Учора ў Дзень абароны дзяцей адбыліся дзве знамянальныя і ўзаемаабагачальныя падзеі — адкрыццё пасля рамонту і рэканструкцыі Тэатра юнага гледача і ўганараванне на падмостках гэтага тэатра адоранай моладзі нашай краіны. Сімволіка відавочная. Павіншаваць інтэлектуальную і творчую маладзёжную эліту, а таксама адкрыць тэатр прыехала намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Наталля Качанава.
Для ганаровай госці абноўлены тэатр, як і павінна быць, пачаўся з вешалкі, а менавіта з экскурсіі, якая стартавала каля гардэроба. Дырэктар тэатра Ігар Варонін пазнаёміў Наталлю Качанаву з гісторыяй тэатра, зорным акцёрскім складам, рэпертуарам. Тэатр паглынае і заварожвае сваёй атмасферай. ТЮГ мае свой, непаўторны, пранізаны дзіцячай непасрэднасцю дух. У дзень адкрыцця святочнасці дадавалі тэатральныя мімы і міні-пастаноўкі. Трэба адзначыць, што госці з задавальненнем паглядзелі невялікі паказ батлеечнага тэатра і прывязалі стужачкі да “дрэва шчасця”.
На працягу ўсяго мерапрыемства пачуцці і вобразы атаясамліваліся толькі з трыма паняццямі — творчасць, інтэлект, будучыня. Прынамсі, тое, што адбывалася ў фае тэатра, поўнасцю адпавядала майму ўспрыманню. Пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, стыпендыяты спецыяльных фондаў прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі прадстаўлялі свае праекты — творчыя і інтэлектуальныя.
Экскурсія ў свет інтэлекту пачалася са студэнцкіх праектаў. Шматлікія пераможцы міжнародных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый прадстаўлялі вынікі сваіх дасягненняў. Як заўважыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, тут сабраліся самыя тытулаваныя маладыя людзі, якія першых вяршынь змаглі дасягнуць толькі дзякуючы свайму інтэлекту. У прыватнасці, на выставе былі прадстаўлены вынікі студэнцкіх праектаў Мінскага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Наталля Іванаўна павіншавала ўсіх маладых людзей з перамогамі і пажадала далейшага плёну ў вучобе і навуковай дзейнасці.
На другім паверсе свае праекты прадстаўлялі школьнікі. Юныя вынаходнікі здзіўлялі дасведчанасцю і прагай дасягнуць большага. Напрыклад, Аляксандр Дубавіцкі, навучэнец 10 класа гімназіі № 29 Мінска, прадстаўляў сваю распрацоўку — інтэлектуальнага робата “Альтрон”. Робат умее гаварыць і выконвае каманды. Выконвае функцыі ўборкі, аховы і сканіравання памяшкання на наяўнасць небяспечных газаў, пажару, дыму, пары, уключэння (выключэння) прыбораў, кармлення гадаванцаў, паліву кветак. А Глеб Рудзеня з дзіцячай мастацкай школы Наваполацка прадстаўляў інавацыйнае архітэктурнае збудаванне. Як заўважыла Наталля Качанава, маладыя і творчыя архітэктары заўсёды патрэбны дзяржаве.
— Наша дзяржава на чале з прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам праводзіць мэтанакіраваную палітыку па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, стварэнні неабходных умоў для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі. Для вас, дарагія дзеці, у нашай краіне паспяхова працуюць больш за 400 дзіцячых спартыўных школ, 449 дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў. У 318 установах дадатковай адукацыі адкрыта больш за 30 000 гурткоў і секцый. У лістападзе 2014 года пасля рэканструкцыі быў адкрыты Беларускі маладзёжны тэатр.
Асаблівая ўвага і падтрымка — таленавітай моладзі. Інтэграваны банк даных таленавітай і адоранай моладзі налічвае больш за 8000 чалавек. Лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маюць ільготы пры паступленні ў ВНУ, магістратуру і аспірантуру, валодаюць правам атрымання льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля.
Сёння наша сустрэча адбываецца ў абноўленым Тэатры юнага гледача, што з’яўляецца своеасаблівым падарункам да Дня абароны дзяцей. У 2014 годзе беларускія школьнікі і студэнты, творчая моладзь заваявалі 43 узнагароды на міжнародных спаборніцтвах. Асобна хочацца падзякаваць вашым педагогам. Гэтыя мудрыя і клапатлівыя людзі адкрываюць перад вамі свет ведаў, аддаючы часцінку сваёй душы. Паважаныя сябры, я вельмі спадзяюся, што ўсе вашы перамогі пойдуць на карысць нашай дзяржавы, а цяпер жадаю вам моцнага здароўя і поспехаў, — звярнулася да прысутных Наталля Качанава.
Затым Наталля Іванаўна па даручэнні кіраўніка дзяржавы на сцэне тэатра ўручыла пасведчанні, нагрудныя знакі і дыпломы навучэнцам і студэнтам — лаўрэатам спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі, уладальнікам залатых медалёў міжнародных алімпіяд, першых месцаў міжнародных конкурсаў і фестываляў, фіналістам дзіцячага тэлевізійнага конкурсу “Я пяю!”.
Грашовыя прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду атрымалі: Дзмітрый Баброў, студэнт БДУ, уладальнік залатога медаля 55-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды; Уладзіслаў Барысевіч, навучэнец ліцэя Лунінца Брэсцкай вобласці, уладальнік залатога медаля 8-й Міжнароднай алімпіяды праектаў маладых вынаходнікаў; Хрысціна Неўдах, студэнтка БДМУ, уладальніца залатога медаля 8-й Міжнароднай алімпіяды праектаў маладых вынаходнікаў; Таццяна Пасько, навучэнка гімназіі № 21 Мінска, уладальніца залатога медаля 22-й Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў; Ілья Саўчанка, студэнт ВДМУ, уладальнік залатога медаля 22-й Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў.
Закончылася ўрачыстае мерапрыемства падарункам ад ТЮГа — спектаклем “Сіняя птушка”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА.