Настаўнік назаўжды. Таццяне Селявончык заўсёды хацелася даць дзецям трывалыя веды і навучыць чалавечнасці

- 17:25Образование

Якімі рысамі характару і прафесійнымі ўменнямі павінен валодаць сапраўдны педагог?

Важныя якасці

Адны лічаць, што важнымі якасцямі настаўніка з’яўляюцца прафесіяналізм, патрыятызм, справядлівасць, эрудыцыя, шчырасць, чуласць, спагада. Другія дадаюць упэўненасць у сабе, адказнасць, міласэрнасць, патрабавальнасць, уменне знайсці падыход да кожнага вучня, дапамагчы раскрыць і рэалізаваць таленты. Трэція гавораць, што настаўнікам нельга стаць без цярпення, ведання псіхалогіі і ўзроставых асаблівасцей дзяцей, пастаяннай самаадукацыі. Да таго ж педагог павінен быць прыкладам заўсёды і ва ўсім.

— Ці была я такой? Не ведаю, але да гэтага дакладна імкнулася, — гаворыць, усміхаючыся, былая настаўніца Макранскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Таццяна Селявончык. — Мне заўсёды хацелася даць дзецям трывалыя веды, навучыць чалавечнасці і спагадзе, выхаваць моцных духам і ўпэўненых у сабе, прывіць любоў да бацькоўскага парога і роднага краю, далучыць да праўды, прыгажосці і дабрыні. Плён работы стаў бачны праз гады.

Не граматы і дыпломы з’яўляюцца самым важным у жыцці для Таццяны Селявончык, хаця адчу­ваць увагу таксама прыемна і ганарова. Жанчына заўсёды імкнулася працаваць старанна, на вынік. Лепшым кантралёрам было сумленне. Ніякіх праверак і кантрольных зрэзаў не баялася: любы ўрок заўсёды праводзіла якасна, з улікам дасягненняў методыкі і педагагічнай навукі. Была ўпэўнена ў трывалых ведах вучняў. Таму і ехалі да Таццяны Сямёнаўны калегі пераймаць вопыт. Едуць і цяпер, але па іншай прычыне. І не толькі былыя калегі.

Нядаўна Таццяна Селявончык адзначыла 90-гадовы юбілей. З шаноўным узростам жанчыну павіншавалі не толькі родныя, суседзі і вяскоўцы. Пра любімую настаўніцу не забыліся і колішнія вучні.

З юбілеем яе павіншавалі па тэлефоне больш за 20 з іх. Акрамя таго, 18 чалавек прыехалі з кветкамі да былога класнага кіраўніка асабіста. Сярод іх — чатыры выпускніцы 1956 года! Увага былых вучняў — найлепшая ўзнагарода для жанчыны.

Шлях у настаўнікі

Таццяна Селявончык родам з Брэсцкага раёна. Яе памяць захоўвае ваеннае ліхалецце, якое прыпала на дзяцінства. Да гэтага часу перад вачыма стаяць спаленыя хаты, параненыя салдаты і лясныя зямлянкі, а ў вушах адгукаюцца свіст куль і выбухі снарадаў.

У 1 клас Таццяна Сямёнаўна пайшла ў верасні 1944 года. Будынак школы ў час вайны спалілі немцы, таму яе арганізавалі ў вясковай хаце. Вучыў дзяцей адзін настаўнік. Сшыткаў не было, пісалі на любой паперы, якую ўдавалася знайсці. Не было і парт, падручнікаў, але было вялікае жаданне вучыцца.

У дзяўчынкі вельмі добра ішла матэматыка. Таццяна лёгка рашала любыя задачы, нават за 2 клас. Таму недзе праз месяц вучобы яе перавялі адразу туды.

З будучай прафесіяй Таццяна вызначылася хутка. Памятала словы маці, якая сказала неяк, што ў першую чаргу трэба ісці туды, куды кліча сэрца.

Пасля школы Таццяна Селявончык паступіла на матэматычнае аддзяленне тагачаснага Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Зроблены выбар аказаўся правільным: педагогіка стала справай жыцця, у якой жанчына дасягнула прафесійнага поспеху і прызнання.

У 1958 годзе маладога спецыяліста накіравалі ў Чучавіцкую сярэднюю школу Лунінецкага раёна, але там Таццяна Сямёнаўна затрымалася ненадоўга: перавялася бліжэй да дому, у Маларыцкі раён. З 15 жніўня 1959 года і да выхаду на заслужаны адпачынак шчыравала ў Макранскай сярэдняй школе.

Жыццё — у прафесіі

Маладому педагогу не было часу сумаваць: вяла ўрокі матэматыкі і чарчэння, стала класным кіраўніком у 5 класе для 25 чамучак.

Маладой настаўніцы хацелася, каб пра яе гаварылі толькі добрыя словы. Яна імкнулася стаць такой, як лірычная гераіня верша Сяргея Грахоўскага “Народная настаўніца”. Не раз Таццяна Селявончык з задавальненнем перачытвала яго: “Усе заснуць, а ты святла не гасіш, // У шыбу стукае асенні матылёк, // Ты доўга думаеш, якім у першым класе // Твой будзе першы ў жыцці ўрок”.

І хаця Таццяна Сямёнаўна не атрымала звання народнага настаўніка, яна лічыць, што ў яе ёсць нешта нашмат большае: павага і ўвага былых вучняў. А колькі іх было за 35 гадоў работы! Таццяна Сямёнаўна — класны кіраўнік 2, 5, 11, 18, 25 і 32 выпускаў школы. Аб’ездзіла з імі, здаецца, палову Савецкага Саюза: пабывала ў Мінску, Маскве, Кіеве, Львове, Калінінградзе…

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак два гады не працавала ў школе: падводзіла здароўе. Але адміністрацыя ўстановы вельмі прасіла выйсці на работу. І педагог яшчэ тры гады працавала на падмене ўрокаў у розных класах.

— 90 гадоў — не ўзрост для настаўніка, — усміхаецца Таццяна Селявончык. — Здаецца, каб паклікалі на падмену ўрокаў, то пайшла б адразу. Думаю, што знайшла б агульную мову з сучаснымі вучнямі, хаця ўжо 31 год не працую ў школе. Метады, прыёмы, асноўныя падыходы да ўрока засталіся ж ранейшымі.

Таццяна Сямёнаўна гаворыць, што ёй часта сніцца работа. Ба­чыць сябе ля дошкі з крэйдай і ўказкай, даказвае тэарэмы, рашае з вучнямі ўраўненні і задачы. Школа ніяк не адпускае…

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара