Беларусы са старажытных часоў былі дбайнымі земляробамі. Іх праца гарманічна спалучалася не толькі з рэаліямі зямнога існавання, але і з вялікай колькасцю рытуальна-абрадавых комплексаў.
На працягу тысяч гадоў земляроб ствараў унікальную энцыклапедыю свайго жыцця – складаную сістэму абрадаў, якія адлюстроўвалі ўзаемаадносіны селяніна з навакольнай речаіснасцю, пасродкам якіх можна было атрымаць прадказанні наконт будучага ўраджаю, паляпшэння дабрабыту.
Далучаючы нашых вучняў да гэтай найбагацейшай спадчыны, мы не толькі пашыраем іх кругагляд і заахвочваем да вывучэння гісторыі свайго народа, але і дапамагаем усвядоміць уласную нацыянальную ідэнтычнасць, адчуць радасць духоўнай еднасці са шматлікімі пакаленнямі продкаў.
Прапануем вашай увазе каляднае свята «Прыйшла Куцця – наямося хаця!».
Мэта: далучэнне вучняў да абрадавай і побытавай культуры беларускага народа, фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
Месца правядзення: школьны этнаграфічны музей «Беларуская хатка».
Абсталяванне: стол, лавы, як у сялянскай хаце.
Мэтавая аўдыторыя: вучні 5–6 класаў.
Дзеючыя асобы:
Бацька.
Маці.
Ганначка – старэйшая дачка.
Настуля – малодшая дачка.
Госці – сусед з суседкай.
Прыгожа прыбраны пакой. Маці з дочкамі рыхтуюцца да святочнай вячэры перад Калядамі, якая называецца Куцця.
Маці (падыходзіць да стала, здымае абрус). На Куццю стол у нас будзе засланы не так, як заўсёды.
Настуля (з вясёлай цікаўнасцю). І стравы, пэўна, на ім будуць не такія, як у будзённы дзень?
Маці. Так, мая дачушка! Традыцыйна ў гэты вечар нашы продкі ставілі на стол грыбочкі розных гатункаў, галушкі з макам, аўсяны кісель, рыбку з алеем, селядзец, квас. Але самая галоўная страва на Куццю – куцця.
Ганначка. О, мы якраз у школьным гуртку «Спадчына» нядаўна пра гэта гаварылі. Аказваецца, на зімовых святках абавязковым рытуалам было ўшаноўванне продкаў – дзядоў. Гэтаму прысвячаліся тры ўрачыста-шанавальныя Куцці: перадкалядная – посная, або бедная, пры сустрэчы Новага года па старым стылі 13 студзеня – багатая, або шчодрая, а перад Вадохрышчам – вадзяная, або галодная.
Маці. Правільна. І на ўсе тры Куцці каша варылася ў адным і тым жа гаршку. Прычым каштаваць яе забаранялася да самай вячэры.
Настуля. Вось чаму ты, матулечка, не дала мне сёння паспрабаваць гэтую кашку. А я ж бачыла, што ты падсалоджвала яе не цукрам, як звычайна, а мёдам. Пэўна, смаката!
Маці. Але дзе ж гэта наш татка? Недзе забавіўся, доўга не ідзе ў хату. Стол ужо час накрываць абрусам.
Настуля. І ў чым праблема? Вось абрус, давайце стол накрываць будзем.
У гэты час у хату ўваходзіць бацька, трымаючы ў руках ахапак сена.
Настуля. Ой, татачка, навошта ты сена прынёс? Мы так чысценька прыбралі ў хаце, а ты зараз насмеціш.
Бацька (падыходзіць да стала, кладзе сена на сталешніцу). Сёння на гэтым сене мы будзем вячэраць. А чаму на сене, ведаеце?
Ганначка і Настуля (адначасова). Ведаем, ведаем! Сена трэба пакласці пад абрус, бо, згодна з Евангеллем, Сын Божы Ісус Хрыстос, чый дзень нараджэння мы сустракаем, нарадзіўся ў адрыне на сене.
Маці. Вось і малайцы, што прыгадалі. Сёння ўсё асаблівае: і ежа, і нават сена. (Маці ідзе да печы, нахіляецца, глядзіць у падпечак.) Трэба дроў яшчэ ў печ падкінуць.
Ганначка. Я прынясу! (Выходзіць з хаты.)
Маці і Настуля раскладваюць сена на стале, накрываюць яго вышываным абрусам, растаўляюць на ім талеркі. Вяртаецца Ганначка з дровамі.
Ганначка. Вось колькі прынесла! Можна нават паваражыць.
Настуля. Як паваражыць?
Ганначка. А як нашы продкі.
Ганначка падыходзіць да печы і пачынае складваць па два паленцы ў падпечак. Нарэшце ў руках у дзяўчыны застаецца адно палена.
Ганначка (з жартоўным расчараваннем). Ну вось сёлета я застануся без пары, бо без пары засталося гэта палена.
Бацька (смяецца). І добра, куды цябе замуж: сёлета толькі школу закончыш!
Маці. Ой, што гэта мы загаварыліся, а пра стол і забылі! Давайце, дзяўчаткі, хуценька заканчваць сервіроўку і сядаць вячэраць.
Дзяўчаты з маці ставяць на стол розныя стравы. Маці бярэ з покуці гаршчок з куццёй і таксама ставіць на стол.
Бацька (запальвае свечку, ставіць яе пад абразамі, сядае за стол і запрашае пачаць вячэру). Сядайце, мае вы дзяўчаткі, сядай, мая жоначка, будзем пачынаць вячэру: ужо першая зорачка з’явілася на небе.
Настуля (сядае за стол і нахіляецца да сястры). Ганначка, нагадай, а чаму так важна дачакацца першай зоркі, каб на Куццю сесці за стол?
Ганначка. А гэта ў памяць пра Віфлеемскую зорку, якая абвясціла свету пра нараджэнне Збавіцеля і ўказала на месца яго знаходжання. Ідучы на гэтую зорку, старажытныя валхвы і пастухі здолелі першымі ўшанаваць немаўля Ісуса Хрыста.
Усе садзяцца за стол.
Бацька (зачэрпвае першую лыжку куцці, паварочваецца да сцяны, стукае па ёй лыжкай). Мароз, мароз, хадзі куццю есці! Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што наш Бог судзіць пасадзіць.
Маці (зачэрпвае лыжку куцці, падыходзіць да акна, стукае ў акно). Мароз, мароз, запрашаю цябе ў госці! Каб ты не марозіў расаду, моркву, агуркі, гарбузы, буракі.
Бацька і маці зноў садзяцца за стол. Сям’я частуецца святочнымі стравамі. Бацька падыходзіць да маці, бярэ яе за руку, і яны сядаюць у куце адзін насупраць другога і пачынаюць гаворку.
Маці. Ці бачыш ты мяне?
Бацька. Не, не бачу!
Маці. Каб жа ты не бачыў за стагамі, за копамі, за вазамі, за снапамі свету.
Бацька. Ці бачыш ты мяне?
Маці. Не, не бачу!
Бацька. Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі свету.
Настуля. Мамачка, татачка! Чаму гэта вы жадаеце адзін аднаму не бачыць свету?
Маці. «Не бачыць свету» за багатым ураджаем. На Каляды па традыцыі гаспадары жадаюць адзін аднаму, каб збожжа, гародніна, садавіна – усё, ува што яны ўклалі сваю працу, атрымалася якасным і годным.
Пасля гэтага тлумачэння маці бярэ качаргу і злёгку жартам стукае ёю мужа.
Бацька (падае на лаву і прыгаворвае). Каб твае снапы так хутка падалі на ніве.
Маці. А гэтыя абрадавыя словы, як вы здагадаліся, абазначаюць пажаданне сілы гаспадыні пры зборы ўраджаю.
Настуля. Ой, якія цікавыя абрады вы нам сёння паказалі! Я таксама хацела б паўдзельнічаць у якім-небудзь абрадзе.
Бацька. За чым жа справа? Ну вось, напрыклад, каб высокім рос лён і хутчэй набіралі моц хатнія жывёлы, нашы продкі рэшткі куцці падкідвалі да столі.
Усе члены сям’і бяруць з гаршка па кавалачку куцці і кідаюць угору.
Настуля (пляскае ад радасці ў далоні). Я вышэй за ўсіх падкінула свой кавалачак. Лён у мяне будзе самы высокі.
Маці (бярэ гаршчок з кашай, ідзе да дзвярэй). А рэшткі недаедзенай кашы па традыцыі трэба аддаць курам – каб добра несліся (накіроўваецца з хаты).
Адчыняюцца дзверы, у хату заходзяць сусед з суседкай.
Сусед. Добры вечар у хату!
Бацька. Добры вечар, даражэнькія суседзі! Заходзьце, калі ласка. (Дачкам.) Яшчэ адна вельмі добрая калядная прыкмета: калі на Куццю ў дом завіталі госці, то чакай прыбытку ў гаспадарцы. Сядайце за стол, шаноўныя, частуйцеся.
Госці частуюцца святочнымі стравамі.
Настуля. Так, так, значыць, у нас у гэтым годзе будзе радзіць усюды: і ў полі, і на агародзе, і ў хляве?
Бацька. Будзем спадзявацца, што так.
У хату вяртаецца маці.
Маці. Калі я кідала курам рэшткі куцці, то заўважыла, як з-пад нашага акна пабегла дзяўчына, а чыя яна, і не пазнала.
Суседка. Нехта, відаць, варажыць прыбягаў.
Ганначка (здзіўлена). Варажыць? Пад нашым акном?
Суседка. Варожаць у гэты вечар па-рознаму. Да вас нехта з дзяўчат прыходзіў даведацца, выйдзе ў гэтым годзе замуж ці не.
Ганначка. І як жа яна меркавала даведацца?
Суседка. Пад акном гэтая дзяўчына прыслухоўвалася да нашай застольнай гутаркі. Калі хтосьці з субяседнікаў прамовіў слова «ідзі» ці «пойдзеш», гэта, адпаведна зместу гадання, азначала для вашай таемнай госці, што яна сёлета выйдзе замуж. А калі за сталом прагучалі словы «сядзь» ці «сядзі», то атрымлівалася, шлюбаванай сёлета ёй не быць.
Маці. А цяпер трэба сена, якім сёння ўсцілаўся стол, занесці карове – каб была здаровай і давала шмат малака.
Сусед. Пачакай, суседачка! Давай па сене вызначым, якім вырасце ў нас у гэтым годзе лён.
Бацька. І праўда, ледзь не забылі. А ну, дзяўчаткі, выцягвайце з-пад абруса па некалькі сцяблінак сена. Па іх даўжыні і будзем меркаваць аб будучым ураджаі. Калі сяніны доўгія, то і лён будзе высокі, калі ж кароткія – не ўродзіць.
Дзяўчаты выцягваюць па сяніне і задаволена паказваюць бацькам, бо ва ўсіх галінкі сена апынуліся доўгія і трывалыя.
Суседка. Яшчэ быў такі звычай. Хлопцы выцягвалі з пастаўленага ў куце снапа колас і ўважліва разглядвалі яго. Калі поўны – быць гаспадарцы з хлебам.
Маці. А багаты ўмалот ячменю чакалі тыя сем’і, у якіх куцця атрымлівалася дастаткова разварыстай.
Сусед. Шкада, што сёння яшчэ толькі заканчваецца Піліпаўскі пост і сённяшні вечар застаецца посным, а то паспявалі б зараз.
Суседка. Заўтра будзеш з калядоўшчыкамі спяваць. А сёння ўжо пацярпі. Галушкі вось еш.
Маці. Некалі мы варажылі на галушках.
Суседка. Так, так, суседачка. І мы на галушках варажылі.
Ганначка. Навучыце ж і нас.
Маці. Калі ласка. У хату прыводзілі сабаку. Дзяўчаты бралі па галушцы і клалі перад ім. Чыю першую галушку сабака пачне есці, тая дзяўчына першая ў гэтым годзе выйдзе замуж.
Бацька. У некаторых вёсках з гэтай жа мэтай прыносілі ў хату пеўня і галушкі ставілі перад ім.
Сусед. А пасля Куцці моладзь выходзіла на вуліцу, і ўсе прыслухоўваліся да брэху сабак. З якога боку першым пачуецца сабачы брэх, з таго боку дзяўчатам трэба было чакаць сватоў, а хлопцам –
з’яўлення нявесты.
Маці. А мы ў калядную ноч абдымалі плот.
Настачка. Ты, мамачка, не жартуеш?
Маці. Не, не жартую. Падыходзіш, было, да плоту і абдымаеш яго. А пасля лічыш ляскі, якія здолела абхапіць рукамі. Калі цот – значыць, быць табе ў гэтым годзе з парай, а калі лішка – сядзець яшчэ год у дзеўках.
Ганначка. А давай, Настачка, і мы сёння паварожым.
Настуля. Давай!
Дзяўчаты выходзяць з хаты.
Бацька. Давайце і мы ўсе выйдзем на вуліцу. Падкажам дзяўчатам яшчэ адзін спосаб варажбы, дзе таксама задзейнічаны плот.
Сусед. Што ты маеш на ўвазе?
Бацька. Выходзячы з хаты, трэба было махнуць нагой так, каб з яе зляцеў валёнак. У які бок нос валёнка ляжа, з таго боку трэба сватоў чакаць.
Маці. Прыбіраць ежу сёння не будзем. Хай дзяды ноччу завітаюць да нашага святочнага стала.
Усе збіраюцца і выходзяць з хаты.
Літаратура
1. Крук, І. І. Следам за сонцам. Беларускі народны каляндар: дапам. для педагогаў дзіцячых дашк. устаноў / І. І. Крук. – Мінск: Ураджай, 1998. – 216 с.
2. Раманцэвіч, В. Пачаткі роднае мовы: дапаможнік для ўсіх / В. Раманцэвіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 143 с.
3. Ліцьвінка, В. Святы і абрады беларусаў / В. Ліцьвінка. – Мінск: Беларусь, 2001. – 190 с.
Фота на прэўю Святланы НІКІФАРАВАЙ, носіць ілюстрацыйны характар