У рэдакцыю… на заняткі

- 11:42Актуально, Апошнія запісы

У хуткім часе студэнты факультэта выдавецкай дзейнасці і паліграфіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта змогуць прыходзіць у рэдакцыі сродкаў масавай інфармацыі не толькі на экскурсіі, але і на паўнавартасныя практычныя заняткі, якія будуць праводзіць спецыялісты-практыкі.

15 красавіка адбылося падпісанне пагаднення аб адкрыцці на базе ўстановы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” філіяла кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Кафедра рыхтуе спецыялістаў для выдавецкай галіны нашай краіны з 1999 года. Сярод яе партнёраў — вядучыя выдаўцы Беларусі і краін замежжа. Цяпер гэты пералік папоўніўся ўстановай “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”, дзе адкрыты філіял кафедры. У найбліжэйшай перспектыве — правядзенне практычных заняткаў на базе рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі, выдаўцом якіх з’яўляецца ўстанова “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”, арганізацыя навукова-практычных канферэнцый, семінараў і стажыровак як студэнтаў, так і выкладчыкаў кафедры.
“Стварэнне такога падраздзялення кафедры — значны крок у павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне выдавецкай справы, — адзначыў пры падпісанні пагаднення загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Уладзімір Куліковіч. — Спадзяёмся, што наша супрацоўніцтва будзе плённым і разнапланавым”.
Сярод задач філіяла кафедры — аб’яднанне намаганняў і эфектыўнае выкарыстанне навукова-тэхнічнага патэнцыялу ўстаноў, садзейнічанне развіццю фундаментальных і прыкладных даследаванняў, правядзенню навуковых даследаванняў выкладчыкамі і студэнтамі БДТУ і ўкараненню вынікаў сумесных даследаванняў у рэдактарскую практыку.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.