У Мінадукацыі прэзентавалі дакументальна­-біяграфічнае выданне «Наш Прэзідэнт»

- 10:03Актуально

У Міністэрстве адукацыі адбылася прэзентацыя дакументальна­-біяграфічнага выдання “Наш Прэзідэнт”. Міністр адукацыі Андрэй Іванец прадставіў яго аўтараў — Аляксандра Радзькова і Аляксандра Карлюкевіча — і звярнуў увагу на тое, што кніга — унікальная, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Апісаць жыццёвы, прафесійны, палітычны шлях чалавека, які літаральна стварыў нашу краіну, — гэта адказна і няпроста, — акцэнтаваў увагу міністр адукацыі. — Думаю, што кніга абсалютна ўсім зразумелая і цікавая: і старэйшаму пакаленню, і моладзі, і сістэме адукацыі ў прыватнасці. Чаму? Таму што наш Прэзідэнт заўсёды гаворыць, што адукацыя — гэта фундамент грамадства. Акрамя таго, Прэзідэнт — прыклад таго, як трэба ставіцца да людзей, да кожнага чалавека.

Тры раздзелы, з якіх складаецца кніга, у нарысах ілюстру­юць шлях станаўлення Аляксандра Лукашэнкі як асобы, патрыёта і Прэзідэнта. На яе старонках саб­рана інфармацыя, пачынаючы з дзяцінства і юнацтва Аляксандра Рыгоравіча і працягваючы ўдзелам у ключавых грамадска-палітычных падзеях краіны.

Расказваючы пра тое, як вялася работа над кнігай, Аляксандр Радзькоў адзначыў, што аўтарскі калектыў арыентаваўся на канцэпцыю падручніка.

— Мы імкнуліся да таго, каб зрабіць кнігу зразумелай, — сказаў Аляксандр Міхайлавіч. — Яна павінна быць цікавай, даступнай. Для гэтага трэба многа і ўдумліва працаваць — педагогі гэта ведаюць. Мы распрацавалі цэлую канцэпцыю.

Змест кнігі ў першую чаргу накіраваны на тое, каб раска­заць пра асобу Прэзідэнта, пака­заць чытачам, як развівалася краіна на працягу 30 гадоў інстытута прэзідэнцтва.

— У нас атрымаўся не толькі біяграфічны твор, але і навукова-практычнае даследаванне, — адзначыў доктар педагагічных навук. — У кнізе “Наш Прэзідэнт” мы пастараліся па-філасофску асэнсаваць і на яркіх прыкладах з жыцця паказаць чытачу працэс фарміравання і рэалізацыі патэнцыялу сапраўднага лідара. Аляксандр Рыгоравіч неяк сказаў, што прэзідэнтамі не становяцца, а нара­джаюцца. Гэтая думка таксама прасочваецца ў апублікаваных матэрыялах.

Для таго каб кніга напоўнілася тымі ідэямі, якія аўтары першапачаткова задумалі і хацелі данесці да чытачоў, над ёй давялося многа папрацаваць. Па словах дырэктара выдавецтва “Беларусь” старшыні Саюза пісьменнікаў Аляксандра Карлюкевіча, матэрыялы для выдання, у тым ліку фатаграфічныя, шукалі ў многіх крыніцах.

— Мы разважалі, на чым можна грунтавацца, што лепш за ўсё ляжа ў аснову і зробіць кнігу лаканічнай. Патрабавалася пабудаваць дакладную мадэль, — падзяліўся Аляксандр Карлюкевіч. — Мы глядзелі кнігі пра кіраўніка дзяржавы, якія былі выпушчаны на працягу трох дзесяцігоддзяў. У другой палове 1990-х гадоў “Знамя юности” друкавала артыкул кандыдата гістарычных навук У.Якутава, які расказваў пра жыццё Прэзідэнта. Да таго ж вывучалі мастацка-дакументальныя выданні.

Перш чым выпусціць кнігу, яе аўтары аддалі сабраны матэрыял — рукапісы і макеты — на ліцэнзаванне аналітыкам, блізкім да Прэзідэнта, якія на працягу многіх гадоў бачаць яго палітычны шлях.

— Мы падрабязна вывучалі кнігу вядомага палітолага і філосафа Роя Аляксандравіча Мядзве­дзева, але ў ёй таксама не знайшлі таго, што хацелі, — звярнуў увагу старшыня Саюза пісьменнікаў. — Бо ў ёй аўтар расказвае не пра асобу праз прызму ўсіх падзей, а паказвае біяграфію кіраўніка, вядзе размову пра сацыяльна-эканамічную мадэль будаўніцтва Беларусі.

Каб зразумець, якой насамрэч павінна быць кніга, аўтары вывучалі адпаведныя выданні пра лідараў іншых краін: звярталі ўвагу як на афармленне, так і на змест.

— Знайшлі кнігі пра лідараў іншых дзяржаў, пагарталі іх і зразумелі, што трэба шукаць уласны стыль, ісці сваім, беларускім шляхам, бо тое, што нам трапілася, не выклікала цікавасці і захаплення, — выказаў меркаванне Аляксандр Мікалаевіч. — Мы зразумелі, што гэта павінна быць дакументальная і біяграфічная кніга. Калі з відам і жанрам вызначыліся, пачалі думаць, як адлюстра­ваць закладзеную ў яе ідэю — паказаць дзейнасць лідара нашай краіны, чалавека, на якога ўскладзена вялікая адказ­насць за мноства рашэнняў.

Важнае пытанне, з якім сутык­нуліся аўтары, тычылася і таго, як умясціць разам візуалізацыйны і фатаграфічны матэрыял.

— Да таго ж вельмі важна правільна паставіць кропку, — упэўнены Аляксандр Карлюкевіч. — Думаю, што ва ўсіх тых, хто працаваў над выданнем, вялікае пачуццё смеласці, за намі — вялікая адказнасць. Мы вельмі хваляваліся, як гэтая кніга будзе ўспрынята грамадствам. Але яе тыраж — 15 000 экзэмпляраў — сведчыць пра тое, што людзям яна спадабалася.

Інфарматыўным дадаткам да аўтарскага тэксту сталі сабраныя копіі ўнікальных дакументаў: камсамольская характарыстыка будучага Прэзідэнта, старонкі яго залікоўкі, рукапісныя тэзісы і інш.

Аўтарскі калектыў кнігі “Наш Прэзідэнт” — гэта прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, дырэктар выдавецтва “Беларусь” старшыня Саюза пісьменнікаў Аляксандр Карлюкевіч і заслужаны дзеяч навукі Беларусі Аляксандр Радзькоў.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА