ХІІ Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў сёлета прайшоў пад дэвізам “Якасць — гэта пункт адліку, а не пункт прызначэння” і сабраў творчых, крэатыўных, натхнёных педагогаў, гатовых дзяліцца сваімі знаходкамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Фестываль быў арганізаваны на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”. У ім прынялі ўдзел 12 каманд — 115 маладых педагогаў са стажам работы да 3 гадоў з усіх адміністрацыйных раёнаў сталіцы, а таксама Санкт-Пецярбурга і Сочы.
Па словах начальніка цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі МГІРА Людмілы Венцаравай, фестываль накіраваны на прапаганду сучасных адукацыйных практык і папулярызацыю інавацыйных педагагічных ідэй, адкрытасць прафесійных зносін, стымуляванне творчай ініцыятывы моладзі, выяўленне таленавітых маладых педагогаў, здольных да актыўнай дзейнасці ў прафесійных педагагічных суполках. Ён ужо 12-ы раз збірае маладых і вопытных педагогаў. Кожны наступны фестываль адрозніваецца ад папярэдняга. Вось і сёлета ён меў свае адметныя асаблівасці.
Урачыстае адкрыццё фестывалю “С новоГО СТарта” адбылося ў сярэдняй школе № 32 Мінска. Маладых педагогаў віталі старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза Ларыса Волкава.
— Сёння сапраўды хвалююча стаяць на гэтай сцэне, таму што, паглядзеўшы ў залу, разумееш, як многа маладосці і энергіі сканцэнтравана ў адным месцы, — адзначыла старшыня камітэта па адукацыі Марына Ільіна. — Я дзякую вопытным педагогам, якія будуць праводзіць майстар-класы, дыскусійныя пляцоўкі, за тое, што ў сваім шчыльным працоўным графіку яны знайшлі магчымасць і выказалі жаданне падзяліцца вопытам са сваімі маладымі калегамі. Упэўнена, што гэтыя фестывальныя дні пакінуць у маладых педагогаў успаміны пра тое, як за такі кароткі час яны змаглі згуртавацца, узбагаціцца новымі ідэямі і, магчыма, знайсці тую агульную ідэю, якую змогуць пасля фестывалю рэалізаваць у сваёй рабоце.
Для цырымоніі адкрыцця фестывалю каманды-ўдзельніцы падрыхтавалі творчыя выступленні на тэму “Мы пачынаем фестываль!”. Гэтае яркае і запамінальнае дзейства не пакінула абыякавым нікога ў зале.
— Паколькі цэнтральнай тэмай фестывалю з’яўляецца якасць, на працягу трох фестывальных дзён дзейнічаў цэнтр кіравання якасцю, у склад якога ўваходзіла 6 бюро: адпаведнасці, стандартызацыі, эфектыўнасці, кантролю, выніковасці і сертыфікацыі. Усе ўдзельнікі фестывалю размеркаваліся па іх. А паколькі ні адна ўстанова не можа працаваць без дасведчанага кіраўніцтва, на адкрыцці фестывалю кожнаму бюро прадставілі кіраўніка, партнёра. Імі сталі члены клуба настаўнікаў Мінска “Вялікі перапынак”, якім на сцэне ўручылі праектнае заданне. Вынікі выканання гэтых заданняў былі прадстаўлены на закрыцці фестывалю: члены кожнага бюро прадэманстравалі, як яны выраслі ў прафесійным плане за час, праведзены на фестывалі. Таксама на адкрыцці была запушчана акцыя “Усмешка фестывалю”, — расказала начальнік упраўлення каардынацыі конкурснага руху і адукацыйных ініцыятыў МГІРА Ала Міхеева.
Цікавая і насычаная трохдзённая праграма была падрыхтавана арганізатарамі фестывалю для яго ўдзельнікаў. На трэнінгу “Сіла каманды — у кожным з нас!” маладыя педагогі асвойвалі сакрэты каманднай работы, вучыліся разумець і падтрымліваць адно аднаго. Батл прафесіяналаў “УчИИтель vs учитель. Искусственный интеллект на страже качественного образования?..” правялі педагогі сярэдняй школы № 111 імя Міхаіла Каснерыка настаўніца пачатковых класаў кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Інга Ціханавецкая і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікалай Курыловіч. Мерапрыемства стала пляцоўкай для дыскусій аб будучыні адукацыі і ролі тэхналогій у працэсе навучання. На ім педагогі абмяркоўвалі, як штучны інтэлект уплывае на адукацыйны працэс, і дзяліліся ідэямі, як прымяняць яго ў сваёй рабоце.
У школе для дарослых “Увасабленне якасці ў кожнай дэталі” ўрокі правялі педагогі, пераможцы рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў: Інеса Зубрыліна, Любоў Сардалішвілі, Іван Якіменка, Вера Сячкова, Вольга Лагунова, Аляксандра Сакулевіч.
Як пабудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з навучэнцамі ў сучаснай адукацыйнай прасторы, маладыя педагогі даведаліся на лекцыі выкладчыкаў Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Л.М.Талстога на тэму “Арганізацыя ўзаемадзеяння педагога з навучэнцам як з сеткавай асобай”.
Яркія эмоцыі і незабыўныя ўражанні пакінула ў моладзі спартыўная і культурна-забаўляльная праграма. Дынамічная інтэрактыўная круцёлка “Мабільным бывае не толькі тэлефон!”, якую правёў педагог-арганізатар сярэдняй школы № 62 Мінска Сяргей Хвайніцкі, падарыла педагогам магчымасць паўдзельнічаць у рухавых гульнях і зарадзіцца пазітывам. Удзел у карагодна-гульнявой праграме “Вячоркі з сябрамі” і ГОСТрафэсце “Беларуская кухня” даў магчымасць паглыбіцца ў культуру і традыцыі Беларусі. А інтэлектуальная гульня “Фітнес для мозгу” стала выдатным спосабам падзарадкі сваіх разумовых сіл.
На закрыцці мерапрыемства 6 фестывальных бюро падрыхтавалі творчыя камандныя справаздачы па праектных заданнях. Выступленні педагогаў атрымаліся крэатыўнымі і запамінальнымі.
Па водзывах удзельнікаў фестывалю, яны зарадзіліся энергіяй і пазітывам на ўвесь наступны год, атрымалі не толькі новыя веды, ідэі і вопыт, але і выдатны настрой. А яшчэ фестываль яскрава прадэманстраваў, як згуртоўвае моладзь і дае штуршок для яе прафесійнага росту.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара