Аляксандр Дзеружынскі: у кіраўніцкай дзейнасці прытрымліваюся наступнага правіла – не камандаваць, а супрацоўнічаць

- 12:19Интервью, Школа управления

Лапаціцкая сярэдняя школа Слаўгарадскага раёна ўражвае арганізацыяй сучаснага адукацыйнага асяроддзя. Пра адметнасці кіравання сельскай школай карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам Аляксандрам Дзеружынскім.

— Аляксандр Міхайлавіч, вы дырэктар са стажам. Як мяняліся вашы адчуванні ў гэтай ролі? Працаваць стала прасцей?

— Пасада дырэктара выз­начае пункт гледжання чалавека, маштаб яго бачання і асновы светапогляду. Мэты, задачы, прыярытэты, адказнасць, змест работы — на ўсё пачынаеш глядзець па-іншаму. Без іншага погляду, больш шырокага і глыбокага, кіраўнік проста не зможа акрэсліць ні свае задачы, ні задачы сваіх падначаленых. Пры любым павышэнні па службовай лес­віцы абавязкова з’яўляецца новая зона адказнасці, таму для паспяховага кіравання неабходна засвоіць новыя веды і навыкі. Працаваць не стала прасцей, але значна цікавей.

— Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя, гэтая пасада шматфункцыянальная. Якія функцыі дырэктара, на ваш пог­ляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

— Вызначальныя функцыі кіраўніка — планаванне, матывацыя, арганізацыя, кіраванне і кантроль. Яны працуюць у комплексе пры рэалізацыі арганізацыйных мэт. Аднак у першую чаргу трэба звяртаць увагу на матывацыю, бо калі ёсць матываваныя педагог і вучань, да якіх яшчэ падключаюцца неабыякавыя бацькі, то шансы на добры вынік павялічваюцца ў разы.

— На якія дакументы абапіраецеся ў рабоце?

Школа ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб адукацыі, Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, Палажэннем аб парадку правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі, нарматыўнымі прававымі актамі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, статутам установы адукацыі. Самымі важнымі для дырэктара школы дакументамі, якія заўсёды пад рукой, з’яўляюцца вучэбны план і гадавы план установы адукацыі на бягучы навучальны год.

— Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)? Якімі правіламі кіруецеся ва ўзаемадзеянні з педагагічным і вучнёўскім калектывамі?

Працэс кіравання любой педагагічнай сістэмай прадуг­леджвае мэтавызначэнне (пастаноўку мэт) і планаванне (прыняцце рашэнняў). Галоў­нае, каб сумесная дзейнасць адміністрацыі школы, настаў­нікаў, бацькоўскага камітэта і органаў вучнёўскага самакіравання была нацэлена на выкананне вызначанага плана, дасягненне пастаўленай мэты. У сваёй кіраўніцкай дзей­насці прытрымліваюся наступных правіл: выразна фармуля­ваць задачы; не камандаваць, а супрацоўнічаць; усіх уключаць у агульнашкольнае жыццё; далучаць да прыняцця важных рашэнняў бацькоў; арганізоўваць дзейнасць школы адначасова ў двух рэжымах — функцыянавання і развіцця. Акрамя таго, мне вельмі дапамагае настаўніцкі вопыт. Да дырэктарскай пасады я 18 гадоў працаваў настаўнікам і 7 з іх — у гэтай школе, таму добра ведаю калектыў.

На ажыццяўленне мары і паступленне ва ўстанову аграрнага профілю натхняе настаўніца хіміі Анастасія Марушэнка. У школе не першы год паспяхова функцыянуюць агракласы

— Якія парады можаце даць пачынаючаму дырэктару?

— Для маладога дырэктара ў прыярытэце, на мой пог­ляд, павінна быць дзейнасць па стварэнні прафесійнай каманды з ліку настаўнікаў-адна­думцаў. Намаганні неабходна накіраваць на ўмацаванне кадраў, іх навучанне і развіццё, бо ніякі, нават самы прасунуты дырэктар школы нічога не можа стварыць без настаўніка! Таксама дырэктар павінен паважліва ставіцца абсалютна да ўсіх супрацоўнікаў: прынцыповых і рахманых, маладых спецыялістаў і педагогаў са стажам, творчых і ініцыятыўных. Ён павінен улічваць меркаванне кожнага прадстаўніка калектыву і добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі. Яшчэ трэба да­ваць калектыву больш прасторы для самастойнасці, абавязкова дэлегаваць паўна­моцтвы, заахвочваць за вы­нік і, вядома, дастаткова часу прысвячаць рабоце з дакументамі. Нарэшце, важна быць аптымістычным і жыццярадасным, а не знаходзіцца ў палоне штодзённай мітусні.

— Да чаго імкняцеся сёння як дырэктар?

Хачу (і імкнуся да гэтага), каб у нашай школе было камфортна ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу: вучням, педагогам і бацькам. Вядучай задачай школы заўсёды было павышэнне якасці адукацыі. Настаўнікі нашай навучальнай установы ўвесь час працуюць над удасканаленнем форм работы і метадаў навучання. Працэс выхавання накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў актыўнай грама­дзянскай пазіцыі праз са­цыяльна значную дзейнасць на карысць асобы, грамадства, дзяржавы. Ва ўстанове адукацыі створаны ўмовы для развіцця і самавызначэння кожнага суб’екта адукацыйнага працэсу. Гэта асяроддзе, у якім гарманізуюцца мэты, каштоўнасці, інтарэсы вучняў, нас­таўнікаў і бацькоў. Акрамя таго, увесь час працуем над абнаўленнем і ўдасканаленнем вучэбна-матэрыяльнай базы, імкнёмся, каб у нашым доме ведаў заўсёды было чыста і ўтульна.

У школе няма навучэнцаў, якія не любілі б урокі фізічнай культуры і здароўя. А ўсё таму, што іх заўсёды чакае на занятках прафесіянал Андрэй Шукайлаў

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі?

— Інавацыі важныя для павышэння якасці адукацыі. Многія нашы настаўнікі выкарыстоўваюць на ўроках і ў пазаўрочны час сучасныя інавацыйныя методыкі, новыя формы арганізацыі і правя­дзення вучэбных заняткаў, элементы сучасных педагагічных тэхналогій, ІКТ-тэхналогіі, інтэрнэт. У школе ёсць сучасны камп’ютарны клас, лінгафонны кабінет, інтэрактыўная дошка, два мультыборды — усе гэтыя інструменты дапамагаюць рабіць урокі сучаснымі і запатрабаванымі ў вучнёўскім асяроддзі. Разам з тым камп’ютар не зможа цалкам замяніць настаўніка з крэйдай каля дош­кі, бо педагогіка — гэта ў першую чаргу пра чалавечыя зносіны.

— Як будуеце адносіны з бацькамі навучэнцаў?

— Для арганізацыі паўнавартаснага працэсу навучання, выхавання і фарміравання асобы дзіцяці неабходна стварыць адпаведны мікраклімат паміж школай і сям’ёй, сям’ёй і педагогамі, педагогамі і вучнямі, вучнямі і іх аднакласнікамі. Ідэальным варыянтам выхаваўчай работы з’яўляецца раўнапраўнае, сяброўскае ўзаема­дзеянне бацькоў, дзяцей і педагагічнага калектыву. Супрацоў­ніцтва з бацькамі ажыццяў­ляецца праз іх уключэнне ў адукацыйны і выхаваўчы працэс. Адносіны з бацькамі будую на ўзаема­павазе і адкрытасці. Акрамя бацькоўскіх сходаў, кантактую з мамамі і татамі праз тэлефон і месенджары. А калі ёсць патрэба вырашыць вострыя пытанні, якія не варта выносіць на публіку, праводжу індывідуальныя гутаркі: кожны тата або мама можа задаць набалелыя пытанні ці выказаць свае пажаданні.

— Поспех настаўніка — гэта поспехі яго вучняў. Падзяліцеся дасягненнямі вашых дзяцей і педагогаў у гэтым
навучальным годзе.

— Сапраўды, поспех вучня залежыць ад майстэрства нас­таўніка, а майстэрства нашых педагогаў пацвярджаюць вучні на алімпіядах. У гэтым навучальным годзе ў раённай алімпіядзе па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 9 навучэнцаў 9—11 класаў. Яны дэманстравалі свае веды па 5 вучэбных прадметах. У выніку на рахунку школы — дып­лом ІІ ступені на алімпіядзе па нямецкай мове, 3 дыпломы ІІІ ступені па працоўным навучанні, фізічнай культуры і здароўі. Навучэнка 11 класа дайшла да вобласці. Прызёраў раённай алімпіяды падрыхтавалі настаўнікі нямецкай мовы Алена Аляксандраўна Цітова, працоўнага навучання Наталля Уладзіміраўна Кавалёва, фізічнай культуры і здароўя Андрэй Мікалаевіч Шукайлаў.

Вырабіць жаданую цацку, змайстраваць казачнага героя або выявіць здольнасці ў саломапляценні заўсёды дапаможа настаўніца працоўнага навучання Наталля Кавалёва

У бягучым навучальным годзе на другім этапе Рэспуб­ліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці нашы навучэнцы заваявалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені. Падрыхтоўкай школьнікаў займалася настаўніца матэматыкі Таццяна Аляксееўна Ільянкова.

Наш вучань паспяхова прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў 5—8 класаў і на абласным этапе заваяваў дып­лом ІІ ступені па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”. Такога выніку дапамагла дасягнуць дасведчаны педагог Жанна Анатольеўна Шчэрба, якая ў тым ліку паспяхова развівае школьную каманду вясёлых, амбіцыйных, кемлівых (“КВАС”).

Пераможцаў раённых і абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў творчага характару (па выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці) рыхтуюць выхавальнік ГПД Наталля Фёдараўна Гарошка і настаўніца працоўнага навучання Наталля Уладзіміраўна Кавалёва. Штогод работы навучэнцаў нашай установы адзначаюцца дыпломамі на абласным этапе рэспуб­ліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. У гэтым навучальным годзе маем дыплом ІІІ ступені ў дыстанцыйным конкурсе выяўленчага мастацтва “Мы выбіраем жыццё”, дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Тэрыторыя чараўніцтва: сезон ёлачных цацак”, дыплом І ступені ў абласной выставе-конкурсе творчых дасягненняў педагогаў.

Маладая настаўніца гісторыі і выпускніца нашай школы Аляксандра Анатольеўна Агеева раўняецца на сваіх былых школьных настаўнікаў, а цяпер старэйшых калег, і актыўна папаўняе скарбонку дасягненняў школы. У бягучым навучальным годзе вучні пад яе кіраўніц­твам здолелі заваяць дыпломы рознай вартасці на раённых інтэлектуальна-пазнавальных гульнях “Піянерскі квіз”, “Акцябрацкі квіз”, на абласным этапе рэспуб­ліканскага прававога турніру “Сіла закона — 2024” занялі 3-е месца.

Навучэнцы школы прынялі актыўны ўдзел у абласным конкурсе фатаграфій-матыватараў “МУР 4: якасная адукацыя”, прысвечаным Году якасці. Дыпламанта ІІІ ступені падрыхтавала педагог Алена Аляксандраўна Цітова.

18 студзеня гэтага года ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці прайшоў паўфінал турніру па ваенна-прыкладных відах спорту сярод дап­рызыўнай моладзі “Абаронца Айчыны” ў гонар Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў. Слаўгарадскі раён прадстаўляла каманда нашай школы. Пяцёра вучняў 9—11 класаў пры падтрымцы кіраў­ніка па ваенна-патрыятычным выхаванні А.М.Шукайлава добра падрыхтаваліся да спаборніц­тва і заваявалі дыплом ІІ ступені ў камандным заліку.

Павіншаваць прызёраў турніру “Абаронца Айчыны” і ўручыць медалі і салодкі прыз ва ўстанову адукацыі прыехаў старшыня Слаўгарадскай раён­най арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васіль Максімавіч Саўчанка.

— Дзякуй за размову і пакарэння новых вяршынь!

Даведка

У Лапаціцкай сярэдняй школе вучыцца 71 школьнік: 20 — у пачатковым звяне, 40 — у сярэднім і 11 — у старшым. Рознаўзроставую групу наведваюць 6 выхаванцаў дзіцячага сада. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 18 педагогаў і 2 выхавальнікі дашкольнай адукацыі, з іх 83% — з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА