды аб узроўні развіцця прамысловасці, сучасных тэхналогіях машынабудавання, энергетыцы, металургіі, архітэктуры, будаўніцтве і іншых галінах. А яшчэ выпускнікі даведваюцца аб ільготах, якімі змогуць скарыстацца пры паступленні на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці інжынернага профілю.

Такім чынам, імкнучыся сфарміраваць у вучняў іжынернае мысленне і нацэльваючы іх на атрыманне інжынерных спецыяльнасцей, педагогі падыходзяць да навучання сістэмна. На другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі яны максімальна імкнуцца захапіць дзяцей робататэхнікай, каб на момант пераходу ў старшыя класы ў юнакоў і дзяўчат сфарміравалася жаданне працягнуць вывучэнне інжынернай справы.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва школы