Напярэдадні Міжнароднага дня інтэрнэту, які адзначаўся 4 красавіка, у сталіцы сабралася больш за 120 пачынаючых блогераў і вэб-журналістаў з усіх рэгіёнаў краіны. Нагодай выйсці ў афлайн і замяніць свае нікі рэальнымі імёнамі для маладых людзей стала магчымасць рэальных зносін з прафесіяналамі інтэрнэт-прасторы. Майстар-класы ад мэтраў беларускай журналістыкі, спецыялістаў прасоўвання і аналізу сайтаў, палітолагаў, трэнінгі ў рэдакцыях вядучых СМІ і інфармацыйных агенцтваў — усё гэта было толькі часткай Маладзёжнага інтэрнэт-форуму.
Большасць удзельнікаў форуму ўжо зарэкамендавалі сябе як аўтары IT-праектаў, распрацоўшчыкі мабільных дадаткаў, але, тым не менш, яны актыўна ўключыліся ў заняткі па павышэнні кваліфікацыі. Акрамя майстар-класаў, для ўдзельнікаў форуму быў прадугледжаны і адкрыты дыялог са спецыялістамі — пачынаючы ад вэб-журналістаў, вядомых блогераў да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Тых, хто толькі плануе рабіць кар’еру ў сетцы, цікавіла ўсё: як стварыць інфармацыйна-адукацыйную пляцоўку для работы ў сферы IT, інтэрнэт-прасторы, сацыяльных сетках і ці варта ствараць сацыяльную сетку для беларусаў. Вэб- журналісты цікавіліся, якімі павінны быць СМІ, каб заслужыць папулярнасць у карыстальніка, якія ёсць формы іх узаемасувязі з карыстальнікамі, ці мае права блогер зазірнуць за зачыненыя дзверы, скажам, судовыя.
Адна са студэнтак папрасіла абазначыць, ці ёсць шансы стаць прафесіяналамі ва ўдзельнікаў клубаў юных журналістаў. У прыватнасці, адказваючы на апошняе пытанне, міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што свой прафесійны шлях яна пачынала яшчэ студэнткай як старшыня клуба юных журналістаў. У якасці прыкладу яна прывяла і іншых сваіх калег па гэтым маладзёжным клубе, а сёння — вядомых журналістаў.
Лілія Ананіч выказала ўпэўненасць, што ўдзельнікі форуму — будучыя кіраўнікі СМІ, людзі, для якіх інтэрнэт-прастора стане месцам работы, таму ім яна пажадала працаваць на краіну, фарміраваць яе станоўчы імідж. “Важна задумацца, якую інфармацыю мы скарыстоўваем і якую мы павінны генерыраваць, з якой інфармацыяй ісці ў свет” — адзначыла Лілія Станіславаўна.
Прыкладам іміджавага інтэрнэт-прадукту стаў праект “Віртуальнае падарожжа па Беларусі”, аўтар якога — Кірыл Дзёмусеў, настаўнік інфарматыкі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна. Ён атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі. Падзяку ад міністэрства атрымаў і Уладзіслаў Лаўцэвіч, навучэнец Глыбоцкай раённай гімназіі Віцебскай вобласці, аўтар праекта “Сайт Дня беларускай пісьменнасці”. Яго сайт ужо наведалі тысячы людзей з 45 краін свету. Дарэчы, Уладзіслаў заручыўся падтрымкай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, і працягвацца праект будзе ўжо на новым узроўні.
У намінацыі “Лепшы мабільны дадатак” першае месца заняла каманда ў складзе Аляксандра Рубанава, Івана Клячкоўскага і Сабіны Рабцэвіч з распрацоўкамі “Памочнік турыста” і “Школьны эксперымент”. Вызначыліся пераможцы ў намінацыях “Лепшы сайт”, “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы”, “Лепшы блог”. Узнагароды атрымалі і пераможцы Рэспубліканскага конкурсу патрыятычнай фатаграфіі. У намінацыі “Беларусь маладая” лепшым стаў фотаздымак Аляксея Марозіка, у намінацыі “Мая Беларусь” перамога дасталася Настассі Палуйчык. Падвядзеннем вынікаў гэты конкурс не завяршыўся, на наступным яго этапе будуць новыя пераможцы.
Падчас форуму стартаваў і новы маладзёжны інтэрнэт-праект “Мая Беларусь — мой выбар”. Яго ўдзельнікі будуць расказваць і паказваць тое, чым мы, беларусы, ганарымся. І гэта не толькі помнікі архітэктуры і прырода. На першы план выйдуць людзі з іх ідэямі і навацыямі. Плануецца, што маладыя людзі будуць праводзіць сацыяльныя даследаванні і публікаваць анлайн-рэпартажы з усёй краіны.
Яшчэ адзін праект — мабільны дадатак “Адкрыты дыялог” — прэзентаваў Павел Бацылеў, студэнт БДУ. Гэты рэсурс дапаможа атрымаць адказы на многія пытанні ад кіраўнікоў ведамстваў, прадпрыемстваў у рэжыме анлайн.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з сайта www.brsm.by.