Усе пакаленні — на старт

- 11:14Актуально, Апошнія запісы

Рэспубліканскі фестываль “Старт пакаленняў”, які прайшоў днямі на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, у каторы раз аб’яднаў некалькі пакаленняў аматараў здаровага ладу жыцця. Да студэнтаў і школьнікаў далучыліся нават дашкаляты са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі.

У праграму спартыўнага праекта ўключаны спаборніцтвы па рытмічнай гімнастыцы, плаванні, лёгкай атлетыцы, стрытболе, камбінаванай сямейнай эстафеце. Ініцыятары праекта выкарыстоўвалі і іншыя спартыўныя кірункі, папулярныя сёння сярод моладзі.
Адкрываючы мерапрыемства, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што галоўная мэта гэтага праекта — паказаць пераемнасць пакаленняў, упэўніцца, што мы — адна вялікая і моцная сям’я. Дэвізам праекта міністр адукацыі назваў знакамітую фразу “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.
У БДУ цікава прайшоў футбольны матч паміж выхаванцамі дзіцячага дома-інтэрната № 6 Мінска і дапаможнай школы-інтэрната Валожынскага раёна. Аднак, бадай, самай цікавай аказалася эстафета “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”.
Іна Мікалаеўна Юрчэня, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ, прыйшла на спаборніцтвы разам з дачкой Валерыяй.
“Мне падаецца цікавай сама ідэя фестывалю, — падкрэслівае Іна Мікалаеўна, — менавіта па гэтай прычыне мы і прымаем у ім удзел. Мае студэнты сёння ўбачаць мяне разам з дачкой. Я ўпэўнена, што такія рэчы ўплываюць на фарміраванне аўтарытэту выкладчыка. Можна прымяняць розныя методыкі выкладання, знаходзіць цікавыя формы падачы матэрыялу, але няма нічога больш важнага за асабісты прыклад”.
Выкладчыца фізічнай культуры і спорту Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Лідзія Мікалаеўна Загароўская прыйшла на фестываль з пяцігадовым сынам, які захапляецца гантэлямі і мае спартыўны разрад па шахматах.
“Нашай сям’і вельмі блізкі спорт, — расказвае выкладчыца. — Я, напрыклад, вельмі люблю лыжныя гонкі, біятлон. Мой тата ў свой час быў трэнерам па лыжных гонках, цяпер мы разам вельмі актыўныя балельшчыкі. Валейбол, плаванне, стральба — сёння столькі шмат цікавых заняткаў.
Сёння я працую над алімпійскай адукацыяй дзяцей дашкольнага ўзросту і бачу вынікі такой работы. Думаецца, у нашай краіны вялікая будучыня ў спорце!”
Таксама ў рамках фестывалю прайшлі спаборніцтвы паміж камандамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, Мінскага дзяржаўнага авіяцыйнага каледжа, Інстытута пагранічнай службы. Таксама актыўнымі ўдзельнікамі сталі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Акадэмія кіравання пры прэзідэнце, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і інш.
Адным з найбольш творчых было правядзенне фестывалю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.
“Сама назва фестывалю сімвалізуе сувязь пакаленняў, — адзначыў рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук, — таму разам са студэнтамі на спартыўныя пляцоўкі выйшлі навучэнцы сярэдняй школы № 30 і гімназіі № 20 Мінска. Але самы цікавы момант нашай праграмы — старт дашкалят. Яны прымалі ўд зел у велаэстафеце, якую праводзілі два знакамітыя спартсмены нашай краіны: велагоншчыца 8-разовая чэмпіёнка свету Наталля Цылінская і алімпійскі чэмпіён па веласпорце Уладзімір Камінскі. Пераможцы заезду атрымалі ў падарунак веласіпеды. Магчыма, для некага гэта стала першым крокам у вялікі спорт.
Вельмі папулярнымі сярод студэнтаў аказаліся беларускія народныя спартыўныя забавы. Спаборніцтвы па міні-футболе асвятляў спартыўны каментатар Уладзімір Навіцкі. Самыя моцныя спрабавалі свае сілы ў гіравым спорце, а меткія — у дартсе”.
“Нягледзячы на не зусім майскае надвор’е, свята ўдалося, — упэўнены самі студэнты. — Гэта не толькі магчымасць аб’яднацца, але і яшчэ раз упэўніцца, што спорт — тая рэч, на якую абавязкова патрэбна знаходзіць час”.

Наталля АЛЁХІНА.