Дыплом “Ганаровы прафесар БДУ” ўручаны Прэзідэнту Рэспублікі Індыя Пранабу Мукерджы, які знаходзіўся ў Беларусі з афіцыйным візітам.
Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка, Пранаб Мукерджы за гады прэзідэнцтва, а да гэтага як міністр замежных спраў унёс вялікі ўклад у развіццё беларуска-індыйскіх адносін. “Я ведаю яго пэўны ўклад у адукацыю, навуку”, — сказаў рэктар.
За апошнія гады званне ганаровага прафесара БДУ было прысвоена шэрагу вядомых вучоных і палітычных дзеячаў, у тым ліку Прэзідэнту Азербайджана і Прэзідэнту Туркменістана.
Рэктар БДУ адзначыў, што неабходна пашыраць супрацоўніцтва паміж беларускімі і індыйскімі ВНУ.
“Я сам як матэматык, інфарматык ведаю сілу індыйскіх праграмістаў, вядомых у свеце гэтак жа, як і беларускія айцішнікі. Неабходна як мага больш развіваць адносіны ў сферы адукацыі з індыйскімі ўніверсітэтамі, у прыватнасці ў IT-сферы, дзе абедзве нашы краіны вельмі моцныя”, — сказаў рэктар.
Сяргей Абламейка адзначыў, што супрацоўніцтва паміж універсітэтамі дзвюх краін пашыраецца. “Зразумела, што гэта не так проста. З аднаго боку — аддаленасць, з другога боку — мова: у Беларусі выкладанне адбываецца на рускай мове, у Індыі англійская мова больш выкарыстоўваецца. У БДУ таксама вучацца індыйскія студэнты, і абмен адбываецца, і выкладчыкі ездзяць у Індыю, да нас прыязджаюць індыйскія выкладчыкі, выступаюць, праводзяць сумесныя даследаванні. Абмен ёсць, але ён недастатковы”, — лічыць Сяргей Абламейка.
БДУ мае некалькі пагадненняў з індыйскімі ўніверсітэтамі.
У ходзе візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь былі падпісаны новыя пагадненні.
Нацыянальны этнічны ўніверсітэт імя Індзіры Гандзі падпісаў мемарандумы з Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры і спорту, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, а Індыйскі інстытут тэхналогій у Гувахаці — з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі. Мемарандумы аб супрацоўніцтве падпісаны паміж Нацыянальным інстытутам тэхналогій імя Вісвесварая і Нагпуры і Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі, а таксама гэтай індыйскай ВНУ і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам.
Паводле слоў міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, падпісанне мемарандумаў паміж вядучымі ВНУ Беларусі і Індыі будзе садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі, абмену дэлегацыямі і адпаведнымі праграмамі супрацоўніцтва, а таксама садзейнічаць прамым кантактам паміж універсітэтамі. “Я ўпэўнены, што наша ўзаемадзеянне будзе плённым і прынясе ўзаемную карысць для бакоў”, — сказаў міністр.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.