У 1970 годзе, калі я працавала настаўніцай у вёсцы Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна, завітаў да нас у васьмігадовую школу мясцовы ляснічы і папрасіў дырэктара накіраваць старэйшых вучняў на пасадку лесу на пустэчы.
На тым месцы культурныя расліны ўраджаю не давалі, а лес, як меркавалася, будзе расці і радаваць вока, даваць кісларод для дыхання, ягады і грыбы для харчавання. Адным словам, пасадка лесу — справа карысная.
Сяляне якраз працавалі ў полі: трэба было ўраджай сабраць… Дырэктар школы Павел Паўлавіч Зязюлін сказаў ляснічаму, што ў старшым класе ёсць кіраўнік і без яго гэтае пытанне не вырашыцца. Выслухаўшы спецыялістаў, я прапанавала садзіць лес не ў вучэбны час (прапускаць урокі нельга, праграму трэба выконваць), а ў нядзелю. Так і вырашылі.
Дзеці любяць незвычайныя справы, асабліва вясковыя вучні. Яны і іх бацькі прывыклі працаваць на зямлі. Першыя крокі жыцця — на зямельцы, якая дае цяпло і моц. Не дзіўна, што мае навучэнцы і іх бацькі ахвотна пагадзіліся заняцца пасадкай лесу.
…Прыбыўшы на месца працы, сталі аглядаць пагорак, які колерам адрозніваўся ад поля. Наўкола зелянела кукуруза, а ён, гаротнік, нейкі жаўтлявы быў, з пажоўклай травой, быццам з іншай планеты. Прыгледзеўшыся, заўважылі драўляныя тычкі. Ляснічы Алесь Мікалаевіч удакладніў, што гэта разметка для радоў будучага лесу.
У кошыках чакала расада сосен. Кволыя парасткі туліліся адзін да аднаго. Хутка яны атрымаюць сваё месца ў радках, свой домік. Правёўшы інструктаж, ляснічы паказаў, як трэба садзіць расліны. Прылада для працы была падобна на рыдлёўку, але лязо — прамавугольнай формы, завостранае знізу. Рабілася месца для расліны, даўгаваты карэньчык устаўляўся ў расколіну ямкі і далікатна заграбаўся зямлёй.
Работа пайшла актыўна.
Падышла да Петрыка, кажу: “Можа, стаміўся? Магу цябе падмяніць”. А ён у адказ: “Ну што вы, я ж мужчына!” Дзеці самі паміж сабой размеркавалі работу. Дзяўчаткі бралі парасткі, далікатна ўтыкалі іх у зробленыя хлопчыкамі расколіны. А хто быў свабаднейшы, прыграбаў парасткі зямлёй і прытупваў акуратна ножкай.
Ужо бачны былі радочкі пасаджаных сасновых дзетак. Бацькі правяралі работу дзяцей, дзе-нідзе папраўлялі, падмянялі тых, хто стаміўся.
Здавалася, што нябачны анёл апусціўся на наш пагорак. Я ўжо бачыла гэты сасоннік зялёным і думала над тым, як назваць лясок. Але дзеці самі гэта зробяць!
Алесь Мікалаевіч падышоў да мяне і сказаў: “Малайцы!” А болей слоў пра работу класа і не патрэбна. Працы заставалася яшчэ на адзін ці два такія дэсанты. Ды ў нас ужо ёсць вопыт — зробім!
Не сказаць, што мы зусім не стаміліся. Але гэтая стома была нейкай асаблівай радасцю ад добра зробленай справы. Ляснічы падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў і дапамагаў аздобіць кавалачак беларускай зямлі. Расціце, сасонкі, мы будзем вас наведваць і пасадзім цэлы лясок! Наш лес! Здаецца, і назва ляска гучная, бо сама прыйшла.
Збіраючыся дадому, нагадала вучням, што заняткі і дамашнія заданні ніхто не адмяняў, а пра наступны дэсант будзе сказана пазней. “Папрасіце сясцёр і братоў, бацькоў і дзядуляў крыху дапамагчы Нашаму лесу. Набірайцеся моцы, мае даражэнькія, перад работай! Гуртам і кашу добра есці”, — звярнулася я да дзяцей.
У панядзелак усе вучні прыйшлі на ўрокі. Твары іх свяціліся. Нейкая дабрыня і павага панавалі ў класе. Я адчула, што гэта і ёсць калектыўнае пачуццё адказнасці кожнага за ўсіх. Дзеці чакалі наступнай нядзелі, каб не пагуляць, а папрацаваць. Адпачываць будзем зімой на каньках і санках.
Другі дэсант атрымаўся больш зладжаны, бо ўжо быў вопыт. Цікава было назіраць, як і сталыя вяскоўцы падыходзілі і стараліся дапамагчы падлеткам. Пустога месца заставалася мала. У гэты момант сонца схавалася за хмарку, пайшоў дождж. На радасць пасаджаным сасонкам і працаўнікам. Вада абмыла новыя домікі дрэў і благаславіла іх на жыццё ў новым месцы.
Трэці дэсант падвёў вынікі нашай працы. Дасадзілі астатні кавалак пустэчы. Прайшліся і праверылі, ці ўсе расліны прыжыліся. Да некаторых падсадзілі сястрычак, каб было ім весялей.
“Як назавём гэтае месца?” — звярнулася я да вучняў. А што тут думаць — дзеці прапанавалі: “Наш лес”.
Мае вучні выраслі і разышліся, раз’ехаліся. Абставіны жыцця пазвалі мяне ў сталіцу. Але калі еду наведаць родных, то першы прыпынак раблю ў Нашым лесе. Шуміць і зелянее Наш лес. І я зноў апынаюся ў сваёй маладосці — у дарагім і любым сэрцу куточку.
Калектыў Баравікоўскай сярэдняй школы падчас удзелу ў акцыі “Дай лесу новае жыццё!”
Сёлета з 12 кастрычніка па 12 лістапада ў краіне праходзіла рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё!”. Актыўны ўдзел у ёй прынялі прадстаўнікі сістэмы адукацыі. Сярод больш як 76 тысяч добраахвотнікаў, якія высадзілі каля 34 млн сеянцаў (у асноўным сасны і бярозы), былі настаўнікі і вучні, выкладчыкі, навучэнцы і студэнты, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, абласных і раённых упраўленняў і аддзелаў адукацыі. Дзякуючы іх дапамозе, адноўлена каля 5 тысяч гектараў лесасек, пашкоджаных падчас урагану летам гэтага года.
Марыя ШЫМУК,
ветэран педагагічнай працы