У МАІРА прайшлі мерапрыемствы для патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026»

- 15:11Образование, Учитель года — 2026

У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшлі мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў Мінскай вобласці — патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праграма курсаў даволі насычаная: лекцыйныя і практычныя заняткі, майстар-класы, вучэбныя дыскусіі, круглыя сталы, прысвечаныя актуальным тэмам абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту.

— Удзельнікі абмяркоўвалі метады і прыёмы арганізацыі сучасных вучэбных заняткаў, дзяліліся арганізацыяй кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка, — расказаў рэктар МАІРА Фёдар Драбеня. — Таксама многа ўвагі было ўдзелена спосабам выкарыстання штучнага інтэлекту і яго ролі ў павышэнні якасці адукацыі.

Падрыхтоўка да конкурсу “Настаўнік года” — не аднадзённая справа, а складаная і адказная работа, якая вядзецца на працягу некалькіх гадоў.

Перш чым тра­піць на конкурс, неабходна прайсці шэраг выпрабаванняў рознага кірунку. Падчас курсаў у МАІРА для ўдзельнікаў правялі псіхалагічныя трэнінгі па эфектыўнай камунікацыі і развіцці стрэсаўстойлівасці, практычныя заняткі па стварэнні пазітыўнага іміджу педагога. Гэта база, якая патрабуецца ад кожнага, хто прэтэндуе на высокае званне лепшага педагога.

На павышэнні кваліфікацыі разам з прафесарска-выкладчыцкім складам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі сваім вопытам з педагогамі Міншчыны дзяліліся лаўрэаты і пераможцы конкурсу “Настаўнік года” мінулых гадоў — члены мінскага абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман” Іван Якіменка, Васіль Маліноўскі, Эла Якубоўская, Святлана Іванюшына. Гэтым праграма павышэння кваліфікацыі не была абмежавана: высакакласнымі напрацоўкамі з будучымі ўдзельнікамі конкурсу ад Мінскай вобласці таксама дзяліліся члены гомельскага абласнога клуба “Зорнае крыло”.

— Такое метадычнае мерапрыемства — першы сумесны праект мінскага і гомельскага клубаў у межах міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і абмену вопытам па падрыхтоўцы педагогаў да конкурсу прафесійнага майстэрс­тва, — дадаў Фёдар Валянцінавіч.

З прывітаннем перад педагогамі Мінскай вобласці выступіў суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2020”, старшыня савета мінскага абласнога клуба “Флагман”, дырэктар сярэдняй школы № 1 Маладзечна імя Янкі Купалы Васіль Маліноўскі. Затым дзейнасць гомельскага клуба “Зорнае крыло” прэзентавала настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Мазыра Вікторыя Сташалеўская.

Для таго каб будучыя ўдзельнікі конкурсу “Настаўнік года” мелі дакладнае ўяўленне аб патрэбных на конкурсе навыках, удзельнікі “Зорнага крыла” правялі шэраг цікавых майстар-класаў. Так, сваім вопытам дзяліліся настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Турава Таццяна Зямлянік, настаўніца біялогіі гімназіі Хойнікаў Вікторыя Мастабай, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 27 Гомеля Вольга Галавешкіна, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 імя І.Катлярова Светлагорска Вольга Яцэвіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Мазыра Вікторыя Сташалеўская.

Падчас правядзення заняткаў педагогі Міншчыны прымалі ўдзел у дыскусіях, выконвалі творчыя заданні, аналізавалі праблемныя сітуацыі, шукалі ім прымяненне на ўроках і інш.

Самым творчым і доўгачаканым для большасці стаў майстар-клас “Выкарыстанне розных мастацкіх тэхнік і метадычных прыёмаў для развіцця вобразнага мыслення”, які правёў абсалютны пераможца заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2023” настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргей Шамінскі.

Для таго каб наглядна прадэманстраваць падыходы, якімі карыстаецца ў навучанні, Сяргей Міхайлавіч прапанаваў калегам падключыць фантазію і ўя­віць сябе на ўроку выяўленчага мастац­тва. На загадзя падрыхтаваных эскізах настаўнікі каляровымі алоўкамі стваралі свае шэдэўры. Да таго ж настаўнік выяўленчага мастацтва паказаў, як будаваць урок па прынцыпе ад простага да складанага. Зразумела, усё дэманстравалася на малюнках — асноўных інструментах педагога.

— Творчая атмасфера, створаная гомельскімі педагогамі, натхніла, акрыліла і дала будучым канкурсантам упэўне­насць у тым, што ўдзел у конкурсе “Настаўнік года” — гэта не толькі магчы­масць раскрыць педагагічны талент, прадэманстраваць і абара­ніць у конкурсных спаборніцтвах педагагічны вопыт, напрацаваны гадамі, але і вялікі крок да далейшага прафесійнага росту, — падсумаваў Фёдар Драбеня.

Наступным мерапрыемствам у такім абмене вопытам стане метадычны семінар мінскага абласнога клуба “Флагман”. Ён пройдзе для патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу “Настаўнік года — 2026” ад Гомельскай вобласці.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА