300 талентаў для каралевы

- 12:26Актуально, Апошнія запісы

Днямі ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылося падпісанне Мемарандума ў галіне фізічнай культуры і спорту дзяцей і моладзі па развіцці лёгкай атлетыкі ва ўстановах адукацыі Беларусі. У цырымоніі падпісання ўзялі ўдзел міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Баляба і старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.

Мемарандум стаў чарговым прадукцыйным крокам у супрацоўніцтве двух ведамстваў. Як адзначыў Міхаіл Жураўкоў, з сістэмай спорту і турызму нас звязваюць якасныя праекты і агульныя інтарэсы. У Беларусі набылі папулярнасць такія мерапрыемствы, як “Скураны мяч”, “Залатая рыбка”, “Снежны снайпер” і г.д. Наступным агульным крокам стануць два новыя праекты — “300 талентаў для каралевы” і “Шкаліяда”. Першы з іх стартуе ўжо ў маі, і ў ім актыўна будуць задзейнічаны школьныя педагогі.
“Пад каралевай мы маем на ўвазе каралеву спорту — лёгкую атлетыку, — адзначыў адзін з ініцыятараў праекта Вадзім Дзевятоўскі. — Настаўнікі фізічнай культуры ў рамках школьнай праграмы правядуць спецыяльнае тэсціраванне для навучэнцаў 1—4 класаў, каб выявіць найбольш адораных дзяцей. У верасні мы правядзём яшчэ адно тэсціраванне, дзе праверым атрыманыя вынікі, і вызначым 300 лепшых з мэтай працягваць іх развіццё ў спартыўных секцыях і школах”.

У ходзе рэалізацыі праекта, па словах старшыні федэрацыі лёгкай атлетыкі, плануецца рэалізаваць 1 млрд беларускіх рублёў, выдзелены стратэгічным партнёрам кампаніяй “Белдзяржстрах”. Пры гэтым фінансы будуць накіраваны не толькі на выдзяленне грантаў, спартыўную экіпіроўку і прызы для юных спартсменаў, але і на матэрыяльнае заахвочванне настаўнікаў фізічнай культуры.
Не застануцца без увагі спартыўныя “зорачкі” нават з самых не ўладкаваных у плане інфраструктуры рэгіёнаў. Там, дзе няма аддзяленняў лёгкай атлетыкі, са школьнікамі ў рамках школьнага прадмета будуць актыўна займацца іх педагогі. Мяркуецца, што індывідуальны падыход будзе забяспечаны ўжо хаця б таму, што з 6 тысяч сённяшніх настаўнікаў фізкультуры спецыялізацыю “Лёгкая атлетыка” маюць каля тысячы.
“Гэта самы даступны і папулярны ў беларускіх установах адукацыі від спорту, — адзначыла дырэктар РЦФВС Валянціна Баляба. — Сённяшнія тэхналогіі даюць нам магчымасць інфармацыйнай падтрымкі педагогаў, якія будуць працаваць з дзецьмі на месцах. Пры неабходнасці будуць праведзены анлайн-канферэнцыі з удзелам галіновых спецыялістаў.
Праект “Шкаліяда” ўяўляе сабой лёгкаатлетычныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў. Мы спадзяёмся, што гэтыя новыя праекты стануць сур’ёзнай матывацый для нашых настаўнікаў”.
Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко назваў “300 талентаў для каралевы” і “Шкаліяду” адным з сучасных спосабаў падрыхтоўкі рэзерву.
“Лёгкая атлетыка з’яўляецца не толькі масавым відам спорту, але і асновай для іншых відаў, — падкрэліў ён. — Сёння ў Беларусі пабудавана трывалая сістэма падрыхтоўкі атлетаў, у гэтым кірунку працуюць 397 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Разам з тым у сучасных умовах патрэбны інавацыйныя падыходы ў вызначэнні патэнцыялу прафесійных атлетаў, тут правільны прынцып “не колькасцю, а ўменнем”. Лічу, што падпісанне мемарандума дасць пэўны штуршок у гэтым кірунку”.
Міністр спорту і турызму паведаміў, што ў цэлым сітуацыя з рэзервам у краіне складваецца неблагая: з усіх заваяваных медалёў у мінулым годзе практычна палова — на рахунку прадстаўнікоў бліжэйшага рэзерву. Абазначыў Аляксандр Шамко і праблемы: па яго словах, толькі 50 працэнтаў выпускнікоў вучылішч алімпійскага рэзерву трапляюць у нацыянальныя зборныя па відах спорту, а значыць, яшчэ ёсць над чым працаваць.
Май, а разам з ім і старт першага лёгкаатлетычнага праекта зусім хутка. У бліжэйшай будучыні запланавана і метадычная работа — федэрацыя абяцае акцэнтаваць сваю ўвагу на распрацоўцы метадычных дапаможнікаў.
— Думаецца, што новыя праекты абавязкова знойдуць водгук у нашых школах, — рэзюмаваў міністр адукацыі. — І праз колькі гадоў пры ўзнагароджанні чэмпіёна ўніверсіяды ці Алімпійскіх гульняў мы пачуем, як ён скажа, што пачынаў свой спартыўны шлях як адзін з “талентаў для каралевы” ці як удзельнік “Шкаліяды”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.