Мінулы год стаў трыумфальным: сістэма адукацыі Гомельшчыны прызнана лепшай у краіне

- 10:03Актуально

У Гомелі разгледзелі вынікі работы сістэмы адукацыі вобласці ў 2024 годзе і агучылі ключавыя задачы на 2025 год. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У рабоце пасяджэння выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Беларусі Сяргей Руды, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жанна Ждановіч. Форум прайшоў у Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага.

Трыумфальны год 

Да пачатку пасяджэння гасцей форуму азнаёмілі з дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў вобласці ў напрамку тэхнічнай і інавацыйнай творчасці. Так, гімназія імя Янкі Купалы прадставіла Мазырскі раённы інжынерна-тэхнічны цэнтр, прадэманстраваўшы свае праекты, якія былі высока ацэнены на абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях і конкурсах даследчага характару. Педагогі дзіцячых садоў № 40 і № 33 Мазыра ярка прэзентавалі ўнікальныя аўтарскія дапаможнікі праекта “Інфарматыка без разеткі”. Прадстаўнікі дзіцячых садоў № 1 і № 5 Жыткавіч падзяліліся напрацоўкамі і прадставілі энцыклапедыю “Птушкі — насельнікі Палесся”, 3D-галаграфічны вентылятар. Педагогі ДЦРД Рагачова паспяхова карыстаюцца штучным інтэлектам, ствараючы з дзецьмі мультфільмы.

На пасяджэнні калегіі Дзмітрый Алейнікаў адзначыў, што гэты год пачаўся са знакавай для ўсёй краіны палітычнай падзеі — выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і выказаў удзячнасць за важкі ўклад у арганізацыю выбарчай кампаніі.

Руслан Смірноў сваё выступленне пачаў са слоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: “Школа — гэта храм, туды трэба прыходзіць з чыстымі намерамі”.

Адзначалася, што мінулы год стаў для вобласці трыумфальным: сістэма адукацыі Гомельшчыны прызнана лепшай у краіне.

У сваіх выступленнях спікеры выказвалі ўдзячнасць паважаным педагогам за адданасць выбранай прафесіі, нястомную працу і бесперапыннае жаданне рухацца наперад.

Навучэнцы праслаўляюць рэгіён на інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці вобласці і краіны, маюць актыўную грама­дзянскую пазіцыю.

Вопыт работы калектыву Мазырскага абласнога ліцэя атрымаў высокую ацэнку ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Эфектыўныя напрацоўкі педагогаў Мазырскага, Жлобінскага, Рагачоўскага, Светлагорскага, Жыткавіцкага раёнаў і Гомеля ў сферы IT-тэхналогій, даследчай дзейнасці былі яскрава прэзентаваны ў хо­дзе рэспубліканскай грамадска-палітычнай акцыі “Марафон адзінства” ў Мазыры. Прафесіяналізм майстроў вытворчага навучання Гомельскага каледжа кулінарыі пакарыў журы міжнароднага конкурсу ў Кітаі.

Увага — на якасць адукацыі

Руслан Смірноў спыніўся на асноўных напрамках дзейнасці сферы адукацыі. Ён падкрэсліў, што сучасная да­школьная адукацыя — флагман у пытаннях распрацоўкі і ўкаранення інфармацый­ных тэхналогій дашкольнай адукацыі.

— Захаванне даступнасці і бяспекі дашкольнай адукацыі для кожнага дзіцяці з улікам патрэбнасці яго развіцця, стану здароўя — прыярытэтная задача, — дадаў кіраўнік галіны вобласці.

Руслан Іванавіч акцэнтаваў увагу прысутных на якасці адукацыі: перамогах школьнікаў на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях, колькасці абсалютных сертыфікатаў па выніках ЦЭ, ЦТ, што забяспечыла поспех сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вобласці ў рэспубліканскім рэйтынгу па выніках 2024 года.

У вобласці праводзіцца сістэмная работа па пашырэнні класаў прафесійнай накіраванасці. У гэтым годзе сумесна з рэгіянальнымі УВА быў дадзены старт абласному праекту “ПроВУЗ”, у яго аснове — якасная інфармацыйна-тлумачальная прафарыентацыйная работа з навучэнцамі і бацькамі.

Важныя задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, — удасканаленне якасці выкладання вучэбных прадметаў, аказанне якаснай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, забеспячэнне развіцця секцый і аб’яднанняў па інтарэсах, даступнасць дадатковай адукацыі для сельскіх дзяцей. Трэба правільна выбудоўваць лагістыку маршрутаў руху школьных аўтобусаў з улікам патрэбнасці дзяцей і з захаваннем мер бяспекі. Не страчвае актуальнасці пытанне ранняй прафарыентацыі моладзі. На асаблівым кантролі — аптымізацыя, падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Дарэчы, сёлета бюджэтнае фінансаванне мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі павялічана ўдвая. Галоўнае — выканаць якасна і ў тэрмін капітальныя і бягучыя рамонты, рацыянальна выкарыстоўваць выдзеленыя сродкі. У мінулым годзе ва ўстановах адукацыі сродкі таксама былі накіраваны на ўстаноўку сістэм прапускнога рэжыму (сістэм кантролю і кіравання доступам). Работа ў гэтым напрамку працягнецца і ў бягучым годзе. Неабходна рэгулярна вяртацца да тэмы подзвігу настаўнікаў і герояў пакалення Вялікай Айчыннай вайны, каб данесці да моладзі значнасць і веліч іх дасягненняў.

Лепшыя ў краіне

На пасяджэнні калегіі Сяргей Руды падзякаваў усім работнікам сістэмы адукацыі за высокія вынікі работы і адда­насць выбранай прафесійнай дзейнасці, адзначыўшы, што Гомельшчына па праве ганарыцца перамогамі і дасягненнямі ў сферы адукацыі:

— Па даручэнні міністра адукацыі Беларусі Андрэя Іванца хачу чарговы раз нагадаць, што вы першыя ў краіне. Працягвайце і далей дзейсна працаваць!

Сяргей Валянцінавіч таксама адзначыў плённую працу напрамкаў дзейнасці ў вобласці, акцэнтаваў увагу на тых задачах, якія стаяць перад Гомельшчынай. Павіншаваў прысутных з паспяховым годам і ўручыў дзесяці прадстаўнікам высакароднай прафесіі нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі”. Гэты момант стаў самым яркім на форуме. Таксама дваццаці педагогам уручаны ўзнагароды Гомельскага аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення адукацыі.

Ганарымся і захапляемся!

Сярод узнагароджаных нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі” — загадчыца дзіцячага сада № 125 Гомеля Алена Атрошчанка, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Дзмітрый Корхаў, метадыст Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Лучкова, намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Маркава, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска Іна Муляр, метадыст Ельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Сергіенка, намеснік начальніка аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Уладзімір Ткач, дырэктар сярэдняй школы № 15 Мазыра імя генерала Я.С.Барадунова Сяргей Траян, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Нараўлянскага райвыканкама Ірына Шабаліна, дырэктар Кісцянёўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Ніна Чараўцова.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара