Шлях да вялікіх перамог. Аўтарская методыка педагога-псіхолага Таццяны Говар

- 17:06Новости, Психолог в школе

Не сакрэт, што з кожным годам у сучасных дзяцей зніжаецца матывацыя да навучання ў школе. Асабліва гэта актуальна ў падлеткавым узросце. Хаця ў 1 класе ўсё было наадварот.

Асабісты поспех

Звычайна першакласнікі шчыра хо­чуць вучыцца, ім цікава авалодваць новымі ўменнямі і ведамі. Малодшы школьны ўзрост — час, калі патрэба ў пазнанні натуральная. Але, назапасіўшы вопыт шматлікіх няўдач, да канца пачатковай школы вучні проста пачынаюць за вадой плысці, не асабліва прыкладаючы намаганні да навучання. Частае пытанне дзяцей “Навошта мне вучыць той ці іншы прадмет, калі ён мне не спатрэбіцца ў жыцці?”. І праўда, навошта? Навошта наогул вучыцца ў школе? Можна ж проста ляжаць на канапе і глядзець пазнавальныя ролікі на YouTube.

Сучасным дзецям трэба растлума­чыць, навошта людзям веды. Час ад часу педагогам важна ўзнімаць гэтую тэму, абмяркоўваць, у чым карысць той інфармацыі, якую дзеці атрымліваюць у школе. Для таго каб дзіця было гатова вучыць сумныя і незразумелыя прадметы, у яго павінна быць сфарміравана ўнутраная матывацыя да навучання. Навошта мне гэта патрэбна? Як я магу гэтыя веды выкарыстаць? Тут на дапамогу могуць прыйсці захапленні дзяцей.

Дапусцім, непаспяваючы вучань лю­біць гуляць у камп’ютарную  гульню “Сталкер”. Давайце паглядзім, як гэта можна выкарыстоўваць у развіцці вучэбнай матывацыі.

— Ты хочаш быць сталкерам?

— Так.

— А хто такія сталкеры?

— Сталкер — гэта чалавек, які займаецца даследаваннем небяспечных радыяцыйна забруджаных зон. Ён шукае там якія-небудзь каштоўныя матэрыялы для даследавання — артэфакты. Ён вельмі смелы, назіральны, павінен добра ведаць мясцовасць.

— Якімі ведамі трэба валодаць чалавеку, каб стаць сталкерам?

— Я думаю, ён павінен добра ведаць геаграфію, каб не заблукаць у незнаёмай мясцовасці. Магчыма, хімію і фізіку, а таксама біялогію, каб разумець, якія расліны можна ўжываць у ежу, а якія не.

— Як ты думаеш, каб стаць сталкерам, чалавек павінен навучыцца пераадольваць цяжкасці?

— Так. Ім жа даводзіцца бываць у небяспечных зонах, дзе ўсякае можа здарыцца.

— Сталкерамі адразу становяцца ці доўга трэніруюцца?

— Я думаю, што ім даводзіцца доўга трэніравацца і многае вывучаць.

— А калі цяжка ці нецікава, яны кідаюць сваю справу ці ўсё ж прыкладаюць намаганні і даводзяць яе да канца?

— Не. Яны вяртаюцца зноў і зноў да таго, што неабходна выканаць, таму дасягаюць поспеху.

— Што зараз табе неабходна зрабіць, каб стаць сталкерам?

— Я думаю, што мне трэба вывучаць школьныя прадметы і трэніравацца.

Праблемная сітуацыя прымушае дзяцей усвядоміць, што наяўных ведаў недастаткова. Гэта важны момант для развіцця вучэбнай матывацыі. Стварайце сітуацыі, калі наяўных у дзяцей ведаў не хопіць для таго, каб выканаць заданне. Тады ім давядзецца самім спрабаваць новыя спосабы дзеянняў, разважаць над спецыфічным прымяненнем наяўных ведаў, знаходзіць межы таго, з чым яны могуць справіцца, а з чым яшчэ не. У гэты момант яны пачынаюць імкнуцца да пошуку новых ведаў і ўменняў — гэта адна з самых галоўных умоў развіцця ўнутранай матывацыі да навучання.

Слана лепш есці па частках

Каб дапамагчы дзецям вучыцца свядома і адказна, важна ўстанавіць сувязь паміж мэтай вучобы і тым, што падахвочвае вучыцца, суадносіць мэты, дасягнутыя вынікі, разумець сувязь паміж мэтай навучання і яе значэннем для самога дзіцяці. У гэтым можа дапамагчы выбар будучай прафесіі.

Дзіця ацэньвае сябе як вучань, вызначае свае моцныя і слабыя бакі, усведамляе ўласныя магчымасці і абмежаванні. Паступова ў яго павінна ўзнікнуць здольнасць да адэкватнай і дыферэнцыраванай самаацэнкі.

Непаспяховым вучням важна дапамагчы знайсці свой шлях да мэты, дзе кожны новы крок — гэта магчымасць адсвяткаваць свае дасягненні, абдумаць далейшыя крокі і настроіцца на поспех. Заахвочваючы нават нязначныя дасягненні, мы можам стымуляваць акадэмічную паспяховасць. Радасць маленькіх перамог — гэта шлях да вялікіх поспехаў. Для гэтай мэты можна выкарыстоўваць практыкаванне “Лесвіца поспеху”. Яно дапамагае вучням ставіць мэты і дасягаць іх. Як гэта працуе?

  1. Папрасіце вучня намаляваць лесвіцу з доўгатэрміновай мэтай на вяршыні (топ-мэта). Напрыклад, хачу павысіць на два балы адзнаку па гісторыі за гэты навучальны год. Было пяць балаў, а хачу сем.
  2. На наступнай прыступцы вучань піша мэту, якая павінна быць ажыццёўлена, каб галоўная мэта была рэалізавана. Дапусцім, скончыць трэцюю чвэрць на сем балаў. І так, уніз па лесвіцы, ствараецца план дасягнення сваёй галоўнай мэты. Вучань прыходзіць да таго, што ўжо зараз трэба зрабіць, каб атрымаць запланаваны вынік. Так дзіця бачыць, што любая мэта складаецца з простых крокаў. Слана лепш есці па частках. Таму што часам мэта можа выглядаць цяжкадасягальнай. Вывучыць адзін параграф і адказаць на сем балаў не так страшна. Атрымаўшы першы поспех, вучань атрымлівае порцыю дафаміну — гармону, які дае пачуццё радасці і поспеху. А гэта будзе стымуляваць новыя перамогі.

Мэты могуць быць рознымі: скончыць чвэрць без двоек, навучыцца пісаць без памылак і г.д. Гэтую методыку можна адаптаваць да кожнага вучня, але для гэтага трэба цярпенне і настойлівасць. Вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць. Кожны тыдзень правярайце, як адбываецца рух па лесвіцы. Такая прадукцыйная работа з настаўнікам стымулюе не менш, чым сам поспех. Вядома, гэта трэба захацець рабіць.

Па дарозе да перамогі на алімпіядзе

А як угаварыць вучня ахвяраваць сваім вольным часам дзеля перамогі ў алімпія­дзе. Я звычайна дапамагаю дзецям вызначыць іх асабістыя мэты для ўдзелу ў алімпіядах, гэта значыць перавесці знешнюю матывацыю ва ўнутраную.

Калі чалавек выбірае мэту, мала проста горача жадаць дасягнуць яе. Трэба яшчэ быць цалкам упэўненым, што ў цябе ёсць усе магчымасці для яе дасягнення. У працэсе выбару мэты неабходна правесці дэталёвы аналіз усёй сваёй папярэдняй дзейнасці, узважыць моцныя і слабыя бакі, вызна­чыць зыходны ўзровень падрыхтаванасці вучня. Толькі такі строгі і самакрытычны аналіз дазволіць стварыць план дзеянняў, які бу­дзе рэальным, а не застанецца толькі на паперы бясплодным адлюстраваннем мары.

“Па дарозе да перамогі на алімпія­дзе” — гэта мая аўтарская методыка. Дзялюся ёй з чытачамі “Настаўніцкай газеты”.

Алгарытм.

  1. Ты будзеш удзельнічаць у абласной алімпіядзе па прадмеце . Якая ў цябе мэта? Чаго ты хочаш ад гэтага ўдзелу? Якая самая амбіцыйная мэта ўдзе­лу ў алімпіядзе? Запішы яе на аркушы паперы.
  2. Чаму для цябе важна дасягнуць гэтай мэты менавіта зараз?
  3. Уяві, што ў цябе ёсць усе рэсурсы, неабходныя для перамогі, і ты атрымліваеш жаданае прызавое месца. Як ты даведаешся, што ў цябе гэта ўжо ёсць? Апішы падрабязна. А зараз у правай частцы аркуша намалюй сімвал тваёй перамогі ў прадметнай алімпіядзе. Калі ты гэта зможаш зрабіць, што будзеш адчу­ваць? Што будзеш чуць? Што тады будзеш думаць аб сабе? Запішы гэта пад сімвалам перамогі.
  4. Цяпер намалюй у левай частцы аркуша сябе цяперашняга. І намалюй дарогу да сваёй мэты. Якая яна была б? Роўная, шырокая, вузкая, з прабоінамі, горная, прасёлачная, траса ці яшчэ якая? Намалюй яе.
  5. На якой адлегласці ты знаходзішся зараз адносна тваёй мэты? Намалюй сябе на дарозе.
  6. Паглядзі, колькі яшчэ трэба прайсці для перамогі. Што ты адчуваеш, калі гля­дзіш на сваю перамогу? (Псіхолагу важна звярнуць увагу на гэтае пачуццё.) Як ты думаеш, што можа перашкодзіць табе дасягнуць мэты? Запішы тры перашкоды на лісце. А зараз падумай, што трэба зрабіць, каб пераадолець гэтыя перашкоды? Запішы насупраць кожнай, што будзеш рабіць, каб пераадолець іх.
  7. Намалюй на дарозе рэкламны плакат і пасланне на ім для цябе. Якая фраза, ідэя ці перакананне будуць дапамагаць табе рухацца да сваёй мэты спакайней? Напішы гэта.
  8. Успомні свае важныя перамогі, якія ўжо былі ў цябе. Намалюй уздоўж дарогі дрэвы — гэта будуць тыя якасці, якія табе ўжо дапамагалі дасягнуць перамогі. Напішы на ствале дрэў, што гэта.
  9. Калі ўявіць, што твая мэта рэалізавалася, то які матэрыяльны падарунак ці свята ты сабе дазволіў бы, каб узнагародзіць сябе? Намалюй сімвалічна гэты падарунак каля сімвала сваёй мэты.
  10. Назаві, якія тры дзеянні — самыя простыя — ты можаш зрабіць на працягу трох дзён, каб дасягнуць гэтай мэты? Запішы іх і абавязкова зрабі. Такія крокі будуць пастаянна набліжаць цябе да тваёй перамогі.
  11. Што для цябе было важным у гэтым практыкаванні? Што каштоўнае ты для сябе зразумеў?

Высновы. Тэхніка ўключае творчы пачатак, дазваляе рухацца да мэты лёгка і бяспечна, дазваляе сумленна прызнацца сабе ў трывогах, вызначае рэсурсы чалавека, спрыяе пошуку маленькіх крокаў да дасягнення сваёй мэты.

Важна, каб удзельнік прадметнай алімпіяды адчуваў нашу абарону і падтрымку, а не націск і прэсінг. Тады да пачатку алімпіяды ён падыдзе ўпэўнена, зможа лёгка сабрацца ў сітуацыі стрэсу, хутка мабіліза­ваць свае рэсурсы.

Вось так вы дапамагаеце свайму вучню ўбачыць і агучыць праблему, асэнсаваць свае адносіны да яе, ацаніць ступень свайго няведання, зразумець, чаго яму не хапае для дасягнення мэты, выбраць найбольш эфектыўны шлях вырашэння, усвядоміць і прыняць адказнасць за яго рэалізацыю, зафіксаваць поспех, усвядоміць асабісты ўклад у дасягненне выніку.

Таццяна ГОВАР,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
Здымкі выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыі