Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Шчучына Таццяна Бадзюкова складае аўтарскія гульні, узначальвае раённы інтэлектуальны клуб “Мудры шчупак” і дае майстар-класы для педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Інтэлектуальны рух сярод школьнікаў Шчучыншчыны з кожным годам толькі мацнее, а колькасць каманд не змяншаецца. Больш як 10 гадоў існуе інтэлектуальны клуб “Мудры шчупак”, якім сёння кіруе Таццяна Чаславаўна. Сама педагог 17 гадоў захапляецца рухам, які з хобі перарос у сур’ёзную справу. Яе аўтарскія гульні выкарыстоўваюць настаўнікі іншых школ раёна і ўсёй Гродзенскай вобласці.
У кастрычніку 2024 года Таццяна Бадзюкова чарговы раз дзялілася вопытам з калегамі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У рамках работы абласной школы ўдасканалення прафесійнага майстэрства “Ад майстэрства настаўніка да поспеху навучэнца: развіццё навучэнцаў сродкамі вучэбных прадметаў” яна правяла інтэлектуальную гульню для педагогаў-прадметнікаў “Нясумная эканомія і эканоміка”. У апошнія гады такія майстар-класы для педагогаў праводзяцца даволі часта, што, па словах Т.Ч.Бадзюковай, дазваляе нясумна і цікава данесці інфармацыю да педагогаў, якая ў сваю чаргу з’яўляецца гатовым матэрыялам для выкарыстання ў рабоце з навучэнцамі.
— Мяне радуе, што школьнікі хочуць гуляць, імкнуцца многа ведаць і быць інтэлектуальна развітымі людзьмі, — падзялілася думкамі Таццяна Чаславаўна. — А пачалося ўсё з аднаго цікавага класа, дзеці былі дапытлівыя, і іх трэба было нечым заняць. Лагічна ўсё вылілася ў тое, што мы пачалі гуляць у інтэлектуальныя гульні. Наша школьнае захапленне перарасло ў раённы клуб “Мудры шчупак”, які сёння аб’ядноўвае больш за два дзясяткі каманд. Праводзім 4—5 гульняў у сезон, а таксама школьныя турніры. А такія турніры заўсёды ўспрымаюцца на ўра, бо дзецям гэта падабаецца. Гульня ў камандзе патрабуе адказнасці не толькі за сябе, пры гэтым кожны адчувае плячо сябра.
Інтэлектуальны клуб “Мудры шчупак” з’яўляецца членам Беларускай лігі інтэлектуальных каманд. Моцныя каманды выходзяць на больш высокі ўзровень, удзельнічаюць у гульнях у рамках вобласці і рэспублікі, а іншыя каманды гуляюць у школе і набіраюцца вопыту. Розныя і фарматы гульняў. У апошні час дзецям вельмі падабаецца фармат мазгабойні з элементамі гульні і шоу.
— Такія гульні развіваюць многія якасці дзіцяці, — упэўнена Т.Ч.Бадзюкова — Па-першае, інтэлект. Не заўсёды выдатнік будзе самым лепшым гульцом у камандзе. Магчыма, лепшым стане той, у каго нестандартнае мысленне. А звычайна такое мысленне у дзяцей, якія, як кажуць, не ў школьным фармаце. Сядзіць моўчкі, не праяўляе ініцыятывы, а калі пачынаеш з яго гэтую “шкарлупіну” знімаць, аказваецца, там жэмчуг. Развіваюцца камунікатыўныя навыкі, каманднае ўзаемадзеянне і пачуццё адказнасці, таму што ты адказваеш за тое, што сказаў. Мне падабаецца міксаваць каманды, каб яны былі не пастаяннымі, а мянялі склад. У нашым школьным клубе дзеці рознаўзроставыя, і я не дзялю заняткі на старшакласнікаў і малодшых, стараюся іх аб’яднаць. Асабліва гэта каштоўна для маленькіх, яны знаёмяцца са старшымі дзецьмі, маюць з імі зносіны на роўных, і ім гэта вельмі важна. Старшакласнікам, у сваю чаргу, падабаецца пачуццё настаўніцтва.
Гульня — вельмі ёмістае паняцце, якое ўключае ў сябе не толькі забаўку. У яе можна закласці вельмі шмат і нават падаць навучанне. Часта мы праводзім тэматычныя гульні, напрыклад, па хіміі, біялогіі, геаграфіі, гісторыі, а таксама квесты па горадзе. Разабрацца ў тонкасцях розных навук з задавальненнем дапамагаюць калегі. У плане патрыятычнага выхавання школьнікаў добра выкарыстоўваць такія гульні, як “Мая Беларусь”, “Культура Беларусі”, “Вядомыя людзі Беларусі”. На багатым гістарычным матэрыяле можна прыгожа і ёміста пабудаваць пытанні. Дзецям гэта падабаецца, а інфармацыя, безумоўна, застаецца ў памяці, вобразы лепш запамінаюцца, — расказала Таццяна Чаславаўна.
Хутка важнай падзеяй стане шчучынскі раённы інтэлектуальны турнір “Беларусь мой выбар”, прысвечаны выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тэматычныя пытанні па выбарчым праве, гісторыі Беларусі адрасаваны навучэнцам 7—11 класаў.
Як адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько, інтэлектуальны рух мае стабільнае развіццё. Дзякуючы захопленым гэтай справай педагогам, у гульнях прымаюць удзел навучэнцы не толькі сярэдняй школы № 1 Шчучына, але і сярэдніх школ № 2, № 3, іншых устаноў адукацыі. Турніры праходзяць пад эгідай раённага камітэта БРСМ.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара