Андрэй Іванец: «Час павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка прыйшоў»

- 10:06Актуально

“Час павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка прыйшоў. Настаўнік у нашай краіне знаходзіцца на самай вышыні, засталося расці над сабой, у тым ліку прафесійна”, — адзначыў міністр адукацыі на пасяджэнні калегіі профільнага ведамства “Метадычнае забеспячэнне сістэмы адукацыі”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калегія прайшла на базе Акадэміі адукацыі, дзе для прафесійнай размовы сабраліся начальнікі галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, рэктары ўніверсітэтаў, якія забяспечваюць падрыхтоўку педагагічных кадраў, начальнікі раённых упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, рэктары абласных ІРА.

У цэнтры ўвагі, натуральна, быў педагог. Андрэй Іванец падкрэсліў, што сёння школьны настаўнік найперш павінен быць неабыякавым.

— У школе адзіны псіхолаг — гэта настаўнік. Не педагог-псіхолаг і не педагог сацыяльны, а настаўнік, які кожны дзень прыходзіць у клас, бачыць кожнае дзіця, глядзіць яму ў вочы. І ён не павінен быць раўнадушным ні да настрою дзіцяці, ні да яго жыцця і лёсу. Гэта ісціна, сутнасць педагагічнай прафесіі, — адзначыў кіраўнік адукацыйнага ведамства.

А пачынаецца ўсё з дзіцячага сада, які наведваюць самыя маленькія жыхары краіны.

— Сёння створаны ўсе ўмовы, каб нашым дзеткам было камфортна, каб яны былі акружаны клопатам і цеплынёй. Вельмі важна, каб выхавальнікі ў дашкольных установах былі высокімі прафесіяналамі. Формы і метады работы з дзецьмі ўвесь час развіваюцца, але абапірацца неабходна на традыцыі. Бацькі малых хочуць, каб яны ўмелі маляваць і спяваць, развіваліся ў творчасці і спорце. Дзіцячы сад — гэта не падрыхтоўка да школы. У нас няма патрабаванняў, каб да школы дзіця ўмела чытаць, пісаць, лічыць. Для гэтага ёсць 1 клас і настаўнік пачатковых класаў, — канстатаваў міністр.

Асновай якаснага і эфектыўнага адукацыйнага працэсу з’яўляецца навукова-метадычнае забеспячэнне сістэмы адукацыі, якое ажыццяўляюць Акадэмія адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, абласныя (Мінскі гарадскі) інстытуты развіцця адукацыі, інстытуты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў пры ўстановах вышэйшай адукацыі.

З навукай і практыкай

Рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава расказала пра навукова-метадычнае забеспячэнне дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў.

— Асновай удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы адукацыі з’яўляюцца вынікі навуковых даследаванняў. У 2024 годзе было выканана 22 заданні НДР, у рамках якіх распрацаваны праекты адукацыйных стандартаў дашкольнай, пачатковай, базавай, сярэдняй, спецыяльнай адукацыі; больш за 40 вучэбна-
метадычных комплексаў для правядзення факультатыўных занят­каў; вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах, методыкі навучання і выхавання, — паведаміла Ірына Анатольеўна.

У гэтым годзе новая вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах агульнай сярэдняй адукацыі праходзяць апрабацыю пры арганізацыйным удзеле ўсіх ІРА. У рабоце прымаюць удзел звыш 1200 настаўнікаў, метадыстаў, спецыялістаў ІРА.

Метадычнае забеспячэнне сістэмы адукацыі ўдасканальваецца з улікам вынікаў маніторынгавых даследаванняў якасці адукацыі. У 2023 годзе ў нашай краіне ўпершыню было праведзена Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі (наступнае будзе ў 2026 годзе). Міністэрствам адукацыі зацверджана дарожная карта па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці вучняў на 2024—2026 гады. Для педагогаў праводзяцца вучэбныя семінары па пытаннях фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў. У мінулым годзе прайшло больш за 70 такіх семінараў.

Акрамя таго, летась у Акадэміі адукацыі стартавала некалькі рэс­публіканскіх праектаў, накіраваных на павышэнне метадычнай кампетэнтнасці педагогаў. Асноў­най формай рэалізацыі метадычнага праекта “Рэспубліканская метадычная школа: урок XXI стагоддзя” сталі комплексныя выязныя заняткі, якія ўключаюць тэматычную лекцыю, адкрыты ўрок, майстар-клас у канкрэтнай установе адукацыі па пэўнай метадычнай тэматыцы. Тэмы выязных заняткаў вызначаюцца з улікам запытаў педагогаў.

На сайце Акадэміі адукацыі працуе анлайн-школа для педагогаў, у рамках якой удзельнікам прапануюцца вэбінары, дыстанцыйныя курсы, анлайн-мерапрыемствы.

— На нашым сайце створана старонка “Тэхналогіі штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе”, дзе размешчаны пералік сеткавых сэрвісаў, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі штучнага інтэлекту, спасылкі на такія сэрвісы, а таксама прыклады запытаў, якія дапамогуць хутка і эфектыўна ствараць праекты вучэбных і іншых матэрыялаў адукацыйнага прызначэння, — звярнула ўвагу Ірына Анатольеўна.

— Важнай задачай з’яўляецца навукова-метадычнае забеспячэнне выхаваўчай работы ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі. У цяперашні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэа­лізуюцца пяць рэспубліканскіх інфармацыйна-адукацыйных праектаў. Усе распрацаваныя для гэтых праектаў метадычныя матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе: размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале. У дапамогу педагогам выдадзены чатыры метадычныя дапаможнікі па розных напрамках выхаваўчай работы, — зазначыла рэктар акадэміі.

Па ўзоры рэгіёна

Рэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Віктар Акуленка прадставіў рэгіянальную мадэль навукова-метадычнага суправаджэння конкурснага руху ў сістэме бесперапыннага прафесійнага развіцця педработнікаў. За перамогай на конкурсе прафесійнага майстэрства стаіць праца метадычнай службы ўсяго рэгіёна. Каб развіваць яе кадравы патэнцыял, на Гомельшчыне дзейнічае адметная сістэма выяўлення і развіцця гэтага патэнцыялу. Яна ўключае некалькі ключавых мерапрыемстваў, у ліку якіх абласны метадычны савет, абласная школа маладога метадыста. Як заўважыў Віктар Леанідавіч, у гэтым навучальным годзе ўпершыню быў праведзены абласны фестываль прафесійнага майстэрства загадчыкаў метадычных кабінетаў, што адназначна паспрыяе павышэнню эфектыўнасці навукова-метадычнага суправаджэння педагогаў падчас падрыхтоўкі да конкурсаў прафмайстэрства.

Рэгіянальная мадэль навукова-метадычнага суправаджэння конкурснага руху ўмоўна складаецца з даконкурснага перыяду, правядзення конкурсу і пасляконкурснага перыяду.

— Задачамі першага перыяду з’яўляюцца папулярызацыя конкурснага руху, фарміраванне творчага асяроддзя, выяўленне яркіх, таленавітых педагогаў. Эфектыўным інструментам выяўлення перспектыўных канкурсантаў сталі абласныя фестывалі прафесійнага майстэрства. У бягучым годзе мы правялі дзевяць такіх фестываляў. Добра сябе зарэкамендаваў трохдзённы абласны фестываль “Педагагічныя надзеі”, дзе ўдзельнікі, лаўрэаты і пераможцы конкурсу “Настаўнік года” дзеляцца вопытам, праводзяць майстар-класы і ўрокі, — расказаў рэктар ГАІРА.

Шмат увагі ўдзяляецца пераможцам раённага этапу конкурсу “Настаўнік года”, а потым і абласнога. Калі чарга даходзіць да падрыхтоўкі да рэспубліканскага этапу, то сумесна з раённымі метадычнымі службамі для кожнага ўдзельніка фарміруюцца творчыя групы індывідуальнага суправаджэння, затым праводзяцца чатыры этапы трэніровачных збораў па падрыхтоўцы да ўсіх мерапрыемстваў конкурсу. А ў апошні, пасляконкурсны перыяд, ствараюцца ўмовы для максімальнай папулярызацыі вопыту ўсіх удзельнікаў абласнога і рэспубліканскага этапаў спаборніцтва.

Трэба адзначыць, што Гомельшчына апошнім часам рыхтуе выключна пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Так, настаўнік выяўленчага мас­тацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргей Шамінскі ў асаблівым прадстаўленні пат­рэбы не мае. Яго ведаюць не толькі ў нашай краіне. Начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Клачкова пераканана, што для выяўлення такіх талентаў неабходна стварэнне творчага асяроддзя, якое мае пэўную сістэму.

Усё пачынаецца з анлайн-анкетавання, накіраванага на вывучэнне прафесійных запытаў педагогаў і вызначэнне эфектыў­насці ўсіх раённых мерапрыемстваў. Адным з самых паспяховых зарэкамендаваў сябе раённы фес­тываль вучэбных заняткаў “Навучаючы іншых, вучымся самі”. Фес­тываль знаходзіцца ў авангардзе конкурснага руху. Калі, напрыклад, узнікла патрэба падрыхтавацца да правядзення ўрока ў незнаёмым класе, то ў раённы фестываль адразу ўключылі гэтае мерапрыемства. Разам з тым на агульную мэту працуюць школьныя і раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні (праводзяцца метадычныя тыдні), дзейнічае адкрытая раённая педагагічная (не)канферэнцыя з удзелам лаўрэатаў, пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства, маладых настаўнікаў, прадстаўнікоў ГАІРА. Да ўзаемадзеяння запрашаюцца настаўнікі-метадыс­ты, члены абласнога клуба “Зорнае крыло”, рэспубліканскага “Крыштальны журавель”. Дарэчы, на сёння ў Рагачоўскім раёне сем настаўнікаў-метадыстаў.

Ад сябе дадам: поспехі педагогаў Рагачоўшчыны напрамую звязаны з актыўнасцю начальніка аддзела адукацыі, якая ўмела ставіць мэты для сябе і педагогаў, стварае асяроддзе для іх развіцця. Таму яны і растуць над сабой.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА