Зборная каманда Беларусі вярнулася з чэмпіянату па прафесійным майстэрстве “Прафесіяналы”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З дапамогай майстроў
Гэта былі не толькі спаборніцтвы па розных кампетэнцыях, але і разгорнутая дзелавая праграма з удзелам прадстаўнікоў сістэмы адукацыі Расійскай Федэрацыі і многіх краін свету. У іх ліку Беларусь, Арменія, Кенія, Кітай, Кыргызстан, Узбекістан і іншыя. Чэмпіянат “Прафесіяналы” — гэта спаборніцтвы навучэнцаў і маладых рабочых, накіраваныя на дэманстрацыю ўменняў і навыкаў рабочых прафесій і іх папулярызацыю.
Выступленне нашай нацыянальнай каманды можна па праве лічыць трыумфальным. Канкурсанты выступалі ў 16 кампетэнцыях і заваявалі 15 медалёў: 1 залаты, 13 сярэбраных і 1 бронзавы.
Сярод прызёраў знаходжу знаёмае прозвішча: Дар’я Дубіна, майстар вытворчага навучання філіяла РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”. На рэспубліканскім спаборніцтве прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023 Дар’я была яшчэ навучэнкай гэтай установы, але ўжо тады значна вылучалася сярод іншых удзельнікаў сваёй спрытнасцю, дакладнасцю і філіграннасцю рухаў. Яе майстэрства было выйгрышным на кожным этапе спаборніцтва. Нядаўні міжнародны чэмпіянат стаў працягам яе пераможнага шляху.
— У кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, як і ў іншых конкурсных кампетэнцыях, мы маглі прадэманстраваць не толькі свае ўменні на ўзроўні вучэбнай праграмы, але і тыя якасці, якія выходзяць за рамкі адукацыйнага працэсу, — расказвае Дар’я. — Трэба было паказаць творчы падыход, праявіць вобразнае мысленне, фантазію і ўвогуле прадэманстраваць сваю неардынарнасць. Усе сем модуляў задання патрабавалі наяўнасці гэтых якасцей.
Цяжэй за ўсё далося Дар’і заданне “Фрыстайл”, хаця яно і было дамашнім. У ім знайшлі ўвасабленне не толькі дакладнасць рухаў, але і творчыя, густавыя перавагі канкурсанткі. Трэба было выканаць дэкаратыўна-мастацкае аздабленне паверхняў у свабодным стылявым рашэнні, а для гэтага падабраць неабходныя матэрыялы і, згодна з зададзенай тэматыкай, стварыць фрэску. Пры падрыхтоўцы гэтага задання дзяўчына старанна адпрацоўвала рухі па нанясенні дэкаратыўнага матэрыялу, валоданні інструментамі. Дар’і дапамагалі майстры вытворчага навучання Ірына Леванькова і Вікторыя Гарленка, дарэчы, таксама неаднаразовая пераможца конкурсаў прафесійнага майстэрства.
На пляцоўцы чэмпіянату дзяўчыне заставалася перанесці зададзены сюжэт на рабочую паверхню сцяны з дапамогай дэкаратыўнай тынкоўкі. Усе трафарэты склаліся ў адзіны вобраз. Выкананне работы патрабавала ўважлівасці, засяроджанасці, акуратнасці, умелага валодання цеплавой пушкай, дэкаратыўнай тынкоўкай і трафарэтам.
Данесці думкі праз творчасць
Дар’я выконвала фрыстайл на тэму, якая сёння вельмі актуальная, — выхаванне ў моладзі грамадзянскасці і патрыятызму. Дзяўчына пастаралася праз дэкаратыўныя прыёмы малярнай справы данесці свае думкі, падбірала сімвалы нашай краіны такім чынам, каб яе сённяшні дзень пераплятаўся з гераічным мінулым. Урэшце атрымалася сапраўдная мастацкая карціна, дзе прэваліравалі два колеры — чырвоны і зялёны. На іх фоне быў адлюстраваны аўтамабіль МАЗ вядучага прадпрыемства нашай краіны, а рабочы з нацыянальным сцягам у руцэ падаваў аўтамабілю знак на далейшы рух, сімвалізуючы тым самым дынаміку развіцця нашай краіны. У гэтай кампетэнцыі выступалі яшчэ 14 удзельнікаў, і ад перамогі нашу канкурсантку аддзяліў літаральна адзін крок.
Свой шлях у конкурсным руху Дар’я пракладвала сама. Гэта пачалося яшчэ ў той час, калі яна вучылася ў спартыўным класе: дзяўчына заўзята займалася спортам і заўсёды была настроена на перамогу. Са школьных гадоў адчуваўся стрыжань у яе характары, дзёрзская ўпартасць, якая потым перарасла ў мэтанакіраванасць. Дар’я родам з Асіповіч, там жывуць яе бацькі, малодшая сястрычка. Калі дзяўчына скончыла 9 класаў, паехала ў Салігорск і паступіла ў каледж на маляра-тынкоўшчыка.
— Я імкнулася хутчэй стаць самастойнай, а выбар прафесіі быў спантанны, — успамінае Д.Дубіна. — Больш за ўсё хацелася сябе выпрабоўваць, загартоўваць, шукаць свой шлях і тым самым усведамляць сябе асобай.
Пасля заканчэння салігорскага каледжа дзяўчына адразу паступіла ў Індустрыяльна-педагагічны каледж у Мінску на больш высокую ступень — сярэднюю спецыяльную адукацыю. Ва ўстанове заўважылі яе адказнасць у вучобе, уменне наладжваць зносіны ў групе. Майстар вытворчага навучання Юлія Бядрыцкая прапанавала ёй паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства, які праводзіўся ў каледжы. Дар’я стала прызёрам ва ўстанове, потым на гарадскім этапе спаборніцтва, і ўрэшце яе ўключылі ў каманду рэспубліканскага чэмпіянату ProfSkills Belarus — 2023 па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Дар’я заваявала залаты медаль.
— Гэтая перамога стала нават трайной для мяне, — гаворыць дзяўчына. — У той год я скончыла каледж, і мне прапанавалі працаваць майстрам вытворчага навучання. А яшчэ, дзякуючы льготам для пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, я без выпрабаванняў паступіла ў БНТУ на спецыяльнасць інжынера-педагога і сёння вучуся там завочна. У планах — вучоба ў магістратуры, хачу ўвесь час удасканальвацца як у жыцці, так і ў прафесіі. Такі шлях умацоўвае маю ўпэўненасць у правільнасці прафесійнага выбару і тым самым дазваляе праверыць, наколькі я люблю сваю прафесію і дзе межы майго ўдасканалення.
Пасля выступлення ў Санкт-Пецярбургу, якое, дарэчы, глядзелі ў інтэрнэце яе бацькі і калегі, Дар’я, прыязджаючы ў Асіповічы, чуе шмат віншавальных слоў. Сям’я ёй ганарыцца.
Псіхалагічны якар
Прайшоўшы доўгі шлях трэніровак і выступленняў, Дар’я сёння з’яўляецца аўтарытэтным, вопытным майстрам. У яе сфарміраваны свой стыль работы, яна мае эстэтычны густ, творчае ўяўленне. А ці ўдаецца ёй уціхамірыць хваляванне, якое на конкурсе часта перашкаджае дасягнуць пэўнага выніку?
— Трымаць сябе ў руках, абстрагавацца ад знешніх фактараў і цалкам акунуцца ў конкурснае заданне атрымліваецца не заўсёды, — заўважае Дар’я. — Таму перад спаборніцтвамі з камандай працуюць псіхолагі, каб удзельнік мог адаптавацца да конкурснай праграмы, пазбавіцца трывожнасці, боязі, сканцэнтравацца на заданні.
З канкурсантамі праводзіцца трэнінг на стрэсаўстойлівасць. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя методыкі стрымлівання хвалявання, вызначаюцца плюсы і мінусы ў характары кожнага з дапамогай спецыяльных картак, тэстаў.
— Якарам могуць быць пэўныя словы, рух, музыка, якія на падсвядомым узроўні ўплываюць на агульны стан чалавека, усяляюць упэўненасць, спакой, радасць, спагаду, і гэты стан уплывае на нашы дзеянні, на тое ж выступленне падчас спаборніцтваў. Без хвалявання ўсё атрымліваецца намнога лепш, — адзначае Дар’я. — Менавіта таму вельмі важна заякарыць сваё самаадчуванне, валоданне сабой і прымяняць гэта не толькі ў конкурсе, але і штодзённым жыцці.
Фарбы жыцця
Здабыты вопыт Дар’я Дубіна плануе выкарыстоўваць у рабоце майстрам вытворчага навучання. Пакуль яна не прыступіла да сваіх абавязкаў, але старанна да гэтага рыхтуецца і лічыць асобасна арыентаваны падыход прыярытэтным у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Яна мяркуе, што менавіта скіраванасць на асобу навучэнца дае магчымасць якасна сфарміраваць прафесійныя навыкі, выхаваць адказнасць у выкананні задання, пазітыўную матывацыю і цікавасць да вучобы.
Дар’я кіруе аб’яднаннем дадатковай адукацыі “Фарбы жыцця”, дзе навучэнцы вучацца ствараць фрэску і займаюцца малярнымі і дэкаратыўнымі работамі. Гэтай творчай ідэяй дзяўчына аб’яднала многіх хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца на розных курсах і на розных спецыяльнасцях. Усе яны імкнуцца праяўляць сябе ў творчасці, дэманстраваць свае здольнасці ў работах. Не меншым стымулам для іх з’яўляецца і асоба самой Дар’і.
Яе імідж дапамагае дзяўчыне заваёўваць аўтарытэт і давер сярод навучэнцаў, наладжваць зносіны з імі, выхоўваць любоў да прафесіі, раскрываючы яе новыя грані, фарбы, а разам з імі і фарбы жыцця.
Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва Дар’і ДУБІНАЙ