Канструктыўная гутарка. Што абмяркоўвалі на калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама

- 12:07Новости

Магчымасці для павышэння якасці дашкольнай адукацыі, эфектыўнасць выхаваўчай работы, арганізацыя харчавання ў навучальных установах. Гэтыя і шэраг іншых актуальных пытанняў былі ў цэнтры ўвагі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства сабрала начальнікаў аддзелаў па адукацыі гар(рай)выканкамаў, дырэктараў устаноў адукацыі абласнога падпарадкавання. Сумесна кіраўнікі адукацыйнай сферы шукалі шляхі паляпшэння працы па розных напрамках.

Сёння ў вобласці функцыянуюць 466 устаноў названага профілю з агульным ахопам звыш 35 тысяч выхаванцаў. Усюды забяспечваецца варыятыўнасць адукацыйных паслуг, арыентаванасць на індывідуальнасць дзіцяці і патрэбы сям’і. Увага ўдзяляецца даступнасці, вядзецца рэгулярнае будаўніцтва дзіцячых садоў.

— Абнаўляецца матэрыяльная база, павышаецца аснашчанасць неабходнымі сродкамі навучання і выхавання. Бесперапынна адбываецца рост прафесійнага ўзроўню выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, большасць з іх маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю. Стабільна нізкім застаецца паказчык па колькасці дзён, прапушчаных дзецьмі па хваробе. У цэлым функцыянаванне ўстаноў наладжана доб­ра, але працаваць яшчэ ёсць над чым, — паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Багноўская.

Абмеркавалі і арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі. З верасня бягучага года ва ўсіх школах рэгіёна яно наладжана па новых прынцыпах. Прадугледжаны дзень беларускай кухні, у рацыёны ўключаны нацыянальныя стравы, рэцэпты з інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт Міністэрства адукацыі, у меню ёсць варыянты салатаў і соусаў. Шмат чаго зроблена па мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэнні харчаблокаў.

— Укараненне гэтых падыходаў дазволіла задаволіць смакавыя перавагі дзяцей і істотна павялічыць працэнт ахопу гарачым харчаваннем сярод вучняў 5—11 класаў, — расказала інжынер-тэхнолаг Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Алена Каваленка.

У ходзе пасяджэння гаварылі і пра выхаваўчую работу, ахову правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыку безнагляднасці, злачынствы і правапарушэнні сярод навучэнцаў, падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да асенне-зімовага перыяду.

— Рэсурсы для ўдасканалення работы ў нас ёсць. Неабходна выразна вызначаць задачы і накіроўваць усе рэзервы на іх выкананне. Аб’ядноўваць намаганні, разам ісці ў адзіным кірунку. Толькі такім чынам мэты атрымаецца ператварыць у рэчаіснасць, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Анд­рэй Заблоцкі.

Завяршылася пасяджэнне калегіі прыемным момантам. За добрасумленную працу шэраг кіраўнікоў і педагогаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі