Лета для дырэктара школы — такая ж гарачая пара, як і іншыя поры года, упэўнена Лідзія Букіна

- 13:28Образование

Лета для дырэктара школы — такая ж гарачая пара, як і іншыя поры года, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар сярэдняй школы № 4 Светлагорска Лідзія Букіна. Якім быў навучальны год для ўстановы адукацыі, што ўдалося зрабіць за год і якія планы на наступны — слова дырэктару школы.

— Для школы год быў дастаткова паспяховым, — гаворыць Лідзія Васільеўна. — Сёлета мы завяршылі эксперыментальны праект па прафілактыцы булінгу “Адаптацыя мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Напрыканцы навучальнага года вучні разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольгай Валянцінаўнай Рэйман былі запрошаны на дыялогавую пляцоўку ў Мінск як прадстаўнікі адной са школ, якія паспяхова ў гэтым праекце заявілі пра сябе.

Вучэбныя дасягненні таксама былі сур’ёзнымі. У школе адбыўся першы выпуск інжынерных класаў. Нашы дзеці былі ўдзельнікамі абласнога злёту інжынерных класаў, а Іван Шыпнеўскі стаў пераможцам, заваяваўшы дыплом І ступені. У нас працавала школа будучага інжынера ў супрацоўніцтве з Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В.Сухога: на базе школы займаліся не толькі нашы навучэнцы, але і дзеці з усяго раёна. Па выніках навучання ў гэтай школе навучэнцы атрымалі сертыфікаты, якія дадуць ім пры роўных умовах перавагу пры паступленні ў названы ўніверсітэт. Навучэнцы інжынерных класаў атрымалі імянныя запрашэнні для паступлення ва ўніверсітэт на запатрабаваныя спецыяльнасці.

Нашы дзеці добра сябе паказалі ў алімпіядным руху. Трое навучэнцаў адзначаны дыпломамі абласнога ўзроўню, чацвёра сталі пераможцамі абласных, рэспуб­ліканскіх і рэгіянальных інтэрнэт-алімпіяд, інтэлектуальных конкурсаў. Выпускнікі парадавалі вынікамі на ЦЭ і ЦТ. Па англійскай мове навучэнка Вераніка Чарняўская набрала 100 балаў, па матэматыцы медалістка Паліна Харшунова — 98 балаў. У цэлым вынік выпускнікоў па школе вышэйшы за вынікі мінулых гадоў.

Выдатна сябе паказалі нашы вучні ў творчасці — 107 перамог раённага ўзроўню, 5 — абласнога ўзроўню і 4 перамогі ў міжнародных вакальных конкурсах. У апошніх перамагла сёлетняя выпускніца школы Ганна Караткевіч (педагог Галіна Рыгораўна Аляксеенка). Гэтая ж настаўніца падрыхтавала Аліну Ярыга — пераможцу міжнароднага фестывалю-конкурсу ў Славеніі, які праходзіў дыстанцыйна.

— Лідзія Васільеўна, дырэктар школы — гэта не толькі пра вучэбна-выхаваўчы працэс, але і пра гаспадарлі­васць. Раскажыце, калі ласка, як праходзіць ва ўстанове адукацыі Год добраўпарадкавання і пяцігодка якасці.

Кожны год — маленькі крок да таго, каб установа адукацыі і яе тэрыторыя сталі крыху лепшымі. У апошні час мы мэтанакіравана будавалі работу такім чынам, каб вырашаць самыя складаныя праблемы. Так, была праблемай для нас неадноўленая сістэма водазабеспячэння, якую якраз сёлета мы канчаткова вырашылі. За пазабюджэтныя сродкі і пры дапамозе мясцовага прадпрыемства “Аграсэрвіс” гэтыя работы былі выкананы.

Вялікую ўвагу ўдзяляем захаванню цяпла ў будынку і змяненню інтэр’ера школы, таму мяняем вокны на сучасныя. Школе сёлета 60 гадоў, і аконныя рамы ўжо састарэлі. Акрамя таго, у бягучым навучальным годзе рэалізаваны 2 праекты сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне — у 2 вучэбных кабінетах заменены стальніцы парт і крэслы. Работа працяг­ваецца. Абноўлены і спартыўны інвентар пры дапамозе спонсараў. Так маленькі­мі крокамі мы абнаўляем сваю школу.

— Год 80-годдзя Вялікай Перамогі… Як вы ўдзяляеце ўвагу гэтай значнай даце?

— Гэтая тэма сёлета галоўная ва ўсёй выхаваўчай рабоце. Наша школа размешчана побач з брацкай магілай, у якой пахаваны Герой Савецкага Саюза Пётр Афанасьевіч Мірашнічэнка. Вучні школы добраўпарадкоўваюць брацкую магілу, удзельнічаюць у мітынгах. Сёлета на 9 Мая ў раён прыязджала ўнучка героя, якая наведала магілу свайго легендарнага дзядулі і нашу школу.

Мы аказваем пасільную дапамогу дзецям вайны. Таксама навучэнцы бралі актыўны ўдзел у конкурсах. Так, выпускнік Яраслаў Дайнека стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу “Караблік Перамогі”, прысвечанага перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Тэма не закрыта, работа працяг­ваецца.

— Якія планы ў дырэктара на наступны год?

— Рухацца наперад, працяг­ваць работу школы будучага інжынера і інжынерных класаў, супрацоўніцтва з ГДТУ імя П.В.Сухога. Падагульніўшы вопыт работы па эксперыментальным праекце па прафілактыцы булінгу, мы думаем пра выдавецкую дзейнасць, каб падзяліцца набытым вопытам з калегамі.

Лета-2025

Усе тры месяцы лета ў школе распісаны па днях. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі летняй занятасці ўсіх катэгорый дзяцей, а не толькі дзяцей падуліковых катэгорый. У чэрвені працуе прышкольны аздараўленчы лагер для 65 навучэнцаў і працоўны лагер для 20 падлеткаў. У рамках апошняга дзеці ўдзельнічаюць у праектах па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі і па рамонце бібліятэчнага фонду. Дзеці вельмі ганарацца сваёй першай зарплатай і выдатна праводзяць вольны час. У арганізацыі летняй занятасці актыўна дапамагаюць структуры РАНС, РАУС, АСВОДа. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з мясцовым храмам Кірылы Тураўскага і айцом Сергіем. Таксама ў летні перыяд арганізавана работа спартыўных і гульнявых пляцовак. Будзе арганізавана работа па індывідуальным працаўладкаванні старшакласнікаў, тут аказвае дапамогу райкам БРСМ. Як заўсёды, школу падтрымліваюць шэфы — светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў і канструкцый: сёлета яны выдзелілі 2 месцы для старшакласнікаў і гатовы працаўладкаваць дзяўчат памочнікамі мыйшчыкаў посуду.

Акрамя таго, усе вучні 5—8 класаў за лета праходзяць практыку, працуюць на прышкольным участку са сваімі класнымі кіраўнікамі. Пяцёра навучэнцаў займаюцца ў школе дакладных навук пры Гомельскім абласным ІРА — праходзяць падрыхтоўку да будучых алімпіяд. Для такіх жа дзяцей у жніўні будзе працаваць раённая школа на базе адной з гарадскіх школ, у якой у тым ліку будуць выкладаць педагогі сярэдняй школы № 4.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара