У Гродзенскім раёне дашкольнікаў знаёмяць з аграрнымі прафесіямі

- 11:02Образование

Як яблычны сок трапляе на стол? Ці складана даглядаць буякі? Як клапаціцца аб цялятах? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні выхаванцы дзіцячых садоў аграгарадкоў Квасоўка, Парэчча і Абухава Гродзенскага раёна атрымліваюць з першых вуснаў ад спецыялістаў-аграрыяў. У гэтых установах рэалізуюцца прафарыентацыйныя адукацыйныя праекты. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Для таго каб прафесійнае самавызначэнне дзіцяці праходзіла свядома і паспяхова, яшчэ ў дашкольным узросце ў яго павінны скласціся яркія ўражанні аб разнастайных прафесіях, а таксама вопыт зносін з іх носьбітамі, — адзначыла Святлана Абрамчык, начальнік аддзела дашкольнай, спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога ІРА. — Дзеці ў 5—6 гадоў ужо могуць самі расказаць пра прафесіі супрацоўнікаў дзіцячага сада, пра тое, кім працуюць іх бацькі. Менавіта ў гэтым узросце іх трэба азнаёміць з больш аддаленым колам прафесій і прадпрыемствамі, якія знаходзяцца ў мясцовасці, дзе жывуць дзеці. 

У Гродзенскім раёне большасць дзіцячых садоў размешчаны ў сельскай мясцовасці. Для іх актуальная тэма знаёмства з прафесіямі сельскай гаспадаркі. Так, у дзіцячым садзе аграгарадка Абухава рэалізуецца адукацыйны праект “Прафесія жывёлавод”. Выхавальнікі і бацькі выхаванцаў імкнуцца сфарміраваць у іх уяўленні аб прафесіях людзей, якія працуюць на ферме. Разам з дзецьмі яны пабывалі на малочнатаварнай ферме сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя І.П.Сянько, дзе пазнаёміліся з аператарамі машыннага даення, жывёлаводамі, ветэрынарамі, механізатарамі, паназіралі за іх работай і прыстасаваннямі, якімі карыстаюцца спецыялісты. Малыя задавалі шмат пытанняў і цяпер ведаюць, што такое кароўнік, цялятнік, як трэба клапаціцца пра жывёл. Нават крыху папрацавалі: кармілі і паілі цялят, наводзілі парадак. Свае ўражанні дзеці адлюстроўвалі ў малюнках, гульнях, разам з педагогамі майстравалі макет фермы.

Выхаванцы старшай групы дзіцячага сада аграгарадка Парэчча знаёміліся з прафесіяй садоўніка, наведвалі філіял падшэфнага прадпрыемства “Парэчанка” ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”. Цяпер яны ведаюць, што значыць фермерская гаспадарка і гадавальнік, як правільна са­дзіць расліны і даглядаць іх, збіраць і захоўваць ураджай, якая для гэтага выкарыстоўваецца садовая тэхніка і інструменты. Дзеці аказалі дапамогу ў доглядзе кустоў буякоў, даведаліся пра ўмовы росту і размнажэння (чаранкаванне) ягады, як паліваць, угной­ваць, змагацца са шкоднікамі і хваробамі. Свае веды выхаванцы замацоўвалі ў дзіцячым садзе і дома. Педагогі і бацькі вырабілі тэматычныя лэпбукі, кніжкі-малышкі, настольныя гульні, дапаможнік “Шлях ягадак буякоў”, макет “Збор буякоў. Парэчанка”. Падчас гульняў дзеці з дапамогай лялек-садаводаў збіраюць ягадкі і раскладваюць іх у скрыні для захоўвання, вядуць кропельны паліў, падсыпаюць кусцікі пілавіннем. Цяпер яны разумеюць, што для садоўніка важныя такія якасці, як уважлі­васць, цярпенне, адказ­насць, дысцыплінаванасць.

“Як “Свежадар” на стол прыхо­дзіць” — адукацыйны праект дзіцячага сада аграгарадка Квасоўка па фарміраванні ўяўлення аб прафесіях людзей, якія вырошчваюць і перапрацоўваюць садавіну і ягады. Наведваючы фруктовы сад вытворчага кааператыва імя В.І.Крэмко, малыя назіраюць за пасадкай саджанцаў яблынь і самі ўдзельнічаюць у гэтай справе, а таксама дапамагаюць збіраць ураджай. Дзецям цікава даведацца, куды вязуць скрыні з сабранымі яблыкамі. Спецыялісты заўсёды рады запрасіць іх на сховішча садавіны і агародніны “Надзея” і ў цэх па перапрацоўцы садавіннаагародніннай і ягаднай сыравіны, дзе можна паназіраць за працэсам адціску, фільтрацыі і пастэрызацыі яблычнага соку. Сваімі ўражаннямі ад наведвання прадпрыемства выхаванцы дзеляцца падчас сюжэтна-ролевых гульняў і ў творчай дзейнасці.

 Надзея ЦЕРАХАВА