«Сярод навагодніх традыцый ёсць незвычайная — дзень апельсіна». Як рыхтуюцца да свята школы?

- 12:08Новости

Нездарма лічыцца, што лепшае свята тое, якое рыхтуецца па прадуманым сцэнарыі. Да педагогаў мы звярнуліся з пытаннем, якія цікавыя формы правядзення святочных ранішнікаў, баляў, акцый ёсць у скарбонках устаноў адукацыі. А можа, ёсць традыцыйныя, правераныя падыходы? І што плануюць арганізаваць для дзятвы ў гэтым го­дзе? Педагогі падзяліліся з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сваімі самымі яркімі іскрынкамі.

Педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 імя А.А.Нікандравай Дуброўны Ірына Лабейка:

— Фішак, незвычайных знаходак з нагоды святкавання Новага года ў нашай установе адукацыі шмат, з задавальненнем падзелімся імі з калегамі. У межах грамадзянска-патрыятычнага выхавання мы прыдумалі акцыю “Ліст шчасця”. Яе мэта — удзя­ліць увагу адзінокім пенсіянерам. Кожны з іх атрымае віншавальныя лісты ад нашых хлопчыкаў і дзяўчынак з новым, 2025 годам праз сельвыканкамы і Белпошту. Паўдзельнічаюць нашы вучні ў фотаконкурсе на лепшае ўпрыгожванне свайго пакоя. Пад Новы год у нашай школе таксама запускаецца конкурс сэлфі “Наш снеговик круче”, а таксама творчы конкурс па вырабе кармушак для птушак “Сталовая для крылатых”. А самым цікавым, на мой погляд, з’яўляецца конкурс “Сэлфі-маскарад”, для перамогі ў якім трэба не толькі прыдумаць і зрабіць маску з сімвалам 2025 года — змяёй, але і сфатаграфавацца ў гэтай масцы як мага большай колькасці педагогаў школы.

Традыцыйна адбудзецца конкурс святочных вянкоў на дзверы класа для вучняў 5—11 класаў і конкурс на лепшую навагоднюю цацку для хлопчыкаў і дзяўчынак 1—4 класаў. Актывісты БРСМ арганізуюць навагоднюю дыскатэку для піянераў “Дыска-паці”, а піянеры для акцябрат ладзяць казачны паказ “Падарожжа ў Новы год”.

Завершыць святочную чараду мерапрыемстваў калядаванне вучняў старшых класаў па адрасах любімых настаўнікаў.

Намеснік па выхаваўчай рабоце абласнога ліцэя Брэста Таццяна Шыкунец:

— Сярод традыцыйных мерапрыемстваў у межах святкавання Новага года ў нашай установе можна назваць работу валанцёрскага атрада “Цуды на Каляды” ў рамках акцыі “Нашы дзеці”. Не першы год установа перамагае ў інтэрнэт-галасаванні на лепшае афармленне вучэбнага корпуса і тэрыторыі сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна Брэста. Таксама право­дзіцца конкурс на лепшае святочнае афармленне вучэбнага кабінета і пакоя ў інтэрнаце.

Сярод новых традыцый — адкрыццё сезона канькоў у Лядовым палацы пад назвай “Усе на каток!”. Перад пачаткам адпачынку ў палацы наша каманда актывістаў па традыцыі робіць тры ўрачыстыя кругі: першы — у гонар дзяржавы, са сцягам Беларусі, другі — са сцягам ліцэя, з удзячнасцю да роднай установы, трэці круг — у гонар нашай вялікай ліцэйскай сям’і. І толькі пасля гэтага сезон канькоў для ліцэістаў абвяшчаецца адкрытым.

Сярод навагодніх традыцый ёсць яшчэ адна пазітыўная і незвычайная — у ліцэі праходзіць дзень апельсіна. У гэты дзень кожны ліцэіст атрымае яркі фрукт у падарунак, калі ў яго вобразе будзе дэталь аранжавага колеру, і няважна, што гэта — гальштук, сукенка ці заколка. Вопыт паказвае, што гэтае простае дзеянне — дадаць вобразу аранжавы колер — стварае сапраўдную атмасферу свята і надае настрою лёгкасць і пазітыў.

Вядома, у нас вучацца таленавітыя і актыўныя маладыя людзі, і для самых паспяховых і працавітых, тых, хто паказаў рэальныя вынікі і атрымаў граматы за ўдзел у конкурсах, алімпіядах, мы па добрай традыцыі ладзім пад Новы год нефармальныя сустрэчы з кіраўніком ліцэя Генадзем Іванавічам Іванчаным. У гэтым годзе нашы пераможцы, акрамя гэтага, будуць адзначаны цікавай экскурсіяй.

Спецыяліст па забеспячэнні асноўнай дзейнасці аддзела адукацыі Буда-Кашалёўскага райвыканкама Аксана Чэчко:

— Кожная ўстанова адукацыі нашага раёна рыхтуе свой план правядзення навагодніх свят. Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” традыцыйна ў нас з’яўляецца галоўным мерапрыемствам, у якім на працягу месяца прымаюць удзел дзеці, бацькі, педагогі, прадпрыемствы раёна. Маштабны старт акцыі ў гэтым го­дзе адбудзецца 16 снежня — усё пачнецца з шэсця Дзядоў Марозаў і Снягурак. Працягне праект забаўляльная праграма для жыхароў нашага горада з удзелам казачных персанажаў і сімвала надыходзячага года — змяі. Таксама ўдзельнікаў свята чакае ўрачыстае запальванне навагодняй ёлкі на цэнтральнай плошчы горада. У падтрыманне традыцыі дзеці з мнагадзетных, прыёмных і апякунскіх сямей наведаюць дабрачынную ёлку ў Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, а ў канцы снежня яны адправяцца на абласное навагодняе свята. Ну і, канечне, самыя таленавітыя, творчыя, інтэлектуальныя і паспяховыя хлопчыкі і дзяўчынкі раёна атрымаюць падарункі на дабрачыннай ёлцы ў Буда-Кашалёве.

У гэтым годзе ўстановы адукацыі возьмуць удзел у акцыі “У госці з казкай”, мэтай якой з’яўляецца вызваць цікавасць у самых маленькіх да чытання — ім будуць уручаны кнігі казак, апавяданняў і энцыклапедыі.

Ва ўсіх навучальных установах пройдзе конкурс малюнкаў, плакатаў і вырабаў з сімвалам 2025 года, лепшыя творцы будуць адзначаны і таксама атрымаюць падарункі.

 Таццяна ЛАПАЦІНА