Вопыт рэалізацыі праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма» педагогі Магілёўшчыны прадставілі на рэгіянальным форуме

- 11:20Образование

Тэматычныя заняткі вучэбнай праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” занялі значнае месца ў структуры выхаваўчай работы навучальных устаноў вобласці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Усюды настаўнікі будуюць гэтыя ўрокі так, каб яны садзейнічалі фарміраванню ў вучняў грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, маральных якасцей і духоўных асноў. Многія калектывы падышлі да арганізацыі заняткаў творча, стварылі аўтарскія метадычныя распрацоўкі, — расказала начальнік цэнтра Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Мулерава.

Падчас мерапрыемства педагогі абмяняліся поглядамі, абмеркавалі праблемныя моманты. Было прадэманстравана нямала адметных ідэй. Так, у Бабруйску зрабілі ўпор на практыкаарыентаванасць, нагляднасць і візуалізацыю: стварылі лэпбукі, інтэрактыўныя плакаты, пазнавальныя гульні і нават Кнігу Памяці.

— Асноўны акцэнт усіх распрацовак — вывучэнне гісторыі, традыцый, выбітных асоб нашага горада. Бо патрыятызм пачынаецца з любові да роднага краю, да месца, дзе нарадзіліся і растуць навучэнцы, — адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці вучэбна-метадычнага кабінета Бабруйска Вікторыя Яновіч.

У Горацкім раёне зрабілі стаўку на далучэнне да правядзення заняткаў бацькоў, выдалі серыю адпаведных дыдактычных дапаможнікаў. У Касцюковіцкім — распрацавалі інфармацыйныя буклеты і настольныя гульні, ініцыіравалі масавы сямейны праект, стварылі займальныя відэаролікі з прымяненнем штучнага інтэлекту. А ў Бабруйскім — склалі цыкл матэрыялаў “Дзеці — дзецям пра самае галоўнае”.

— Вырашылі выкарыстоўваць методыку “роўны вучыць роўнага”, далучыць да заняткаў фармальных і нефармальных лідараў дзіцячых калектываў. Актыўныя навучэнцы праз віктарыны, гульні, конкурсы, апытанні даносяць да аднагодкаў важную інфармацыю, — па­дзялілася метадыст Бабруйскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыя Шунько.

Па выніках форуму лепшыя распрацоўкі былі рэкамендаваны да распаўсюджвання. Акрамя таго, у ажыццяўленні вучэбнай праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” педагогі сумесна вызначылі адзіныя для рэгіёна падыходы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ