Чым адметная сістэма адукацыі Гродна — вынікі адыходзячага года

- 15:17Пресс-тур «Настаўніцкай»

Сустрэча карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Людмілай Ніцкай адбылася ў час, калі прынята падводзіць рысу пад адыходзячым годам. І гарадская сістэма адукацыі падышла да гэтай рысы па традыцыі з добрымі вынікамі.

— Сістэма адукацыі Гродна сёння прадстаўлена больш як 140 установамі адукацыі. Гэта дзіцячыя сады, школы, гімназіі і ліцэй, установы дадатковай і спецыяльнай адукацыі, а таксама сацыяльна-педагагічныя цэнтры і аздараўленчы лагер. За кожным з пералічаных аб’ектаў адукацыйнай інфраструктуры стаяць цэлыя каманды неабыякавых да сваёй справы людзей. Нашы педагогі імкнуцца да пастаяннага развіцця і такі ж шлях вызначаюць для сваіх навучэнцаў, — адзначыла Людміла Уладзіміраўна.

У мінулым навучальным годзе, напрыклад, з амаль 2500 выпускнікоў 298 атрымалі атэстаты асаблівага ўзору. Атрымліваецца, што веды кожнага восьмага школьніка абласнога цэнтра выдатныя.

Нельга не адзначыць, што па выніках сёлетняга ЦЭ на рахунку выпускнікоў горада над Нёманам 36 стабальных вынікаў. Да гэтай лічбы трэба да­даць яшчэ і 21 максімальны вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні.

— Пра поспехі сістэмы адукацыі часта і справядліва гавораць у разрэзе поспехаў вучняў. Скажу яшчэ, што на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2024 годзе навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродна заваяваны 184 дыпломы, на заключным — 42. Літаральна нядаўна сем навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада сталі стыпендыятамі вельмі значнай і важнай для вобласці прэміі імя А.І.Дубко. Каб зразумець, шмат гэта ці не, скажу толькі, што поспехі ўсяго 20 школьнікаў вобласці адзначаны прэміяй імя Аляксандра Іосіфавіча, — дадала кіраўнік гарадской сістэмы адукацыі.

І за кожнай пералічанай перамогай і дасягненнем стаяць адданыя сваёй справе педагогі.

Акцэнты для дашкалят

Ужо на працягу 15 гадоў дзіцячы сад № 101 Гродна з’яўляецца цэнтрам прыцяжэння для самых юных жыхароў абласнога цэнтра.

Карысны вольны час для малышоў тут арганізоўваюць у лепшых традыцыях “зялёнай школы”. Актыўным удзельнікам адпаведнага праекта дашкольная ўстанова з’яўляецца з 2019 года, у 2023-м яна паспяхова пацвердзіла гэты статус.

— У групах сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту працуем па такіх кірунках, як сартаванне смецця, прырода-, энерга- і вода­зберажэнне. Прычым у пытаннях фарміравання камунальнай дасведчанасці і водазберажэння актыўна супрацоўнічаем з прадпрыемствам “Гроднаводаканал”, — звярнула ўвагу загадчыца дзіцячага сада Жанна Казловіч.

Пры дапамозе спецыяльных ілюстраваных дапаможнікаў выхаванцы дашкольнай установы знаёмяцца з тым, як прыходзіць вада ў дом і чаму так важна шанаваць кожную кроплю. Берагчы прыроду і рэсурсы ў кампаніі выхавальнікаў дзеці вучацца фактычна на кожным кроку. Нават святочнае афармленне вокнаў да навагодніх свят у дашкольнай установе з паметкай “эка”. Упрыгожваюць іх не выразаныя з паперы сняжынкі, а намаляваныя.

Вялікую ўвагу педагогі ўдзяляюць і патрыятычнаму выхаванню. Тэматычна аформленыя куткі ёсць у кожнай групе. А для пашырэння адукацыйнай прасторы ў дзіцячым са­дзе выкарыстоўваюць у тым ліку холы. Напрыклад, працуе міні-музей гісторыі побыту беларускай хаты, рэалізаваны дызайн-праект “Горад майстроў”, дзе шырока прадстаўлена рэгіянальная тэматыка — фрэскі архітэктурных помнікаў горада, гісторыя герба Гродна і інш.

— З акцэнтам на патрыятычным выхаванні будуем работу не толькі падчас адукацыйных заняткаў у групах. Кіраўнік па фізвыхаванні Таццяна Якубеня на мерапрыемствах нерэгламентаванай дзейнасці і не толькі расказвае дашкалятам аб дасягненнях беларускіх спартсменаў на зразумелай ім мове, — адзначыла Жанна Мікалаеўна.

Хутка згаданы педагог і яе юныя выхаванцы стануць першаадкрывальнікамі новай рубрыкі часопіса “Спорт time”, якая будзе прысвечана педагогам дашкольнай адукацыі.

Незабыты подзвіг

У канцы кастрычніка ў гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна адкрылі экспазіцыю “Ваш подзвіг жывы, непаўторны і вечны!”, а цяпер аналагічны вопыт перанялі і іншыя ўстановы адукацыі Кастрычніцкага раёна горада.

— Гэтая экспазіцыя служыць важным напамінам пра гераізм нашых продкаў і значэнне іх укладу ў абарону Радзімы. Яна натхняе маладое пакаленне на захаванне гістарычнай памяці і актыўны ўдзел у жыцці грамадства, — знаёміць з рэалізаваным праектам дырэктар гімназіі Аксана Надудзік.

Што вельмі важна, ён з’яўляецца праекцыяй асабістых сямейных гісторый педагогаў і навучэнцаў установы адукацыі. 48 чорна-белых партрэтаў з імёнамі і прозвішчамі герояў — гэта дзяды і прадзеды тых, хто сёння складае калектыў установы адукацыі ў шырокім сэнсе слова.

— Партрэты — гэта толькі частка рэалізаванага праекта. Мы сабралі інфармацыю пра кожнага з герояў гэтай экспазіцыі, і ў найбліжэйшы час яна стане яшчэ і інтэрактыўнай. Каля партрэтаў бу­дуць размешчаны QR-коды, пры пераходзе па якіх кожны жадаючы зможа даведацца, што гэта за чалавек і які быў яго ўдзел у падзеях Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вераніка Шлык.

На чорна-белых здымках — удзельнікі аперацыі “Баграціён” і іншыя сведкі вогненных гадоў, малалетнія вязні канцлагераў.

— Асаблівае месца адве­дзена ганароваму пагранічніку Беларусі і ганароваму грамадзяніну Гродна Рыгору Абялеўскаму — ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, якога мы ў гімназіі называем сваім агульным дзядулем. Шмат гадоў мы цесна супрацоўнічалі з ім, а нашы сённяшнія адзінаццацікласнікі з цеплынёй і павагай успамінаюць сустрэчы і зносіны з ідэйным натхняльнікам стварэння ў нашай установе адукацыі музея “Спадчыннікі героя-пагранічніка Ф.П.Кірычэнкі”, — дадае Вераніка Шлык.

Адкрыццё экспазіцыі партрэтаў стала важнай падзеяй гэтага навучальнага года. Вучні гімназіі падчас урачыстасці з гэтай нагоды сталі героямі невялікага тэатралізаванага паказу, а сёння рыхтуюцца прадставіць рэалізаваны праект у адной з намінацый абласнога патрыятычнага марафону “Кубак патрыёта”.

Ва ўстанове зазначаюць, што экспазіцыя — вынік важнай сумеснай работы многіх людзей. Афармленне звестак аб сваіх блізкіх аб’яднала дзясяткі сем’яў навучэнцаў.

— Гэта мой прадзед Аляксандр Ігнатавіч Гобец. Ганаруся сваімі каранямі і тым, што сёння пра яго ведаюць і памятаюць не толькі ў маёй сям’і, — падзяліўся вучань ваенна-патрыятычнага класа Раман Гулінскі.

Выхаваўчыя задачы ва ўстанове адукацыі з мінулага года дапамагае вырашаць згаданы музей “Спадчыннікі ге­роя-пагранічніка Ф.П.Кірычэнкі”. Адразу некалькі экспазіцыйных блокаў рас­казваюць аб лёсе чалавека, імя якога з 2004 носіць гімназія, наладжана прадукцыйнае партнёрства ўстановы з пагранічнікамі абласнога цэнтра.

Увогуле, пра пагранічнікаў, якія аднымі з першых у 1941-м прынялі ўдар ворага, ва ўстанове адукацыі расказваюць не толькі шматлікім гасцям з Прынёманскага краю.

— Сумесна з педагогамі і навучэнцамі Пермскага краю, Валагодскай і Іркуцкай абласцей Расіі, Усць-Каменагорска — буйнога горада на ўсходзе Казахстана — мы выдалі ўжо тры зборнікі, якія аб’ядноўвае тэма Вялікай Айчыннай вайны. І педагогі, з якімі нас раздзяляюць больш за пяць тысяч кіламетраў, выказалі жаданне пазнаёміцца з нашай установай і краем ужо ў фармаце рэальных зносін, — дадала Аксана Надудзік.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА