Днямі на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці адбылося ўрачыстае адкрыццё Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі.
Цэнтр створаны ў рамках рэалізацыі мемарандума, які быў падпісаны ў чэрвені 2014 года паміж дзяржкарпарацыяй “Расатам” і Міністэрствам адукацыі Беларусі. Падобныя ўстановы актыўна ствараюцца ў рэгіёнах, дзе знаходзяцца атамныя прадпрыемствы, пры будаўніцтве якіх выкарыстоўваліся расійскія тэхналогіі. Адкрыццё першага адбылося ў Томску ў 2008 годзе, пасля чаго на тэрыторыі Расіі іх было створана 17. У 2012 годзе замежныя інфармацыйныя цэнтры адкрыты ў Ханоэ (В’етнам), у 2013 годзе — у горадзе Дака (Бангладэш), у 2014 годзе — у Стамбуле (Турцыя).
Асноўнай задачай беларускага Інфрамацыйнага цэнтра па атамнай энергіі, як і іншых, з’яўляецца асвета ў пытаннях радыяцыйнай бяспекі атамнай энергетыкі, папулярызацыя атамнай навукі і тэхнікі сярод дзяцей і моладзі, прафарыентацыя навучэнцаў, а таксама развіццё ядзерных тэхналогій і адукацыі ў галіне атамнай энергіі.
Мультымедыйны кінатэатр, які спалучае ў сабе 3D-праекцыю, камп’ютарную графіку і анімацыю, стэрэагук, інтэрактыўныя кансолі і персанальныя маніторы, паспеў набыць пэўную вядомасць у сталіцы. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, ён дазваляе поўнасцю пагрузіць гледача ў віртуальную рэальнасць. Базавы прадукт цэнтра — 45-хвілінны мультымедыйны сеанс пазнавальнай праграмы “Свет атамнай энергіі”, пры гэтым праграма сеанса ўніверсальная: яна ўключае некалькі інтэрактыўных віктарын і разлічана на непадрыхтаваную аўдыторыю. Таксама ў арсенале інфармацыйнага цэнтра праграмы па астраноміі, прыродазнаўстве і краіназнаўстве на рускай і англійскай мовах.
Спецыялісты цэнтра плануюць максімальна выкарыстоўваць яго магчымасці, тут ужо запланавана правядзенне канферэнцый, семінараў, выстаў, сустрэч з навукоўцамі і г.д. Дарэчы, цікавымі для наведвальнікаў будуць таксама інтэрактыўны макет АЭС, макеты “Універсальны радыёметр”, “Сістэмы бяспекі АЭС”, сэнсарны кіёск са спецыяльнымі праграмамі.
Работа інфармацыйнага цэнтра арганізавана на некамерцыйнай аснове. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця тут прайшоў дзень адкрытых дзвярэй, у рамках якога школьнікі, студэнты, педагогі, прадстаўнікі СМІ мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавымі адукацыйнымі праграмамі. Усяго ў гэты дзень цэнтр наведала больш за 800 чалавек.
Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.
Фота Канстанціна НЕТЫЛЁВА.