Выхаванцы Манькавіцкага дзіцячага сада Столінскага раёна змалку знаёмяцца з прафесіямі, запатрабаванымі на рынку працы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У рабоце па фарміраванні ў дашкольнікаў функцыянальнай дасведчанасці педагогі выкарыстоўваюць кубікі Блума, якія добра развіваюць крытычнае мысленне, — расказвае загадчыца ўстановы Святлана Ляшкевіч. — У кожнай узроставай групе выраблены папяровыя, пластмасавыя ці драўляныя кубікі. На іх гранях змешчаны прапановы і пытанні (“Назаві”, “Чаму?”, “Растлумач”, “Прапануй”, “Прыдумай” і “Успомні”) на фоне тэматычных ілюстрацый з ліпучкамі.
Дзякуючы кубікам, дзеці ў гульнявой форме знаёмяцца з рознымі прафесіямі і іх важнасцю для эканомікі краіны, працай дарослых і яе вынікамі. Манькавіцкія дашкольнікі ведаюць, чым займаюцца камбайнер, аграном, урач, міліцыянер, пажарны, пагранічнік, будаўнік, пекар, дворнік, швачка, настаўнік, ветэрынар…
— Важна, што гэтыя кубікі сталі для дзяцей не толькі інструментам для запамінання прафарыентацыйнага матэрыялу, але і сродкам для выкарыстання атрыманых ведаў і ўяўленняў у гульнях і штодзённым жыцці, — гаворыць Святлана Ляшкевіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ