Каб не памыліцца з прафесіямі, школьнікі з Лапіч знаёмяцца з імі загадзя

- 15:30Образование

Філолагі і будучыя інжынеры. Зазірнулі ў Лапіцкую сярэднюю школу Асіповіцкага раёна, дзе ўжо сёння падлеткі вызначаюцца з прафесіяй. Падрабязнасці ў карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Жанчыны ў сям’і Таццяны Кацуба, дырэктара Лапіцкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна, выбіраюць не проста педагагічную прафесію, а становяцца менавіта настаўніцамі пачатковых класаў. 

Прыклад падала бабуля, а працягнулі сямейную дынастыю і Таццяна Мікалаеўна, і абедзве яе стрыечныя сястры, і ўсе тры пляменніцы. А сакрэт, прызнаецца педагог, у любові да прафесіі. Гэтаму ж яна вучыць і іншых настаўнікаў:

— Я заўсёды гавару калегам: “Любіце тое, што робіце, і любіце тых, для каго гэта робіце, інакш у вас нічога не атрымаецца”.

Мяркуючы па ўсім, гэты прынцып падтрымліваюць усе педагогі школы. Іх навучэнцы паспяховыя па многіх кірунках. Двое школьнікаў, знаўцаў матэматыкі і беларускай мовы, былі адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Таццяна Кацуба раней была настаўніцай малодшых класаў, цяпер выкладае рускую мову ў 5 класе. Яе навучэнцы выдатна ведаюць прадмет, кожны год вяртаюцца з раённых алімпіяд з перамогамі ці як мінімум дыпломамі II ступені. Ёсць поспехі і на абласных этапах.

— Каб дзеці дасягалі вынікаў, іх трэба зацікавіць заняткамі. Пяцікласнікі веда­юць, што я іх чакаю на заняткі не толькі на працягу тыдня, але і кожную суботу. Зацікаўленасць павінна быць і ў бацькоў, бо, акрамя заняткаў у школе, мае навучэнцы шмат заданняў выконваюць дома. Удзель­нічаем мы і ў анлайн-алімпіядах, разнастайных конкурсах па кірунку “Руская мова”. Выкарыстоўваем не толькі ўрочную сістэму — мы разам рашаем крыжаванкі, рэбусы, камп’ютарныя заданні, — дзеліцца Таццяна Мікалаеўна.

На поспех навучэнцаў быў накіраваны і інавацыйны праект “Укараненне мнагамернага чытання для развіцця функцыянальнай адукаванасці малодшых школьнікаў”, ініцыятарам правядзення якога была Таццяна Кацуба і які завяршыўся ў школе вясной.

— Сутнасць праекта — наву­чыць дзяцей вылучаць інфармацыю з любых крыніц — суцэльных тэкстаў, дыяграм, табліц і інш. Важна тут і навучыцца чытаць хутка, бо інакш дзіця не зможа спраўляцца з заданнямі, а ў выніку пакутуе паспяхо­васць у цэлым. Раней вялікую ўвагу ўдзялялі развіццю тэхнікі чытання, а потым у імкненні выпрацоўваць у дзяцей удумлівае чытанне ад гэтага адышлі. І на мой погляд, дарэмна. Дарэчы, пасля гэтыя каштоўныя метады і прыёмы выкарыстоўвалі на сваіх уроках і настаўнікі іншых прадметаў, — расказвае Таццяна Кацуба.

Што ж да іншых прадметаў, то тут таксама відавочны рух наперад. У 2020 годзе школа была мадэрнізавана, адрамантавана, кабінеты фізікі і хіміі былі цалкам абсталяваны метадычнымі комплексамі. У кожным кабінеце ёсць тэлевізар, Wi-Fi, дзеці карыстаюцца мультыбордамі, інтэр­актыўнымі дошкамі. Для масавых мерапрыемстваў ёсць утульная актавая зала.

У школе дзейнічае клас прафесійнай накіраванасці, які для школы абсталявала ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”. Супрацоўнікі Асіповіцкага філіяла праводзяць тут для 9—11 класаў прафарыентацыйныя заняткі па кірунку газавай прамысловасці.

У мінулым годзе ў школе адкрыўся і інжынерны клас. Як расказала настаўніца інфарматыкі Тамара Іванаўна Шамак, якая пачынала работу ў гэтым класе, праграма навучання аб’ёмная і аб’ядноўвае веды з розных сфер — фізікі, матэматыкі, геаграфіі, біялогіі, хіміі, інфарматыкі. Школьнікі вывучаюць разнастайнасць інжынернай дзейнасці ў галіне архітэктуры і будаўніцтва, машына- і аўтамабілебудавання, транспартных камунікацый, энергетыкі і знаёмяцца з канкрэтнымі прафесіямі ў гэтых кірунках, каб сярод іх выбраць сваю. Прычым калі тэорыю вучні вывучаюць у школе, то на практычныя заняткі ездзяць у БНТУ і іншыя профільныя УВА.

Дарэчы, з прафесіяй яшчэ ў школе вызначыліся і выпускнікі агракласа — сёння яны ўжо студэнты УВА. Педагогі ўпэўнены, што хутка да іх далучацца і будучыя інжынеры.

 Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара