Настаўніца з сярэдняй школы № 3 Асіповіч Ганна Лісіцкая вучыць дзяцей матэматыцы за гульнявым сталом

- 12:02Школьный физмат

Аўтарскія настолкі і вучэбныя карткі дапамагаюць настаўніцы матэматыкі Ганне Лісіцкай зацікавіць любімым прадметам кожнага вучня. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Урок пачынаецца з кабінета

Ганна Аляксандраўна не проста настаўніца матэматыкі, яна магістр фізіка-матэматычных навук. З Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна на малую радзіму вярнулася з мужам-аднакурснікам (Марк Лісіцкі таксама выкладае матэматыку ў гэтай жа школе, у адной паралелі з жонкай). Тут жа настаўніцай англійскай мовы працуе мама маёй суразмоўніцы Алена Леанідаўна Янюк.

Педагагічная дынастыя ў гэтай сям’і ўнушальная — многія пакаленні родных і сваякоў былі настаўнікамі. Таму любоў да прафесіі ў Ганны Аляксандраўны ў генах. Як і імкненне зрабіць навучанне для школьнікаў займальным і цікавым. На гэта накіравана і афармленне яе кабінета, дзе аб’яднаны ўласныя творчыя і прафесійныя знаходкі. Тут няма сумных матэматычных формул на стэндах — затое шмат рознакаляровай інфаграфікі з табліцамі і ілюстраванымі формуламі, з беларускімі архітэктурнымі і прыроднымі славутасцямі, з шэдэўрамі нацыянальнай кухні і мясцовых рамёстваў. За апошнімі партамі стаіць гульнявы стол і шафа з яе аўтарскімі настолкамі. Над дошкай на паўсцяны ланцужок з дошчачкамі-сотамі, на якіх свае малюнкі і надпісы пакідаюць выпускнікі. І ўсюды — у скрыначках, шафах, у стосах, на кольцах у сшытках, на дошцы, на сценах — тысячы картак!

Першапачаткова настаўніца стала распрацоўваць карткі спецыяльна для паўтарэння матэрыялу: кожная змяшчае не толькі тэарэтычнае пытанне, але і заданне (або некалькі) на яго прымяненне. Але з часам іх назначэнне пашыралася, і прымяняцца карткі сталі на любым этапе ўрока. Усе свае карткі настаўніца ламініруе, дзеці пішуць на іх маркерам на воднай аснове, які лёгка сціраецца вільготнай сурвэткай. Так іх можна выкарыстоўваць мноства разоў.

— На кожны клас, на кожную тэму я ствараю падборку такіх картак — гэта “ўніверсальная валюта”, якую можна выкарыстоўваць у рабоце з 5—11 класамі па-рознаму: гуляць з кубікам, выкарыстоўваць падчас здачы залікаў і інш. Тут галоўнае — сістэмнасць. Мае выпускнікі на ЦЭ паказалі самы лепшы вынік у раёне і вышэйшы за абласны па сярэднім бале. Таму я магу лічыць, што мая сістэма дае вынік. Нездарма яны, пакідаючы словы-настаўленні для будучых маіх навучэнцаў, напісалі: “Не бойцеся картак — яны вам дапамогуць у будучыні”, — адзначыла Ганна Аляксандраўна.

Кідай кубік

Ганна Лісіцкая на ўроках часта выкарыстоўвае настольныя гульні. Іх у скарбонцы настаўніцы шмат, і ўсе яны — яе ўласныя распрацоўкі, якія яна стварае з першага дня работы ў школе. 

— Дзеці любяць гуляць, і я гэта выкарыстоўваю на карысць. Вось напрыклад, працуем мы з дробамі і трэба замаца­ваць новую тэму. Я магу даць паўтарыць па пад­ручніку, магу прапанаваць пара­шаць, а магу аформіць паўтарэнне ў выглядзе гульні. Мы кідаем кубік, а замест пытанняў — заданні па тэме. У нас у класе заўсёды ссунуты дзве парты — мы тут збіраемся гуляць і на перапынках. Стараемся матэматычныя гульні рабіць тэматычнымі, прымяркоўваем іх да найбліжэйшых святочных дат. Спаборнічаем паміж сабой, паміж класамі. Дзеці нават пасля ўрокаў застаюцца, каб дарашаць задачку і перамагчы саперніка, — дзеліцца педагог.

Свае матэматычныя баталіі школьнікі разгортваюць і на інтэрактыўнай дошцы. Прычым, як правіла, яны рашаюць жыццёвыя задачы. Напрыклад, выбіра­юць самы практычны турыстычны маршрут, больш выгадны крэдыт і інш. Цікава, што многія задачы настаўніца складае з дзецьмі — пакуль усё вылічыш, складзеш-падзеліш, не толькі тэму асвоіш, але і іншае патлумачыш.

Старшакласнікам жа асвоіць новыя і складаныя тэмы дапаможа гейміфікацыя — уключэнне ў навучанне гульнявых тэхнік. Ганна Лісіцкая тлумачыць:

— Напрыклад, мы з 11 класам рыхтуемся да ЦЭ. Сумна проста даць ім заданні — іх я прадставіла ў выглядзе лабірынта: перад дзецьмі трое дзвярэй, і выбраць кожнаму трэба адны. За кожнымі дзвярыма — сваё заданне. Выканаў яго правільна — адчыняеш наступныя дзверы, калі няправільна — заходзіш у тупік. Цікава назіраць, калі дзеці не толькі заданні выконваюць, але і стараюцца прадумваць маршрут, запамі­наць, куды яны паварочвалі. У выніку званок звініць, а яны яго не чуюць — ім важней адчыніць наступныя дзверы, прайсці да канца лабірынта і не збіцца.

Для мяне самае каштоўнае, калі мае выпускнікі шчыра ўлюбляюцца ў матэматыку, звязваюць з ёй прафесіі, становяцца лепшымі ў сваіх калектывах. Гэта галоўны вынік маёй работы.

Ганна Аляксандраўна запэўнівае, што і старшакласнікі любяць гульні. Яна сёлета выпусціла свой профільны матэматычны 11 клас, матэматыкай з імі яна займалася 6 разоў на тыдзень, але кожную суботу яны прыходзілі да яе на 2 гадзіны… пагуляць. Цікава, што далучаюцца да гульцоў па суботах нават яе выпускнікі.

Педагог стварыла матэматычны каляндар — распрацоўку для падрыхтоўкі да экзаменаў. Яго ідэя ў тым, што дзеці рашаюць па адным заданні ў дзень у дапаўненне да асноўнай падрыхтоўкі. Усе заданні з аўтаправеркай, падыходзяць для самастойных заняткаў. Гэтая распрацоўка стала лепшай на вобласці ў адным з конкурсаў. Ёсць у актыве Г.А.Лісіцкай і гульні-трэнажоры па геаметрыі, анлайн-гульні, крыжаванкі…

Адзін з яркіх яе праектаў — метадычная распрацоўка па матэматыцы для 6 класа “Падарожжа па сямі цудах Беларусі”. Вандроўнік можа сам пралічыць кошт розных маршрутаў, разлічыць выдаткі на дарогу, пражыванне, харчаванне, сувеніры і г.д. Гэты праект увайшоў у лік лепшых беларускіх вучэбных распрацовак па матэматыцы.

У віртуальныя вандроўкі з элементамі прысутнасці юныя матэматыкі адпраўляюцца і ў якасці ўзнагароды за свае веды. Настаўніца выкарыстоўвае сэрвіс інтэрактыўных рабочых сшыткаў: дзеці іх запаўняюць і адразу ж правяраюць з дапамогай QR-кодаў. Тыя, хто справіўся з заданнем, у якасці бонуса атрымліваюць магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа.

Усе свае аўтарскія распрацоўкі Ганна Лісіцкая размяшчае на ўласным сайце, які таксама стварыла сама. На сайце праг­рама для асноўных і дадатковых заняткаў для вучняў з 5 па 11 клас, можна паўтарыць матэрыял з дапамогай дыдактычных гульняў. Рашаючы задачы, ты можаш трапіць у космас, апынуцца ў казцы або пазнаёміцца з героямі мульфільмаў і кінафільмаў. Дарэчы, распрацоўка гэтага сайта прынесла Ганне Лісіцкай перамогу ў рэспубліканскім праекце з міжнародным удзелам “Ствараючы заўтрашні дзень”.

На рахунку Ганны Лісіцкай — перамогі ў абласным конкурсе распрацовак настаўнікаў, у абласных конкурсах “Таленты XXI стагоддзя”, “Патрыёт.bу”, “Тэхна­Інтэлект”, у рэспуб­ліканскім конкурсе інтэрнэт-сайтаў, у міжнароднай анлайн-алімпіядзе “Фоксфард”.Настаўніца часта дзеліцца сваім вопытам з калегамі раёна і вобласці на майстар-класах і семінарах.

Мамін прыклад

Не дзіўна, што ўрокі Ганны Лісіцкай любяць усе навучэнцы. Яны не адседжваюцца, а ўключаюцца ва ўсе актыўнасці.

— Зацікавіць матэматыкай, як і іншым прадметам, можа толькі той, хто ёй сам гарыць. Мае дзеці дакладна ведаюць, што я сур’ёзна рыхтуюся да кожнага ўрока, шукаю разнастайныя формы падачы, што ўсё, што я ім прапаноўваю, я стварыла сама — ад ідэі да афармлення. Яны бачаць маю аддачу і не могуць у адказ заставацца раўнадушнымі, таму адказваюць мне стараннем, — тлумачыць настаўніца і дадае: — Мая мама таксама любіць карткі, яркія ўрокі і г.д., — расказвае педагог. — Ме­навіта яна натхняе мяне шукаць цікавыя формы, матывуе і ўнушае аптымізм. Таму, калі мне старэйшыя калегі гавораць: “Ты ўсім гэтым займаешся, бо яшчэ маладая, бо яшчэ ёсць сілы і час, а пасталееш — закінеш гэтыя гульні”, я не згаджаюся: перада мной доказ адваротнага. Мая мама 38 гадоў працуе ў школе, але ў яе нічуць не менш бляску ў вачах, чым у маладосці: яна стараецца працаваць з дзецьмі цікава, шукаць, прыўносіць новае. Таму я гляджу на яе і пераконваюся — не ад узросту гэта зале­жыць, а ад чалавека. І ад таго, застаешся ты ў прафесіі па звычцы ці табе сапраўды хочацца гэтым жыць.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара