Першым месцам работы настаўніцы біялогіі Юліі Дзядзюля стала сярэдняя школа № 1 Старых Дарог. Па размеркаванні педагога накіроваўвалі ў іншую ўстанову адукацыі, але малады спецыяліст захацела працаваць пад кіраўніцтвам Святланы Капачэні, якая калісьці натхніла маладога спецыяліста на выбар прафесіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У ролі педагога
Кім хоча стаць, Юлія Дзядзюля доўга не магла вызначыцца. Сярод школьных прадметаў яе любімымі дысцыплінамі былі хімія і біялогія. Калі вучаніца даведалася, што ў школе арганізуюцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, вырашыла паспрабаваць.
“Падчас заняткаў — а яны праходзілі на працягу двух гадоў два разы на тыдзень — я заўсёды заўважала Юлю, — расказвае пра сваю былую навучэнку дырэктар сярэдняй школы № 1 Старых Дарог Святлана Капачэня. — Яна была вельмі актыўная. Але на самых першых занятках, калі сабрала ўсіх дзяцей, каб расказаць, чым будзем займацца, Юля сядзела з вялікімі вачыма. Я зразумела, што дзяўчынка яшчэ не да канца ўсведамляе, хоча яна стаць педагогам ці не”.
Факультатыўныя заняткі і створаны, каб тыя, хто сумняваецца ў выбары прафесіі, адназначна з ім вызначыліся альбо зразумелі, што выбраны кірунак ім не падыходзіць.
“Мой кірунак работы быў практыка-арыентаваны, — дадае Святлана Віктараўна. — Удзельнікі факультатыву прымалі ўдзел у тыднях педагагічнага майстэрства, праводзілі майстар-класы падчас бацькоўскіх сходаў, а на канікулах у школах займаліся творчасцю з навучэнцамі малодшых класаў, з дзецьмі ў ЦКРНіР”.
Той момант, калі Юлія Дзядзюля сказала, што ёй падабаецца працаваць з дзецьмі і яна хоча стаць настаўніцай, Святлана Капачэня і сёння помніць у дэталях.
“Гэта было якраз падчас аднаго з мерапрыемстваў, якія мы праводзілі ў школе для малышоў, — дзеліцца ўспамінамі дырэктар школы. — Юля падбегла да мяне і сказала, што будзе паступаць у БДПУ. Я ведала, што ёй больш блізкія хімія і біялогія, — яна вывучала іх на павышаным узроўні”.
З таго часу, калі навучэнка вызначылася з прафесіяй, педагог пачала даваць ёй яшчэ больш заданняў. Больш за ўсё, са слоў Святланы Віктараўны, Юлі падабалася праводзіць урокі падчас тыдняў педагагічнага майстэрства, ствараць прэзентацыі.
“Калі Юля заканчвала школу, я прапанавала ёй узяць мэтавае накіраванне, — адзначае дырэктар. — Яна згадзілася і пасля заканчэння УВА вярнулася на малую радзіму выкладаць біялогію. Дарэчы, размяркоўвалася Юлія Паўлаўна ў іншую ўстанову адукацыі — павінна была працаваць у сярэдняй школе № 2 Старых Дарог. Але неяк у мяне зазваніў рабочы тэлефон — гэта была Юля. Яна сказала, што хоча працаваць у той установе адукацыі, якой я кірую. Па дамоўленасці з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме мы знайшлі маладой настаўніцы нагрузку”.
За 4 гады, пакуль працуе ў школе, Ю.П.Дзядзюля вырасла як прафесіянал. Адчуваючы адказнасць за сваю маладую калегу, Святлана Віктараўна часта наведвала ўрокі Юліі Паўлаўны, назірала і параўноўвала.
“Наша настаўніца біялогіі вельмі матываваная, — з гордасцю адзначае С.В.Капачэня. — Сёння ў яе ўжо адпрацавана методыка, этапы ўрока, яна ўмела спраўляецца з дзецьмі, а яны яе слухаюць і вельмі любяць”.
Знайсці падтрымку
За 4 гады Юлія Паўлаўна ні разу не пашкадавала, што стала настаўніцай, і з вялікай удзячнасцю ўспамінае Святлану Віктараўну, якая дапамагла ёй паверыць у сябе.
“Я паступала ў БДПУ не па партфоліа, як выпускніца педагагічнай групы, а выбрала здаваць экзамены, — расказвае пра сябе настаўніца. — Вучыцца мне вельмі падабалася. А сёння падабаецца працаваць з дзецьмі, выкладаць ім свой прадмет”.
Сярод яе школьных педагогаў у сэрцы засталіся настаўнікі хіміі Алена Раўтовіч і біялогіі Уладзімір Зелянкоў.
“Калі на метадычных аб’яднаннях сустракаюся са сваімі настаўнікамі, то і цяпер хвалююся, — дзеліцца малады спецыяліст. — У мяне намнога менш вопыту, чым у іх, але я буду працягваць вучыцца і самаўдасканальвацца, каб наблізіцца да іх прафесіяналізму”.
Разважаючы пра тое, якой сябе бачыць праз 5 гадоў, Юлія Дзядзюля гаворыць, што хоча быць прафесіяналам у сваёй справе, педагогам, якога будуць любіць дзеці.
“Вельмі рада, што калісьці трапіла на факультатыў па ўводзінах у педагагічную прафесію, а сёння працую ў сярэдняй школе № 1, — падсумоўвае педагог. — Для маладога спецыяліста вельмі хвалююча прыходзіць на работу, асабліва ў першыя месяцы пасля заканчэння ўніверсітэта. Мне вельмі пашанцавала з калектывам установы адукацыі, з дырэктарам. Калі трэба прафесійная парада, я ведаю, што знайду яе ў Святланы Віктараўны, бо яна заўсёды падкажа і дапаможа”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА