Сучасная ўстанова адукацыі расчыніла дзверы для звыш 800 хлопчыкаў і дзяўчынак, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Свята адкрыцця школы разам з дзецьмі, педагогамі і бацькамі падзялілі ганаровыя госці. Сярод іх — міністр адукацыі Андрэй Іванец. На ўрачыстай лінейцы яны звярнуліся да прысутных з віншаваннямі, уручылі патрэбныя падарункі. Неаднаразова гаварылася пра ўнікальнасць новай навучальнай установы: для мясцовых жыхароў яна павінна стаць своеасаблівым сацыяльна-культурным цэнтрам.
Як заўважыў міністр адукацыі, сёння ў рэспубліцы адукацыйнай галіне ўдзяляецца павышаная ўвага на самым высокім узроўні. Рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. З пачатку гэтай пяцігодкі пабудавана ўжо звыш 70 дзіцячых садоў і звыш 20 сярэдніх школ.
— Адукацыя — падмурак нацыі. Гэта заўсёды падкрэслівае Прэзідэнт. Установы адукацыі — не проста цэнтр ведаў, а фактычна другі дом для навучэнцаў. Перад педагогамі зараз стаяць сур’ёзныя і важныя задачы. Але ўпэўнены, што прафесійнае майстэрства настаўнікаў і іх адданасць сваёй справе дазволяць не толькі падрыхтаваць дзяцей для будучага жыцця, але і выхаваць дастойных грамадзян і патрыётаў нашай краіны, — адзначыў Андрэй Іванец.
Сярэдняя школа № 5 пабудавана ў маладым мікрараёне горада. Тут інтэнсіўнымі тэмпамі ідзе жыллёвая забудова. Навасёлы — у асноўным сем’і з дзецьмі. З’яўленне навучальнай установы стала для іх сапраўдным падарункам.
— Новая школа ўяўляе сабой шматфункцыянальны вучэбны комплекс. Чатырохпавярховы будынак падзелены на тры блокі. У першым размешчаны дзіцячы сад і пачатковыя класы, у другім — навучэнцы сярэдняга звяна, у трэцім — старшакласнікі. Установа разлічана на 955 дзяцей, зараз яе ўжо наведваюць 75 дашкольнікаў і 734 навучэнцы. Увядзенне школы ў эксплуатацыю дазволіла цалкам вырашыць пытанне з адменай двухзменнасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Цяпер усе вучні будуць займацца ў адну змену, а ў другой палове дня — адпачываць і наведваць гурткі, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Ірына Сяргейчык.
Дарэчы, умовы для ахопу дзяцей дадатковай адукацыяй прадугледжаны непасрэдна ў школе. У будынку ёсць гімнастычная, трэнажорная, харэаграфічная залы і зала вольнай барацьбы, асобныя кабінеты для заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах, вялікая бібліятэка. На прылеглай тэрыторыі — стадыён, пляцоўкі для гульнявых відаў спорту, бегавыя дарожкі, тэнісны корт.
— Наогул, у школе ёсць усё неабходнае для гарманічнага і ўсебаковага развіцця дзяцей. Вучэбныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі аснашчаны лабаранцкімі з перадавым абсталяваннем. Лінгафонныя кабінеты і класы інфарматыкі таксама ўкамплектаваны па апошнім слове тэхнікі. Для прафесійнай арыентацыі дзейнічаюць шматлікія майстэрні. Улічаны і інклюзіўныя моманты для навучання дзяцей з АПФР. Значна, што ўстанове прысвоена імя Фёдара Андрэевіча Крыловіча, партызана Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнца Асіповіч. Асоба героя будзе арыенцірам у выхаваўчай рабоце з вучнямі, — расказала Ірына Мікалаеўна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота БелТА