ІТ-моладзь асвойвае новы бізнес-інкубатар ПВТ

- 11:53Актуально, Апошнія запісы

У пятніцу ў новым бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій прайшоў Рэспубліканскі форум “Моладзь у IT-2015”. Мерапрыемства стала пляцоўкай для абмеркавання сучасных трэндаў і выклікаў у сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама перспектыў развіцця маладзёжнага стартап-руху.
На форум былі запрошаны маладыя людзі, якія звязалі або маюць намер звязаць сваё жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі, і пачынаючыя прадпрымальнікі ў ІТ-сферы. Сакрэтамі, як дасягнуць поспеху ў рэалізацыі IT-праектаў, з імі дзяліліся топ-менеджары кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, а таксама маладыя прадпрымальнікі, якія паспяхова запусцілі свае стартапы.
Другой часткай форуму стаў MENTOR DAY 2 — мерапрыемства, дзе аўтары камерцыйных ідэй атрымалі практычную дапамогу для развіцця стартапаў ад прызнаных лідараў ІТ-індустрыі.

ПВТ — гэта візітоўка Беларусі

Аб перспектывах развіцця ІТ-сферы вельмі красамоўна сведчаць факты. Як паведаміў, вітаючы ўдзельнікаў форуму, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, у мінулым годзе сальда інфармацыйных паслуг у нашай краіне перавысіла 680 мільёнаў долараў.
“Гэта чысты прыток валюты ў краіну, 30% ад сальда ўсёй сістэмы Міністэрства прамысловасці”, — падкрэсліў М.У.Мясніковіч, адзначыўшы, што Парк высокіх тэхналогій з’яўляецца сёння візітоўкай Беларусі.
“Калі мы рыхтавалі абгрунтаванне стварэння ПВТ, то думалі, што атрымае з гэтага наша краіна, — расказаў дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Вільямавіч Цапкала. — Меркавалі, што праз 10 гадоў работы парка (да 2016 года) экспарт паслуг у ІТ-галіне можа дасягнуць 300—350 мільёнаў долараў. Прычым гэта быў супераптымістычны прагноз, бо на той час уся наша краіна, уключаючы такія дзяржаўныя прадпрыемствы, як “Агат-сістэмз”, НДІ ЭВМ, завод імя Арджанікідзэ і іншыя, а таксама ўсе прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, экспартавала праграмнае забеспячэнне прыкладна на 16 мільёнаў долараў. Уявіць сабе, што праз 10 гадоў мы дасягнем экспарту ў 300—350 мільёнаў долараў пры тэмпе росту сусветнай ІТ-індустрыі ў 3—5%, здавалася даволі фантастычным. Аднак прайшло ўсяго 8 гадоў — і мы ўжо выйшлі на 600 мільёнаў экспарту, Беларусь стала заўважнай краінай у ІТ-сферы”.
Валерый Вільямавіч адзначыў, што, паводле меркавання аналітыкаў Garter, да 2018 года ў традыцыйных сектарах эканомікі адбудзецца скарачэнне рабочых месцаў прыкладна ўдвая. У той жа час занятасць у ІТ-галіне будзе ўзрастаць. “Гэта значыць, што і сістэма адукацыі, і ўся сістэма дзяржаўнага рэгулявання павінны выбудоўвацца з улікам названай тэндэнцыі”, — заявіў кіраўнік адміністрацыі ПВТ.
“Што да бізнес-інкубатара, то мы пабудавалі яго для моладзі, каб чалавек, у якога ёсць ідэя, мог сустрэцца з чалавекам, здольным рэалізаваць гэтую ідэю, — заўважыў Валерый Цапкала. — Самы яркі прыклад, які натхняе людзей ва ўсім свеце, — гэта падобная сустрэча Стыва Джобса са Стывам Вознякам. Сустрэча чалавека, які скончыў усяго два курсы правінцыяльнага ўніверсітэта, але быў апантаны ідэяй, і таленавітага інжынера, які змог ажыццявіць гэтую ідэю. Вынікам стала кампанія Apple, чыя рыначная капіталізацыя скаладае звыш 600 мільярдаў долараў, — гэта ўтрая больш, чым кошт “Газпрама”. Пры гэтым многія задаюцца пытаннем: колькі будзе каштаваць “Газпрам” пасля таго, як скончыцца газ? У той жа час як пастаянны прыток таленту робіць кампанію Apple ўсё больш дарагой і канкурэнтаздольнай”.
Валерый Цапкала адзначыў, што асноўны капітал ПВТ — гэта светлыя галовы. І бізнес-інкубатар павінен стаць тым асяроддзем, дзе людзі змогуць сустракацца, абмяркоўваць свае ідэі, вучыцца адно ў аднаго і ствараць новыя праекты.
“Я ўпэўнены, што тут будуць нараджацца новыя беларускія брэнды, такія, напрыклад, як вядомыя ва ўсім свеце Viber, Wargaming і іншыя, — заявіў Валерый Вільямавіч Цэпкала. — А таму выдумляйце, спрабуйце, не бойцеся памыляцца, пастаянна рухайцеся наперад — і вам будзе спрыяць поспех!”

Ад ідэі — да паспяховага прадукту

Яркім прыкладам для беларускіх стартап-кампаній з’яўляецца рэзідэнт ПВТ кампанія “АпалонАпс”, якая надзейна асталявалася ў рэйтынгах сусветных распрацоўшчыкаў мабільных дадаткаў. Колькасць загрузак дадаткаў, распрацаваных гэтай кампаніяй, налічвае сотні мільёнаў.
Топ-менеджар кампаніі Дзмітрый Карней падзяліўся з удзельнікамі форуму вопытам арганізацыі каманднай работы і паспяховага стварэння топавых мабільных дадаткаў. У прыватнасці, ён расказаў, што гісторыя кампаніі пачалася больш як 10 гадоў назад з маленькай вэб-студыі, якая была рада першаму заказу на 2 тысячы долараў. Сёння “АпалонАппс” з’яўляецца часткай міжнароднага інтэрнэт-гіганта IAC/InterActiveCorp (ЗША), якому належыць больш як паўтары сотні ІТ-брэндаў і прадуктаў. Кампанія распрацоўвае мабільныя дадаткі для смартфонаў, планшэтаў, а таксама такіх навамодных устройстваў, як электронныя гадзіннікі. І яе прадукты пастаянна знаходзяцца на высокіх пазіцыях у GooglePlay і іншых маркетах дадаткаў.
Дзмітрый Карней адзначыў, што сёння на рынак мабільных дадаткаў скіраваны позіркі розных катэгорый спецыялістаў. Многія сур’ёзныя бізнесмены, нават вельмі далёкія ад інфармацыйных тэхналогій, мараць стварыць які-небудзь дадатак. І нават школьнікі спрабуюць свае сілы ў стварэнні дадаткаў для мабільных устройстваў.
“Аднак будзем шчырымі: большасць мабільных дадаткаў правальныя, — гаворыць Дзмітрый Карней. — Гэтая жорсткая рэальнасць прыводзіць многіх распрацоўшчыкаў да заключэння, што трапіць у ТОП-100 — гэта ўсё роўна, што разбагацець на залатой ліхаманцы”.
Але ў чым тады сакрэт кампаніі “АпалонАпс”, чые дадаткі становяцца хітамі? “Адказ просты, — гаворыць Дзмітрый. — Мы хочам зрабіць нашы дадаткі не проста паспяховымі, а цудоўнымі. Гэтага можна дасягнуць толькі шляхам захавання стандартаў распрацоўкі і гранічнай увагі да дэталей. Любая распрацоўка — гэта канвеер. Ідэя фіксуецца ў праекце, потым ідзе фаза дызайну, затым сама распрацоўка, тэсціраванне, доўгачаканы рэліз, маркетынг і падтрымка. За гэтым ідзе абнаўленне, якое зноў паўтарае ўсе этапы… Дадатак павінен мець пад сабой фундамент цэльнай ідэі — менавіта гэта вызначае поспех”.
Дзмітрый Карней перасцярог моладзь ад спакусы адразу рэалізоўваць ідэі, якія прыйшлі ў галаву сярод ночы ці падчас ранішняга душа. Па яго словах, ідэю заўсёды важна ацаніць з пункту гледжання перспектывы.
“Вельмі важнай умовай для паспяховага дадатку з’яўляецца дызайн, — адзначыў Дзмітрый. — Прыгожыя дадаткі лепш прадаюцца, прыносяць карыстальнікам больш задавальнення і падаюцца больш карыснымі ў параўнанні з нязграбнымі дадаткамі. Мы стараемся надаць нашым работам рысы элегантнасці, прастаты і густу”.
Таксама надзвычай важна напісаць якасны код. “Так, дадатак можа працаваць і на пасрэдным кодзе, але, каб унесці ў праграму нейкія змены, хутчэй за ўсё, трэба будзе перарабляць усё з чыстага аркуша, — тлумачыць Дзмітрый Карней. — А якасны, бездакорна напісаны код дае магчымасць рабіць своечасовыя абнаўленні, што неабходна для працяглага поспеху”.
Топ-менеджар падрабязна расказаў удзельнікам форуму пра ўсе этапы распрацоўкі і прасоўвання дадатку на рынак, адзначыўшы, што ў гэтай справе няма дробязей і што ўсе этапы аднолькава адказныя.
“І вось ваш дадатак выйшаў на рынак. Ён расце ў рэйтынгу, радуе ўсю каманду — і раптам, літаральна праз два тыдні, на рынку з’яўляецца некалькі падобных дадаткаў, — расказвае Дзмітрый Карней. — Ідэі крадуць бязбожна, не саромеючыся, абсалютна паўтараюць і дызайн, і інтэрфейс карыстальніка. Вядома, чым больш унікальная распрацоўка, чым больш часу ў яе ўкладзена, тым больш складана зрабіць падробку. Тым не менш вельмі важна мець у камандзе спецыялістаў, якія могуць аператыўна рэагаваць на любыя парушэнні аўтарскіх правоў”.
Дзмітрый Карней перакананы, што прычына поспеху кампаніі “АпалонАпс” — гэта выдатная каманда, дзе працуюць інжынеры-праграмісты, бізнес-аналітыкі, дызайнеры, інжынеры-тэсціроўшчыкі, менеджары праектаў, маркетолагі, кантэнт-менеджары, юрысты, эканамісты… І кожны з гэтых людзей робіць уклад у агульную справу.
“Сярод нашых спецыялістаў ёсць былыя настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, шэф-кухар рэстарана, медбрат і нават адзін маёр міліцыі, — расказвае Дзмітрый Карней. — Гэта якраз той выпадак, калі неабавязкова 5 гадоў вучыцца ва ўніверсітэце, каб працаваць у ІТ-сферы. Усё залежыць ад жадання чалавека і практыкі. І калі вы хочаце стаць ІТ-спецыялістам, то вам давядзецца шмат чытаць і замацоўваць прачытанае на практыцы. Важна разумець, што добры софт — гэта не проста праграмы, зробленыя без памылак. Добры софт павінен быць прыгожым, элегантным і зручным для карыстальнікаў. Недарэмна па законе аб аўтарскім праве камп’ютарная праграма прыраўноўваецца да літаратурнага твора. Толькі ўклаўшы душу і талент, можна стварыць сапраўдны твор мастацтва і дасягнуць поспеху”.

From zero to hero

Сузаснавальнік і тэхнічны дырэктар кампаніі Viber Ігар Магазіннік расказаў удзельнікам форуму, што трэба ведаць, каб стварыць паспяховую кампанію. “Тут няма ніякіх сакрэтаў, — заўважыў Ігар. — Усё вельмі проста і складана адначасова”.
Ён расказаў, што калі ў снежні 2010 года Viber быў запушчаны на рынак, то ён працаваў толькі на айфонах і там не было таго сеткавага багацця, да якога ўсе прывыклі, былі толькі галасавыя званкі. “Але нас ашаламіла, што за першыя тры дні пасля выпуску прадукту ў яго з’явіўся мільён карыстальнікаў. І гэта пры тым, што не было ніякай рэкламы! — гаворыць Ігар Магазіннік. — Мы зразумелі, што будзе цікава”.
Сёння Viber мае 573 мільёны карыстальнікаў, больш як палова якіх актыўныя. У кампаніі працуе больш чым 250 супрацоўнікаў па ўсім свеце: офісы ёсць у Мінску, Тэль-Авіве, Амстэрдаме, Лондане, Бостане, Токіа і іншых гарадах. Дарэчы, у мінулым годзе Viber за 900 мільёнаў долараў выкупіла японская карпарацыя Rakuten.
“У нас часта пытаюцца, у чым прычына поспеху. Але калі б хтосьці меў рэцэпт, якім можна было б скарыстацца, то, напэўна, ён стаў бы вельмі багатым чалавекам, — гаворыць Ігар Магазіннік. — Я лічу, што проста мы зрабілі неабходны прадукт у неабходны час. Тэлефанаванні, асабліва міжнародныя, у 2010 годзе каштавалі вельмі дорага, і людзям спадабалася рабіць гэта бясплатна. Калі чалавеку хацелася камусьці патэлефанаваць, ён павінен быў парэкамендаваць іншаму чалавеку ўстанавіць Viber. Так спрацоўваў сеткавы эфект. Viber імгненна пачаў набіраць папулярнасць”.
Зрэшты, галоўным складнікам поспеху Ігар Магазіннік адназначна лічыць добрую каманду. “Многія думаюць, што важней за ўсё ідэя, але гэта не так, — гаворыць Ігар. — Ідэй у свеце вялікае мноства, але прарыўных сярод іх мала. Таму самае галоўнае — гэта ўсё ж такі каманда, без якой не атрымаецца нічога. У сваім жыцці я бачыў шмат кампаній, у якіх была выдатная ідэя, але яна правалілася. З іншага боку, бачыў шмат кампаній, у якіх была вельмі дрэнная ідэя, але прафесійная каманда мяняла гэтую ідэю і прыходзіла да поспеху. Тая ж кампанія Wargaming пачынала не з “танчыкаў”, а са значна менш паспяховых праектаў, але была вельмі таленавітая каманда, якая ўсё ж такі знайшла свой прадукт”.
Ігар Магазіннік звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на неабходнасць заўсёды рабіць работу над памылкамі, каб зразумець, што ішло правільна, а што — не зусім. “Адной з нашых памылак была першая версія Viber, — расказаў Ігар. — Напачатку мы вырашылі зрабіць мінімальны прадукт, дзе былі толькі галасавыя званкі. І хаця вельмі хутка, літаральна ў наступнай версіі, з’явілася функцыя рассылкі паведамленняў, нам давялося больш як два гады змагацца з тым, што карыстальнікі ўспрымалі Viber выключна як праграму для бясплатных званкоў. Вось чаму важна прадбачыць, як вашы карыстальнікі ўспрымуць прадукт спачатку, бо, магчыма, гэтае ўспрыманне замацуецца надоўга”.
Дарэчы, Ігар Магазіннік заўважыў, што многія карыстальнікі пытаюцца, калі будуць відэазванкі на мабільных тэлефонах. А яны з’явіліся ўжо паўгода назад!
І яшчэ адно папярэджанне ад Ігара Магазінніка пра непатрэбны перфекцыянізм. “Як вядома, у Viber ёсць магчымасць перасылкі гукавых паведамленняў, — расказаў Ігар. — Чалавек націскае на кнопачку, запісвае паведамленне і адсылае яго іншаму чалавеку. Гэта вельмі простая рэч, і распрацоўка адпаведнай праграмы заняла ў нас прыкладна месяц. Але мы вырашылі, што так не зусім зручна: пакуль чалавек запісвае паведамленне, пакуль яно загружаецца на сервер, пакуль чалавек на другім канцы яго праслухае, праходзіць некаторы час. І мы вырашылі ўдасканаліць праграму так, каб чалавек пачынаў запісваць паведамленне на адным канцы, а чалавек на другім канцы пачынаў ужо яго слухаць. Гэтая работа заняла ў нас паўгода, і мы былі вельмі рады. Аднак калі мы выпусцілі распрацоўку на рынак, то высветлілася, што карыстальнікам абсалютна няважна, як усё гэта працуе. Мы ж патрацілі цэлых паўгода! Таму не трэба быць перфекцыяністамі і перарабляць тое, што і так добрае”.
Ігар Магазіннік спытаў у прысутных, хто з іх хацеў бы стварыць уласны стартап. Амаль усе маладыя людзі паднялі рукі. Аднак Ігар заўважыў, што ў гэтай справе не павінна быць ілюзій: “Напрыклад, Ізраіль лічыцца вельмі спрыяльным асяроддзем для развіцця стартапаў, у гэтай краіне іх велізарная колькасць. І вось там правялі даследаванне: узялі 10 тысяч стартапаў за апошнія 15 гадоў і паглядзелі, якія з іх сталі паспяховымі кампаніямі або хаця б вярнулі затрачаныя сродкі. Высветлілася, што толькі 2,5% стартапаў сталі паспяховымі кампаніямі, 4,8% вярнулі сродкі. І гэта ў спрыяльным Ізраілі! Таму трэба разумець: калі вы пачынаеце стартап — гэта нічога не гарантуе”.
Увогуле, Ігар Магазіннік лічыць, што перад пачаткам работы вельмі карысна вырашыць, што для каманды самае важнае: “Калі мы пачыналі праект, для нас былі важныя тры рэчы. Па-першае, Viber павінен быць бясплатным, і ён будзе бясплатным заўсёды (апладысменты!Г.С.). Па-другое, у нас ніколі не будзе старонняй рэкламы, бо нас саміх як карыстальнікаў гэта раздражняе (зноў апладысменты!Г.С.), хаця, безумоўна, гэта вельмі просты спосаб зарабіць грошы. І па-трэцяе, мы вырашылі, што для нас важны не толькі вынік, але і працэс, бо ў кампаніі мы праводзім асноўную частку жыцця. Таму мы і будавалі кампанію, якая не проста эфектыўная і прафесійная, а дзе працаваць у радасць”.

Mentor Day 2

У рамках форуму прайшоў таксама конкурс стартапаў Mentor Day 2 (першы адбыўся год назад). Сёлета для ўдзелу ў конкурсе было пададзена больш як паўсотні праектаў. Сярод іх былі вылучаны 8 найбольш перспектыўных, якія атрымалі дэталёвую экспертную і фінансавую падтрымку, а таксама спецыяльныя прызы.
Пераможцам Mentor Day 2 экспертнае журы прызнала каманду праекта GuideMe. Гэта мабільны дадатак для турыстаў, які будуе персаналізаваныя маршруты па славутасцях у любым кутку свету, беручы пад увагу ўласныя інтарэсы карыстальніка, даступны для яго час, папулярнасць месцаў і іншыя фактары.
Па рашэнні арганізатараў (ПВТ разам з суполкай Social Weekend) каманда-пераможца адправіцца на конкурс стартапаў Міжнароднай ІТ-канферэнцыі SLUSH-2015 (лістапад-2015, Хельсінкі, Фінляндыя).

Галіна СІДАРОВІЧ.