Як зрабіць карціну ў тэхніцы «Мілефіёры»? Вопытам падзялілася Ірына Паўтарак са Свіслачы

- 16:08АРТ-квартал, Образование

Выхавальніца дзіцячага сада № 1 Свіслачы Ірына Паўтарак захапляе выхаванцаў новымі відамі творчасці і дзеліцца вопытам з калегамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Не сакрэт, што лепка прыносіць карысць для дзіцяці, дапамагае развіваць творчыя здольнасці, прасторавае бачанне, вобразнае мысленне, дробную маторыку рук, а таксама мастацкі густ і жаданне эксперыментаваць, — нагадала Ірына Анатольеўна. — Вельмі добра ў гэтым дапамагае тэхніка “Мілефіёры”. Гэтая старадаўняя тэхніка італьянскіх шкловыдзімальнікаў сёння выкарыстоўваецца ў рабоце з глінай. Для дзяцей мы адаптавалі ў больш прывычны матэрыял — пластылін. Тэхніка цікавая, крыху складаная, але, думаю, дзецям спадабаецца, бо ніколі нельга прадбачыць вынік.

Для работы ў тэхніцы “Мілефіёры” падыходзіць не кожны пластылін, патрэбен класічны, яго не трэба папярэдне грэць і размінаць, што ідэальна для маленькіх дзіцячых рук. Менавіта такі і падрыхтавала педагог для майстар-класа, а таксама прыстасаванні з лёскі, каб рэзаць пластылін. Выбралі для работы адзін са спосабоў тэхнікі: узялі два кавалачкі пластыліну, аб’ядналі іх, скруцілі ў жгуцік і разрэзалі на пласты. А ўжо з іх дзеці на свой густ рабілі ажурныя кветкі, складвалі іх у кампазіцыі. Выкарыстоўваючы некалькі колераў пластыліну, можна стварыць прыгожыя ўзоры, якія стануць асновай для незвычайных карцін.

Ірына Анатольеўна Паўтарак 12 гадоў працуе ў дзіцячым садзе № 1 Свіслачы. Творчы педагог стараецца сама асвойваць новыя тэхнікі, а потым прапануе іх дзецям. Традыцыйнымі сталі і майстар-класы для выхавальнікаў, напрыклад, па кубіках Блума, арыгамі, сторытэлінг з выкарыстаннем “кубікаў гісторый” і інш. Яна вядзе творчую майстэрню па дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Самацветы”, у якую бацькі з задавальненнем аддаюць сваіх дзяцей. Таксама з’яўляецца кіраўніком групы педагогаў “Творчая дзейнасць ва ўмовах сучаснай установы дашкольнай адукацыі”, намеснікам старшыні прафсаюзнага камітэта ўстановы.

Педагог працуе ў другой малодшай групе і прызнаецца, што яе выхаванцам вельмі падабаецца ляпіць, канструя­ваць, маляваць, як і ўдзельнікам майстэрні “Самацветы”. Для гурткоўцаў яна стараецца выбіраць тое, што не ўвахо­дзіць у звычайную праграму. Такая дзейнасць, на думку выхавальніцы, развівае фантазію дзяцей, дробную маторыку рук. Таму жадаючых займацца заўсёды шмат.

— Выхавальніца пастаянна працуе над стварэннем аптымальных умоў для гарманічнага развіцця выхаванцаў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу з улікам здольнасцей, умоў і патрэб. Яна актыўна выкарыстоўвае сучасныя
тэхналогіі і электронныя сродкі навучання, якія забяспечваюць выніковасць і эфектыўнасць работы. Пастаянна па­вышае свой прафесійны ўзровень: вывучае метадычную літаратуру, прымае ўдзел у семінарах, конкурсах, выставах раённага і абласнога ўзроўню, з’яўляецца актыўнай удзельніцай метадычных аб’яднанняў, фестываляў і свят, — расказала загадчыца дзіцячага сада № 1 Свіслачы Наталля Міхайлаўна Барэль.

Установа дашкольнай адукацыі — пастаянны ўдзельнік, неаднаразовы прызёр і пераможца фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню: каравай-фэст “Бацькава булка”, “Лепшае навагодняе афармленне ўстаноў адукацыі”, “Кветкавая феерыя” і інш. Па словах загадчыцы, у многім гэта заслуга Ірыны Ана­тольеўны.

— Ідучы дадому, дзеці заўсёды нясуць свае вырабы і дзеляцца з бацькамі ўражаннямі. Мы працуем у трыя­дзе “дзеці — бацькі — педагогі”. Актыўна прыцягваем апошніх да ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах, конкурсах, што толькі на карысць згуртаванню сям’і, захаванню сямейных традыцый. Вельмі даражым такімі педагогамі, як Ірына Паўтарак, якая ўмее ладзіць з дзецьмі і мае добрыя зносіны з іх бацькамі, — адзначыла Наталля Барэль.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара