Мадэль спадарожніка, скафандр касманаўта і электрамабіль у разрэзе: чым уражвае выстава «Мая Беларусь»

- 10:08Актуально, Репортаж

“Адчуваеш гордасць за родную краіну”, — гавораць наведвальнікі пра маштабную выставу “Мая Беларусь”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чаго толькі няма!

На выставе, што займае плош­чу больш за 30 тысяч квадратных метраў, як у павільёне, так і на адкрытай пляцоўцы здзіўляцца сапраўды ёсць чаму. Мноства цікавых праектаў і яркіх экспанатаў, прадстаўленых тут, расказваюць нам пра асноўныя дасягненні нашай краіны за апошні час, абуджаюць гордасць за родную Беларусь. Пра вялікую цікавасць да выставы свед­чыць колькасць яе наведвальнікаў: сюды прыхо­дзяць цэлымі сем’ямі, каля стэндаў шмат моладзі, школьнікаў, ёсць і замежныя гос­ці. Дарэчы, адна з галоўных мэт гэтага праекта — навукова-асветніцкая, прафарыентацыйная.

Усяго тут 11 тэматычных лакацый: “Знак якасці”, “Культурная спадчына”, “Мы — будучыня”, “Разумны горад”, “Прыгожая краіна”, “Навука і інтэлект”, “Клопат і здароўе”, “Спартыўная краіна”, “На варце”, “Атамная энергія”, “Сельская гас­падарка”.

DSC_8595
DSC_8669
DSC_8740
DSC_8790
DSC_8723
DSC_8803
DSC_8716
DSC_8615
DSC_8797
DSC_8595 DSC_8669 DSC_8740 DSC_8790 DSC_8723 DSC_8803 DSC_8716 DSC_8615 DSC_8797

Каб агледзець іх усе, вядома, аднаго дня не хопіць. Таму арганізатары раяць наведацца сюды двойчы, а то і тройчы. Тым больш што час дазваляе: “Мая Беларусь” бясплатна запрашае гасцей да 16 лютага.

Выбіраем будучыню

Сям’я Акуліч з Жодзіна ў святочны дзень спецыяльна прыехала ў сталіцу на выставу. Сямікласнік Дзіма з жодзінскай сярэдняй школы № 4 расказаў, што больш за ўсё яму спадабалася лакацыя “Атамная энергія”, а таксама разнастайная ваенная тэхніка, якая размешчана на пляцоўцы перад павільёнам.

Многім наведвальнікам цяжка было адказаць на пытанне, што ім найбольш спадабалася, але абсалютна ўсе адзначалі: першае, што здзіўляе, — гэта маштаб выставы.

На спартыўнай лакацыі з рознымі трэнажорамі шмат дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, а вось страшакласнікі і моладзь збіраюцца ў секцыях “Разумны горад” , “Мы — будучыня”, “Навука і інтэлект”. Тут можна ўбачыць, напрыклад, “Разумны прыпынак”, дзе ёсць Wi-Fi, інтэрактыўная карта, расклад руху транспарту, зарадка для тэлефона. Каля яго якраз затрымаўся дзевяцікласнік Ула­дзіслаў Дыдышка са сталічнай гімназіі № 61, які плануе звязаць сваю прафесійную будучыню з сучаснымі тэхналогіямі. Хлопец адзна­чае, што на выставе для яго шмат матыватараў. Тут ёсць распрацоўка, якую прадстаўляе Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, — устаноўка для супертонкага магнітна-абразіўнага паліравання высокадакладных паверхняў. Дарэчы, на кожны экспанат можна паглядзець у дзеянні, акрамя таго, пра яго падрабязна расказваюць.

— Падыходзяць, пытаюцца — і дарослыя, і дзеці: адкуль бярэцца папера, кардон, для чаго і як яны выкарыстоўваюцца, — гаворыць інжынер-тэхнолаг Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната Ала Клешчанка. — На сучасным макеце мы пастараліся прадставіць увесь тэхналагічны цыкл, як з дрэва атрымліваецца матэрыял для сшытка. Спе­цыяльна для дзетак, без складаных паняццяў. У гэтым вялізным вытворчым працэсе задзейнічаны каля 800 чалавек! Наша прадпрыемства цалкам камп’ютарызаванае. І мы рады, што школьнікі, моладзь усё гэта ўбачаць і, магчыма, у будучыні захочуць у нас працаваць.

Асаблівай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца экспазіцыя, прысвечаная космасу. Тут і сап­раўдная касмічная капсула, у якой прызямліліся пасля палёту Марына Васілеўская і Алег Навіцкі, і скафандр касманаўта. А таксама ма­дэль спадарожніка, распрацаваная студэнтамі і педагогамі факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сам гэты спадарожнік ужо паўгода як у космасе, дасылае важныя даныя на Зямлю. Напрыклад, фатаграфуе прыродныя з’явы, лясныя пажары.

— Гэта гордасць нашага факультэта, — адзначае студэнт Вадзім Дубавец. — Дзякуючы спадарожніку, ужо напісана каля 30 курсавых і дыпломных работ.

Нікога не пакіне абыякавым і электрамабіль у разрэзе, які можна разгледзець у дэталях, а таксама першы айчынны электрычны аўтамабіль ВELGEE ЕX50, цалкам створаны з беларускіх камплектуючых.

Мора інтэрактыву

І ўсё ж галоўнае, чым захапляе выстава, — інтэрактыў.

На адкрытай пляцоўцы можна адчуць сябе вадзіцелем рознай тэхнікі, у тым ліку вялізнага БелАЗа.

На спартыўнай лакацыі бацькі і дзеці гуляюць у валейбол, вучацца катацца на лыжах на спе­цыяльным трэнажоры. Папулярная таксама і лакацыя “Клопат і здароўе” Міністэрства аховы здароўя, дзе перад уваходам у сапраўдныя аўтамабілі хуткай дапамогі і рухомы медыцынскі комплекс доўгая чарга жадаючых зазірнуць, што там унутры. Побач — крэс­ла стаматолага, дзе маленькіх дзяцей сустракае ўрач і ву­чыць іх правільна чысціць зубы, а потым самых уважлівых катае на крэсле, якое рухаецца ў розныя бакі. На медыцынскіх манекенах малых вучаць правілам аказання першай дапамогі, выканання масажу сэрца. У секцыі “Медыцына і фармацэўтыка” расказваюць, што такое генетычны пашпарт чалавека.

Тут жа можна паглядзець, як працуе робат-фармацэўт.

А самыя маленькія маюць магчы­масць паспрабаваць з парашку зрабіць уласныя лекі.

Вялікая чарга назіраецца і ля трэнажора-трактара на лакацыі  “Сельская гаспадарка”, дзе можна адчуць сябе вадзіцелем гэтай машыны.

Аншлаг — на лакацыі “На варце”, дзе свае экспазіцыі прадстаўляюць Міністэрства абароны, МУС і МНС.

Тут можна паглядзець на беспілотны авіяцыйны комплекс блізкага радыуса дзеяння “Камар”, уніформу і ўзбраен­не ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, баявое адзенне пажарнага.

Пералічыць усё, што прапаноўвае выстава, немагчыма — гэта трэба ўбачыць.

Арганізатары падкрэсліваюць: тут сабрана далёка не ўсё, чым ганарыцца наша краіна, але і гэта вельмі шмат! І раяць абавязкова прыходзіць з дзецьмі, каб разам з імі паглядзець на сучаснасць Беларусі і зазірнуць у будучыню.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА