Як дыдактычная лялька дапамагае фарміраваць правільнае гукавымаўленне ў дашкольнікаў

- 16:30Образование

Як дыдактычная лялька дапамагае фарміраваць правільнае гукавымаўленне ў дашкольнікаў, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Карэкцыя гукавымаўлення — адзін з прыярытэтных кірункаў маёй работы, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Алена Антаноўская з Аснежыцкага дзіцячага сада Пінскага раёна. — Гэта даволі працаёмкі працэс, які ўключае шмат практыкаванняў, накіраваных на падрыхтоўку артыкуляцыйнага і дыхальнага апарату, а таксама на пастаноўку гука. Многім дзецям цяжка правільна вымаўляць пастаўленыя гукі ў складах і словах, не кажучы ўжо пра фразы. Каб павысіць цікавасць выхаванцаў да заняткаў, даводзіцца шукаць новыя, больш эфектыўныя формы і метады работы. Так, самаробныя дыдактычныя лялькі дазваляюць зрабіць яе разнастайнай і арыгінальнай.

Па словах педагога, пры планаванні работы па фарміраванні правільнага гукавымаўлення вельмі важна стварыць у дзяцей станоўчыя эмацыянальныя адносіны да заняткаў, якія павінны быць цікавымі, але не забаўляльнымі. Нестандартны дыдактычны матэрыял выклікае ў дашкольнікаў вялікую зацікаўленасць.

— Дыдактычная лялька выраблена з мерыносавай шэрсці таўшчынёй 18—19 мікрон у тэхніцы мокрага валення, — працягвае Алена Антаноўская. — Выбар матэрыялу невыпадковы, найперш з-за яго экалагічнасці і натуральнасці. Ланалін, які ўтрымліваецца ў шэрсці, валодае супрацьалергеннымі ўласцівасцямі. Акрамя таго, шэрсць мяккая і пластычная, не назапашвае статыку і надзвычай прыемная навобмацак.

Лялька мае рухомы язык, што дазваляе паказаць функцыянальнасць усіх органаў артыкуляцыйнага апарату. Дзякуючы гэтаму, дзеці лёгка засвойваюць правільнае становішча органаў артыкуляцыі. Так, лялька можа прапанаваць заданне, загадаць загадку, удзельнічаць у дыялогу, падвесці вынікі пэўных дзеянняў…

Дашкольнікі з радасцю адказваюць на пытанні лялькі, шматразова паўтараюць маўленчы матэрыял, неабходны для замацавання навыку правільнага гукавымаўлення.

Разам з тым ляльку можна выкарыстоўваць для карэкцыі вымаўлення ўсіх груп гукаў, вар’іраваць патрабаванні да маўлення і паводзін дзяцей на занятках, што выхоўвае свабоду маўленчых зносін. Так, у адказ на паспешлівае маўленне ці няправільнае вымаўленне гука лялька можа за­крыць вушы рукамі і адмоўна пака­чаць галавой, а пачуўшы правільны адказ — пахваліць і папляскаць у далоні.

— Правільныя рухі органаў артыкуляцыйнага апарату фарміруюцца з дапамогай артыкуляцыйных практыкаванняў, — расказвае Алена Антаноўская. — Дыдактычная лялька дазваляе эфектыўна праводзіць артыкуляцыйную гімнастыку, адначасова тлумачыць і паказваць правільнае становішча языка падчас яе, а таксама аблягчае запамінанне і ўзнаўленне гэтых практыкаванняў. Так, практыкаванне “Вясёлы язычок” з выкарыстаннем “языка-рукавічкі” стварае зрокавы вобраз становішча языка пры вымаўленні пэўнага гука: [с] — далонька “горкай”, [ш] — далонька “кубачкам”. На аснове гэтага прынцыпу пабудаваны гульні “Хто даўжэй?”, “Хто больш?”, “Навучы ляльку”, “Гукавыя прыступкі”, “Гукавыя шкляначкі” і “Гукавыя дарожкі”.

Важнае месца ў карэкцыйнай рабоце займае вымаўленне складоў і складовых спалучэнняў, якое пашырае і ўзбагачае маўленчы вопыт дзяцей. На гэта накіраваны практыкаванні “Маленькія ножкі беглі па дарожцы”, “Прывітанне, пальчык”, “Пайграй на піяніна”, “Закончы слова” і “Гульня ў мяч”.

— Работа па аўтаматызацыі гука ў словах заключаецца ў тым, каб дзеці ўспрымалі вымаўленае слова ўсвядомлена ва ўсіх яго лексічных і граматычных сувязях, а не механічна паўтаралі ўслед за дарослым, — заўважае Алена Антаноўская. — Даволі выніковыя практыкаванні “Дапамажы ляльцы Машы адшукаць цацкі”, “Кладоўка лялькі Машы”, “Лялька Маша адпраўляецца ў казку”, “Лялька Маша дорыць падарункі”, “Адгадай, што ўзяла Маша”… А вось для аўтаматызацыі гука ў сказе выкарыстоўваюцца ўжо знаёмыя дзецям словы ў практыкаваннях “Што ў лялькі Машы ў сумачцы?”, “Выправі памылкі”, “Падбяры карцінкі і складзі сказ”, “Адкажы на пытанне”, “Што ў каробцы?” і “Блытаніна”.

З дапамогай дыдактычнай лялькі педагог развівае таксама дыялагічную і маналагічную форму маўлення, вучыць скла­даць параўнанні. Так, лялька з задавальненнем слухае, як дзеці пераказваюць казкі, удзельнічае ў стварэнні апісальных аповедаў, з’яўляецца цікавым сураз­моўнікам у дыялогу, прычым яе голас мяняецца ў залежнасці ад сітуацыі. Асабліва падабаюцца дашкольнікам практыкаванні “Адгадай, што схавала”, “Схаваю ляльку Машу”, “Калі ты падумаеш, то аповед прыдумаеш”, “Усё наадварот” і “Прыдатнае слова”.

— Выкарыстанне дыдактычнай лялькі дазваляе фарміраваць і трывала замацоўваць вымаўленчыя навыкі ў дзяцей, папярэджваць цяжкасці ў авалоданні навыкамі чытання і пісьма, якія маглі ўзнікнуць з-за дэфектаў маўлення, — гаворыць Алена Антаноўская. — Дзякуючы ляльцы, у выхаванцаў павысілася ціка­васць і станоўчы эмацыянальны настрой пры выкананні заданняў, самастойнасць падчас артыкуляцыйных практыкаванняў, знізілася стамляльнасць пры аўтаматызацыі гукаў, скараціўся час на іх пастаноўку і аўтаматызацыю.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ