Як навучэнцы Ціманаўскай сярэдняй школы спасцігаюць асновы садоўніцтва і агародніцтва

- 13:10Школьный участок

Навыкі беражлівага прыродакарыстання навучэнцы Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна набываюць на прышкольным участку, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Тэрыторыя вакол школы вельмі вялікая. Агульная плошча складае амаль 5 гектараў. Кожны куток зямлі імкнёмся выкарыстоўваць з карысцю, — паведаміла намеснік дырэктара па выха­ваўчай рабоце Таццяна Макшаніна.

Участак навучальнай установы сапраўды рацыянальна падзелены на зоны. Тут знайшлося месца для экалагічнай сцежкі, агарода, пладовага саду, цяпліцы, гадавальніка для раслін, гульнявых пляцовак. Школьны двор упрыгожваюць зялёныя наса­джэнні: дрэвы, дэкаратыўныя кусты, кветкі. Прывабнасці тэрыторыі дадаюць цікавыя малыя архітэктурныя формы.

— Амаль усё, што ёсць на ўчастку, зроблена нашымі настаўнікамі і навучэнцамі. У добраўпарадкаванне штогод прыўносім што-небудзь новае. Да гэтай дзейнасці актыўна далучаем дзяцей. Так хлопчыкі і дзяўчаткі вучацца працаваць рукамі, фарміруюць уласную экалагічную культуру, — адзначыла Таццяна Алегаўна.

Істотная частка школьнай тэрыторыі адведзена пад сад і агарод. Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы вырошчваюць там агародніну і садавіну.

— На летніх канікулах вучні сярэдняга звяна набываюць уменні па доглядзе сельскагаспадарчых культур. Дзякуючы іх заўзятасці, збіраем даволі добрыя ўраджаі бульбы, морквы, капусты, цыбулі, буракоў. Агародніна пасля накіроўваецца ў сталовую, на патанненне харчавання. А вось вырашчаныя ў цяпліцы перцы і таматы рэалізуем насельніцтву. Атрыманыя сродкі ідуць на паляпшэнне матэрыяльнай базы школы, — расказала суразмоўніца.

У канікулярны перыяд шырока выкарыстоўваецца экалагічная сцежка. На станцыях ладзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы для дзяцей, якія наведва­юць школьныя аздараўленчыя лагеры.

— Лета — час і для актыўнага добраўпарадкавання. Вясной мы зрабілі новыя лавы і зону адпачынку. З’явіліся ў ландшафце таксама альпійскія горкі. У найбліжэйшых планах — стварыць шматузроўневыя кветнікі, пра­цягнуць пасадку кустоў і туй, вырашчаных ва ўласным гадавальніку. Рэалізоўваць задумы будзем зноў сумеснымі намаганнямі вучняў і нас­таўнікаў. Значны ўклад у азеляненне ўчастка ўнясуць старшакласнікі, якія ўлетку будуць працаваць у школьнай вытворчай брыгадзе, — падкрэсліла Таццяна Макшаніна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара