З мэтай выхавання ў вучняў патрыятызму: гульня-падарожжа «Я пазнаю Беларусь»

- 16:17Журнал "Народная асвета", Образование

Адна з найважнейшых задач сістэмы адукацыі заключаецца ў тым, каб разам з развіццём пазнавальнай актыўнасці садзейнічаць фарміраванню ў вучняў каштоўнасных адносін да значных падзей мінулага і сучаснасці. На ўзроўні кожнай школы гэта задача актуалізуецца наступным чынам: настаўнік павінен не толькі на ўроках тлумачыць дзецям асаблівасці гістарычных працэсаў, але і падчас пазавучэбнай работы арганізоўваць вывучэнне і наведванне «месц памяці» – тых матэрыяльных і нематэрыяльных аб’ектаў, што з’яўляюцца сімваламі нацыянальнай спадчыны.

А. А. ДУБОВІК,
настаўнік пачатковых класаў
вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
СШ аг. Пагранічны Бераставіцкага раёна

У працэсе рэалізацыі інавацыйнага праекта ў нашай школе стала традыцыйным сістэматычнае правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Адно з іх – гульня-падарожжа «Я пазнаю Беларусь» для вучняў 4–5 класаў.

Мэта гульні: выхаванне ў дзяцей патрыятызму і павагі да гераічнага мінулага беларускага народа.

Задачы: фарміраваць у вучняў эмацыянальна-каштоўнасныя адносіны да гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў, абагульніць веды навучэнцаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, арганізаваць сумесную дзейнасць школьнікаў.

Папярэдняя работа: некалькі вучняў рыхту­юць паведамленні пра мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь» і «Чырвоны  Бераг», вучаць на памяць вершы пра вайну, падбіраюць на гэту тэму фотаздымкі.

Ход гульні-падарожжа

I. Арганізацыйна-матывацыйны этап

Настаўнік вітае ўдзельнікаў мерапрыемства, паведамляе яго тэму, мэты і задачы, прапануе абмеркаваць радкі з верша В. Вярбы, узятыя ў якасці эпіграфа:

Высока ў небе вырай кружыць,

Ляціць за сіні небакрай.

Не забывай ніколі, дружа,

Сваю зямлю, свой родны край.

Дзеці дзеляцца на каманды па 5–6 чалавек, разглядаюць кросенс з ключавым словам «Беларусь», вызначаюць назву краіны, па якой будзе ажыццяўляцца завочнае падарожжа, і называюць яе сімвал – гэта бусел (яго заданні неабходна будзе выконваць падчас наведвання станцый).

II. Асноўны этап

Настаўнік. Нашу краіну называюць краем блакітных азёр і зялёных лясоў. Расправіўшы белыя ветразі крылаў, лунаюць над Беларуссю буслы, нібыта закрываючы яе ад усіх нягод. Таму пра нашу краіну гавораць яшчэ і так: зямля пад белымі крыламі.

  • Станцыя «Мая Радзіма»

Заданне. Растлумачце, як прыведзеныя прыметнікі характарызуюць Беларусь (за кожны адказ – 1 бал).

Прыметнікі: сінявокая (на тэрыторыі Беларусі шмат рэк і азёр, у палях квітнеюць сінія васількі); добразычлівая (беларусы – народ прыязны і гасцінны); лясная (большая частка краіны пакрыта лясамі, пушчамі, барамі); працавітая (у Беларусі жывуць працавітыя людзі); майстравая (рэспубліка славіцца сваімі рамёствамі і промысламі: тут ёсць бандарнае, ганчарнае, кавальскае рамёствы, дэкаратыўны роспіс, іканапіс, лозапляценне, саломапляценне, ткацтва, разьба па дрэве); шчодрая (беларуская зямля кожны год дорыць багаты ўраджай гародніны і садавіны, ягад і грыбоў); талерантная (тут жывуць мірныя людзі, якія маюць шмат сяброў); партызанская і гераічная (Беларусь праславілася арганізацыяй партызанскай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны).

  • Станцыя «Нельга забыць»

Заданне. Правільна размяркуйце фотаздымкі мемарыяльных комплексаў «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь», «Чырвоны Бераг» (за кожны адказ – 5 балаў).

Пасля абмеркавання вынікаў настаўнік прапануе здзейсніць гістарычны экскурс у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Настаўнік. Ёсць у гісторыі нашай краіны трагічныя моманты. 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла народу смерць і гора, разруху і голад, боль і слёзы. На абарону Ра­дзімы падняўся кожны беларус – не было фактычна ніводнай сям’і, дзе б не атрымалі пахаронкі.

Вучань 1. Нязгаснай славай жыве ў сэрцах сучаснікаў подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці, якую абаранялі прадстаўнікі практычна 30 нацыянальнасцей. Гітлераўцы акружылі крэпасць і абстрэльвалі яе з гармат і мінамётаў, фашысцкія самалёты здзяйснялі пастаянныя налёты. У абаронцаў не хапала боепрыпасаў, вады, медыкаментаў, але нічога не магло зламіць іх супраціўленне. Кіравалі абаронай камісар Я. М. Фамін і маёр Г. М. Гаўрылаў.

Вучань 2. Абарона Брэсцкай крэпасці працягвалася больш за месяц: нават калі асноўныя будынкі былі захоплены фашыстамі, асобныя групы савецкіх салдат, засеўшы ў руінах, не спынялі барацьбы. Аб іх гераізме і самаахвярнасці сведчаць надпісы, якія захаваліся на сценах крэпасці: «Нам было цяжка, але мы не палі духам і паміраем як героі», «Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма!» І сёння наведвальнікі мемарыяла могуць прайсці па залах музея абароны крэпасці, спыніц­ца, каб ушанаваць памяць загінуўшых, каля скульптурных кампазіцый «Смага», «Смутак», 100-метровага штыка, манумента «Мужнасць».

Вучань 3 чытае верш А. Дзеружынскага «Манумент славы».

Настаўнік. Вялікая Айчынная вайна забрала жыццё практычна кожнага трэцяга беларуса. Лю­дзі гінулі на франтах, у палоне, у партызанскіх атрадах, але самае страшнае – яны гінулі падчас карных аперацый, якія праводзіліся фашыстамі на акупаванай тэрыторыі. Ахвярамі станавіліся дзеці, жанчыны, пажылыя людзі. І сёння сімвалам спаленых беларускіх вёсак мы называем Хатынь.

Вучань 4. Гэта была невялікая вёска ў 26 двароў. Да Хатыні гітлераўцы дабраліся 22 сакавіка 1943 года. Асабліва не разбіраючыся ў абставінах, яны загналі ўсіх жыхароў у хлеў, які абклалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі. У агні Хатыні загінулі 149 чалавек, 75 з іх – гэта дзеці. Самаму малодшаму толькі споўніўся год. Цудам выжылі сямігадовы Віктар Жалабковіч (яго сваім целам закрыла маці) і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі (ён быў паранены, і немцы прынялі яго за мерцвяка). З дарослых выратаваўся 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. Абгарэўшы і паранены, ён ачуняў позняй ноччу, калі карнікі пакінулі знішчаную вёску. Сярод цел аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго смяротна параненага ў жывот сына.

Вучань 5. У самым цэнтры мемарыяла ўзвышаецца скульптура «Непакораны чалавек» – адлюстраванне І. Камінскага з загінуўшым сынам на руках. Стаіць скульптура ў асяроддзі гранітных пліт, якія сімвалічна аднаўляюць дах палаючай адрыны. Да помніка вядзе былая вуліца вёскі – цяпер гэта шырокая алея з бетоннымі плітамі: 26 падмуркаў хат, над кожным з іх узвышаецца пячная труба з таблічкай, дзе напісаны імёны жыхароў, і звонам, гул якога раздаецца кожныя 30 секунд.

Вучань 6. Непадалёк знаходзяцца могілкі вёсак: 185 пліт з назвамі спаленых фашыстамі населеных пунктаў сімвалізуюць папялішча, у самым цэнтры якога стаіць урна, дзе захоўваецца зямля, прывезеная з кожнай вёскі. Яшчэ адзін ключавы элемент мемарыяльнага комплексу – «дрэвы жыцця»: тут у алфавітным парадку размясціліся назвы 433 вёсак Беларусі, якія былі знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны, але пазней адноўлены.

Вучань 7 чытае верш А. Вярцінскага «Вечны сон, вечны звон».

Настаўнік. Дзіцячай Хатынню называюць помнік-мемарыял, прысвечаны дзецям – ахвярам вайны, якія жылі ў населеным пункце Чырвоны Бераг. На першым плане тут – скульптура дзяўчынкі. Алеі, што сімвалізуюць промні сонца, разыходзяцца па яблыневым садзе, а адна з іх, «Прамень Памяці», праходзіць праз «мёртвы клас» на «Плошчу Сонца». Тут размяшчаюцца вітражы з малюнкамі дзяцей, у цэнтры вітраж «Белы ветразь». Сярод саду стаіць 21 парта і школьная дошка, знаходзяцца дзіцячыя малюнкі і цацкі… У школах пачынаюцца заняткі, але гэты клас адзіны, дзе ніхто і ніколі не будзе вучыцца.

Вучань 8. «Чырвоны Бераг» у пачатку чэрвеня 1944 года стаў назапашвальна-перасыльным лагерам для дзяцей-донараў. Яго фашысты ства­рылі, каб хутка абследаваць дзяцей, вызначыць групу крыві, а затым адправіць каго ў Нямеччыну, дзе патрэбна было непасільна працаваць, а каго ў іншыя лагеры, дзе ў іх бралі кроў.

Вучань 9. Праз «Чырвоны Бераг» прайшло 1990 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Акупанты лічылі, што ў гэты перыяд ідзе бурнае развіццё арганізма, а кроў такіх дзяцей дапамагае хутчэй ставіць на ногі параненых. Некаторыя вязні станавіліся поўнымі донарамі: пасля таго як з іх арганізма забіралі ўсю кроў, малыя засыпалі вечным сном. У некаторых кроў бралі па некалькі разоў, а пасля тым, хто выжыў, давалі кавалачак цукру. Галодныя дзеці часам самі падыходзілі да лекараў і прасілі паўтарыць працэдуру дзеля аднаго – порцыі цукру.

  • Станцыя «Квітней, сталіца!»

Заданне. Падбярыце з прапанаваных слоў сінонімы да слоў «мір» і «вайна». Састаўце «дрэва гексаў», запісаўшы іх на пустых картках.

Словы: жыццё, шчасце, праца, адзінства, здароўе, радасць, дабро; боль, слёзы, гора, страх, смутак, зло, смерць (5 балаў – за правільна скла­дзенае «дрэва»).

Пасля прэзентацыі вынікаў настаўнік прапануе наведаць ваенны Мінск.

Настаўнік. Мінск з 26 чэрвеня 1941 года аказаўся ў самым цэнтры вайны. Фашысты ўстанавілі тут жорсткі акупацыйны рэжым. Большасць пабудоў была знішчана ў першыя дні вайны. Нягледзячы на вялізныя страты, за сталіцу біліся адчайна. Экіпажы самалётаў узляталі з аэрадрома Болбасава, што недалёка ад Оршы, дзе базіравалася 43-я знішчальная авіядывізія пад камандаваннем генерал-маёра Г. Н. Захарава.

Вучань 10. Абстаноўка над горадам была цяжкая. Гарэў не толькі Мінск, але і аэрадромы, на якіх знаходзілася незамаскіраваная тэхніка. Баі завязваліся над самым цэнтрам горада. Адзін такі паміж самалётам камдзіва і «юнкерсам» адбыўся над дахам штаба Заходняй асобай акругі. У выніку самалёт ворага нахіліўся і ўпаў у раёне опернага тэатра. Яшчэ адзін самалёт быў збіты над ускраінай горада. Рабілі, што маглі, каб адагнаць немцаў і мінімізаваць разбурэнні. З успамінаў генерал-маёра: «У небе было чорна ад фашысцкіх самалётаў, і якую б задачу мы ні ставілі лётчыкам, усё, па сутнасці, зводзілася да аднаго: збіваць! …У тыя дні ніводнай задачы – на штурмоўку, на прыкрыццё, на разведку – нельга было выканаць, калі не ўступіць у паветраны бой. 24 чэрвеня 163-ці полк збіў 21 варожы самалёт. Такую колькасць баявых машын нам не заўсёды ўдавалася збіваць нават усёй дывізіяй у другую палову вайны».

Вучням прапануецца наведаць імправізаваную выставу з чорна-белых фотаздымкаў, дзе адлюстраваны Мінск пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, а затым паглядзець відэаролік «Сучасны Мінск» (https://rutube.ru/video/73f8177f2c43d10292bb4d40529b5b9f/?r=plemwd).

Вучань 11 чытае верш Р. Барадуліна «Быць беларусам».

  • Станцыя «З народнага»

Настаўнік падкрэслівае, што любоўю да Ра­дзімы вызначаецца сапраўдны патрыёт. Аб такой любові да роднай зямлі людзі складалі песні, прыказкі, прымаўкі.

Заданне. Сабярыце прыказкі, злучыўшы правільна іх часткі (за кожны адказ – 1 бал).

Прыказкі

  1. Дарагая тая хатка (дзе нарадзіла мяне матка).
  2. Той патрыёт (хто змагаецца за народ).
  3. Адна ў чалавека маці (адна ў яго Радзіма).
  4. Чалавек без Радзімы (як салавей без песні).
  5. На Радзіме сонца (свеціць бясконца).
  6. Родная зямля мякчэй (чужой пярыны).
  7. Ад душы працуеш (Радзіму шануеш).
  8. Бацькоў любі, старых паважай, здароўе беражы (Радзіме верна служы).
  9. На роднай зямлі (як у камлі).
  10. Дзе маці нарадзіла (там і Радзіма).

III. Заключны этап

Настаўнік падводзіць вынікі гульні: падлічва­юцца балы, вызначаюцца самыя актыўныя ўдзельнікі. Каманды пішуць пажаданні Радзіме, дзеляцца ўражаннямі, выказваюць меркаванні аб тым, што для іх было карысна і значна падчас гульні-падарожжа.

Літаратура

  1. Геноцид белорусского народа в годы Великой Отечественной войны: учеб. пособие для учащихся учр. образ., реализующих образ. программы общего среднего образ. с бел. и рус. яз. обуч. и воспит. (1–4 классы) / сост.: В. В. Толкачёв, В. А. Финевич, В. В. Таратынко [и др.]. – Минск: Адукацыя і выхаванне, 2023. – 64 с.
  2. Бесова, М. А. Воспитываем патриотов: пособие для учителей начальных классов / М. А. Бесова, Т. А. Старовойтова. – Мозырь: Белый ветер, 2007. – 135 с.

Фота на прэўю Кацярыны МАЦЕВІЧ, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі