Для маладога настаўніка гісторыі з гімназіі № 1 Астраўца Дзяніса Батуры любоў да прадмета стала зыходным пунктам на шляху ў прафесію. А першым настаўнікам пачынаючага прафесіянала з’яўляецца педагог Ніна Мажэйка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З алімпіяднікаў — у настаўнікі
— Вяла гісторыю ў Дзяніса з 5 класа. У старшых класах актыўна рыхтаваліся з ім да алімпіяд. Дзякуючы стараннасці, імкненню даведацца больш, падрыхтавацца лепш, зараз ужо мой калега Дзяніс Аляксандравіч, будучы вучнем гімназіі, пакарыў не адну алімпіядную вышыню. Ён рэгулярна станавіўся прызёрам раённага і абласнога этапаў. Паспяхова прадстаўляў Гродзеншчыну і на заключным этапе галоўнага спаборніцтва па гісторыі, — па-мацярынску цёпла і сардэчна знаёміць з маладым педагогам Ніна Тадэвушаўна.
Яна ўпэўнена, што ў яе маладога калегі ў прафесіі ўсё атрымаецца, таму што ён прыйшоў у яе больш чым свядома. У БДПУ імя Максіма Танка малады чалавек паступіў як мэтавік, а свае лідарскія якасці, якія для настаўніка — неад’емная ўмова паспяховага станаўлення, праяўляў яшчэ ў калектыве аднагодкаў як вучань.
— На занятках люблю працаваць з картамі. Незалежна ад тэмы, яны заўсёды актуальныя на ўроках гісторыі і дапамагаюць надаць любому матэрыялу нагляднасць. У старшых класах практыкую падыход, які прадугледжвае максімальную ўвагу дзяцей да тэмы яшчэ на этапе знаёмства з ёй. Мае старшакласнікі ведаюць, што карту да ўрока яны павінны падрыхтаваць самі. А таму ў наступны параграф зазіраюць яшчэ да званка, — дзеліцца Ніна Тадэвушаўна.
Зразумела, Дзяніс Батура ў сваім класе быў чалавекам, слова якога станавілася апошнім у рэалізацыі гэтага цікавага педагагічнага падыходу.
— Мне заўсёды падабалася гісторыя. Што стану настаўнікам, вырашыў яшчэ ў 8 класе. І стаў ім, — коратка і ёміста гаворыць малады педагог.
Вялікіх хваляванняў напярэдадні свайго першага настаўніцкага Дня ведаў сёлета ён не адчуваў. Па-першае, таму, што месцам прафесійнага старту для яго стала родная ўстанова адукацыі, а па-другое, настаўнікам у прафесіі прызначана любімы педагог, якога, дарэчы, можна назваць сямейным. Так, Ніна Тадэвушаўна была класным кіраўніком у яго малодшай сястры Насці і цесна супрацоўнічала з бацькамі дваіх здольных дзяцей. Дарэчы, педагагічны шлях для сябе выбрала і сястра маладога настаўніка гісторыі з Астраўца. Як мэтавік яна вучыцца на філфаку БДПУ.
Чатыры дзесяцігоддзі поруч з педагогікай
— Што да майго шляху ў педагогіцы, то ён вымяраецца часавым адрэзкам амаль у 40 гадоў. А спытаеце, калі я захацела стаць настаўніцай, то адкажу: заўсёды, — з усмешкай адзначае Ніна Мажэйка.
Калі і вагалася, то толькі ў выбары кірунку. Прычым прыярытэт паміж варыянтамі “настаўнік замежнай мовы” і “настаўнік гісторыі” расставіла само жыццё.
— Хацела паступіць у сталічны лінгвістычны інстытут. Прыехала ў Мінск, падала дакументы, а пагаварыўшы з іншымі абітурыентамі, захвалявалася, што майго ўзроўню ведання граматыкі недастаткова… Забрала дакументы, нават не паспрабаваўшы здаць іспыты, і вярнулася дадому. Вядома, перажывала, але ад суму выратавала школа. Пайшла працаваць піянерважатай і канчаткова зразумела, што педагогіка — гэта маё. Праз год паступіла ў Гродна і з выбранага гістарычнага напрамку ўжо не збочвала, — расказвае суразмоўніца.
Яна добра ведае, наколькі важная для маладога педагога падтрымка, а таму не шкадуе добрага слова для Дзяніса Батуры.
— Як сёння, памятаю выпадак, калі, пабываўшы на маім уроку, дырэктар Алесінскай школы, дзе я пачынала працаваць, пахваліла практычна кожны элемент урока. У той момант быццам крылы выраслі, мая ўпэўненасць набыла нейкае іншае гучанне. Заўсёды памятаю пра гэта, калі будую дыялог з маладымі калегамі, — адзначае вопытная настаўніца.
Ніна Тадэвушаўна заўсёды акцэнтуе ўвагу маладых калег і на тым, што педагогіка — гэта сфера, дзе не толькі вучыш, але і вучышся ўвесь час сам.
— Мае першыя ўрокі гісторыі і сённяшнія — гэта дзве вялікія розніцы. І справа не толькі ў наяўнасці вопыту. Дзеці год ад году мяняюцца, і тое, што выдатна працавала з аднымі, можа аказацца не такім эфектыўным з іншымі. Каб заставацца цікавым настаўнікам, трэба ўвесь час развівацца, добра арыентавацца ў мностве тэхнік і методык работы, — дзеліцца педагог.
Методыкі, якія працуюць
Вялікую ўвагу на сваіх уроках Ніна Тадэвушаўна ўдзяляе практыкам, якія спрыяюць развіццю даследчай цікавасці вучняў і не толькі. Калі размова ідзе аб вучнях 5—6 класаў, то ў цэнтры ўвагі — работа з падручнікам і абмеркаванне матэрыялу ў парах і групах. Для старшакласнікаў жа не ў навінку ўрокі-канферэнцыі, якія, акрамя таго, дапамагаюць перамагчы ў сабе няўпэўненасць пры адказе ля дошкі.
— Паўтаруся, вялікую ўвагу ўдзяляю рабоце з картай. Прычым заўсёды вучу дзяцей, што на ўроку гэта іх галоўны памочнік і нават дазволеная шпаргалка, якой важна ўмець карыстацца, — заўважае Ніна Мажэйка.
За гады работы яна выпрацавала для сябе мадэль эфектыўнага ўрока і пры планаванні заняткаў абавязкова ўключае ў іх прывычныя для вучняў элементы.
— Кожны ўрок гісторыі ў мяне пачынаюць вучні. Тры хвіліны заўсёды прысвячаю інфармацыі з разраду “гэты дзень у гісторыі”, якую дзеці рыхтуюць дома. Пры такім падыходзе яны вучацца шукаць цікавае і вызначаць важнае ў велізарным патоку інфармацыі. Яшчэ лепш, калі такія навіны неяк пераклікаюцца з тэмай урока ці тычацца Астравецкага краю, — дзеліцца педагог цікавым падыходам.
Яна ўпэўнена, што ў кожнага настаўніка павінна быць дакладна наладжаная сістэма работы, дзе прадказальнасць пэўных этапаў урока працуе галоўным чынам на вучня. Разам з тым калі раней для засваення матэрыялу дастаткова было яго цікавага і жывога прадстаўлення выключна педагогам, то сёння нельга абысціся без далучэння да гэтай справы школьнікаў. Важна не проста чуць, але і думаць над пачутым.
— Часта прапаноўваю да пэўных блокаў новай інфармацыі сфармуляваць пытанні, што спрыяе больш якаснаму засваенню матэрыялу. Прычым, калі такія пытанні фармулююцца ў парах, прашу дзяцей выбраць яшчэ і найбольш цікавыя з іх. А гэта ўжо развіццё ўмення аргументаваць сваю думку, чуць аднакласніка, — звяртае ўвагу педагог.
З 5 класа вучні Ніны Тадэвушаўны працуюць на ўроках са схемамі з гексаў і табліцамі, магнітнымі стужкамі. З цікавасцю яны ўспрымаюць і ўрокі, дзе настаўнік перастае быць галоўнай дзеючай асобай.
— Напрыклад, даю заданне апісаць вандроўку ці напісаць артыкул ад асобы рамесніка ці купца. Я ж прымаю пазіцыю кансультанта і толькі накіроўваю ход вучнёўскай думкі, — працягвае Ніна Тадэвушаўна.
Многія з названых метадаў і прыёмаў малады педагог Дзяніс Батура ў выкананні сваёй настаўніцы бачыў яшчэ як вучань. Ён прызнаецца, што за час вучобы ў БДПУ пераасэнсаваў некаторыя моманты і ўключае іх ужо ў свае ўрокі.
— Сёння я гляджу на Дзяніса Аляксандравіча як на ўпэўненага ў сабе маладога настаўніка. Веру, што ў яго ўсё атрымаецца і ён застанецца ў школе. Часам хочацца яго апякаць, ды разумею: парады — гэта добра, але хто ж іх любіць?! Таму прытрымліваюся правіла: калі патрэбна мая дапамога — заўсёды падтрымаю, падкажу, але раблю гэта ненадакучліва, — заўважае Ніна Мажэйка.
Гісторыю малады настаўнік з верасня выкладае ў тым жа кабінеце, дзе вучыўся сам. Адну са сцен тут упрыгожваюць яго дыпломы пераможцы і прызёра алімпіяды па любімым вучэбным прадмеце. Звярнуць увагу на прозвішча ўзнагароджанага сваім вучням ён не прапаноўвае з-за сціпласці, але вельмі спадзяецца, што побач з гэтымі дыпломамі ў свой час з’явяцца і ўзнагароды яго навучэнцаў.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара