Чым жыла паўстагоддзя назад вялікая краіна Савецкі Саюз і родная Беларусь — даведаемся з артыкулаў «Настаўніцкай»

- 13:2080 лет вместе

Гартаючы пажоўклыя старонкі “Настаўніцкай газеты” за юбілейны, 1975 год, я раз­-пораз лавіла сябе на думцы: гэтыя нумары газеты, у якой я працую 28­-ы год, пабачылі свет яшчэ да майго нараджэння. І ўжо тады журналісты пісалі на тэмы, якія мы з калегамі асвятляем у сучасным педагагічным выданні.

1975 год: час удасканалення

Чым жыла паўстагоддзя назад вялікая краіна пад назвай Савецкі Саюз і наша родная Беларусь — у той час Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка? Зразумела, жывой і балючай была памяць пра Вялікую Айчынную, бо за 30 гадоў з дня яе заканчэння, як, дарэчы, і за 80, беларусы не забыліся пра яе горыч і чалавечыя трагедыі.

У кожным нумары “Настаўніцкай газеты” за 1975 год з’яўляліся матэрыялы пад рубрыкамі “З франтавога фотаархіва”, “Патрыёт” і г.д. Аўтары публікацый — настаўнікі, якія прайшлі ваеннымі дарогамі, былі ўдзельнікамі падполля, вялі рэйкавую вайну, змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах.

Шмат на старонках тагачаснай “Настаўніцкай” невя­лікіх рэпартажаў пра тое, як удзельнік вайны прыйшоў у школу, якую калісьці сам скончыў, каб расказаць падрас­таючаму пакаленню пра сваю маладосць, абпаленую вайной…

У нумары газеты за 29 красавіка — матэрыял “Растуць патрыёты ў школах”. У ім расказваецца пра стварэнне ў сярэдняй школе № 71 Мінска ваенна-тэхнічнага класа для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў па сувязі. Па-мойму, гэта пачатак профільнай прафесійнай адукацыі ў нашай краіне.

Другая тэма, якой жыла краіна, грамадства і настаўніц­тва, — пакарэнне космасу. Космас, загадкавы і далёкі, цікавіў усіх сваёй таямнічасцю. Дзеці таго часу шчыра хацелі стаць кас­манаўтамі, а візіты сапраўдных касманаўтаў у беларускія школы былі досыць распаўсюджанай з’явай. Космас пакараўся моцным і смелым. Так, у нумары “Нас­таўніцкай газеты” за 16 ліпеня на першай паласе змешчаны фотаздымак двух касманаўтаў — першага экіпажа касмічнага карабля “Саюз”, які браў удзел у сумеснай праграме “Саюз” — “Апалон”.

Вось што паведамляла наша газета сваім чытачам: “15 ліпеня 1975 года ў 15 гадзін 20 мінут па маскоўскім часе ў Савецкім Саюзе зроблены запуск касмічнага карабля “Саюз-19”. Яго пілатуе экіпаж у складзе камандзіра карабля, Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаў­та СССР, палкоўніка Ляонава Аляксея Архіпавіча і бортінжынера, Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаўта СССР, кандыдата тэхнічных навук Кубасава Валерыя Мікалаевіча. Гэтым палётам пакладзены пачатак першаму ў гісторыі касманаўтыкі буйному сумеснаму навуковаму эксперыменту па праграме “Саюз” — “Апалон”, што ажыццяўляецца СССР і ЗША. На борце карабля “Саюз-19” знаходзіцца флаг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая ўнесла важны ўклад у тое, каб космас заўсёды служыў шчасцю людзей”.

У нумары за 25 кастрычніка — працяг касмічнай адысеі. Першая паласа газеты занята пад матэрыял пра вывядзенне на арбіту Венеры першага штучнага спадарожніка. Міжпланетная аўтаматычная станцыя “Венера-9”, пераадолеўшы за 136 сутак палёту адлегласць у больш чым 300 мільёнаў кіламетраў, выведзена на арбіту вакол Венеры. Спус­каемы апарат зрабіў мяккую пасадку на паверхню планеты, і ўпершыню атрыманы адбітак паверхні Венеры. І гэта не сюжэт чарговага блокбастара — гэта публікацыя, якой без пары месяцаў 50 гадоў!..

Трэцяя пастаянная тэма на старонках нашай газеты ўзору 1975 года — пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі і далейшае развіццё агульнаадукацыйнай школы. Мінула 30 гадоў пасля разбуральнай вайны, краіна даўно стала на ногі. Прыйшоў час ад станаўлення і развіцця сістэмы адукацыі пераходзіць да яе ўдасканалення. У Белару­сі разгорнута масавае будаўніцтва ўстаноў адукацыі, у школах пашыраецца кабінетна-лабараторны метад навучання.

У нумары газеты за 22 студзеня надрукаваны вялізны артыкул міністра асветы БССР М.Мінкевіча, які заслугоўвае асаблівай увагі і які, я ўпэўнена, прачытаў кожны айчынны педагог, які працаваў у той час. Кіраўнік адукацыйнага ведамства падрабязна гаворыць пра важнасць ідэалагічнай работы з кадрамі, пра неабходнасць усеагульнай сярэдняй адукацыі, пра асаблівасці работы інтэрнатных устаноў, спецыяльных і санаторна-лясных школ. Міністр востра крытыкуе “маруднае разгортванне сеткі дашкольных устаноў”, падкрэслівае важнасць удасканалення школьных праграм і неабходнасць прымянення ў школах сучасных тэхнічных сродкаў (тэлевізараў, кінаапаратаў, магнітафонаў, фільматэк). “Час, пошукавы характар навучання ставяць перад намі задачу забяспечыць школы новай тэхнікай, уключаючы нават ЭВМ”, — адзначае міністр М.Мінкевіч. Такім чынам, паўстагоддзя назад беларускія настаўнікі былі гатовы ісці наперад да пра­грэсу і будучых інфармацыйных тэхналогій.

Сярод пастаянных і вельмі цікавых рубрык “Настаўніцкай газеты” трэба вылучыць рубрыкі “Пошук, творчасць, ініцыятыва”, “Для цябе, пра цябе, класны кіраўнік”, “Дырэктар школы: навука кіраваць”.

Дарэчы, апошняя рубрыка дала пачатак сучаснаму “Дырэктарскаму клубу” “Настаўніцкай газеты” і нават нашаму штомесячнаму арганізацыйна-практычнаму дадатку для адміністрацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Школа кіравання”.

Хочаце ведаць, пра што думаў кіраўнік установы адукацыі 50 гадоў назад? Знаёмцеся з думкамі дырэктара Смаргонскай школы-інтэрната Н.Пашкоўскай: “Глыбока пераканана: не можа быць нармальнай рабочай абстаноўкі, здаровай маральнай атмасферы там, дзе няма здаровых адносін да крытыкі. А гэта магчыма, калі кіраўнік прад’яўляе высокія патрабаванні не толькі да сваіх падначаленых, але і да сябе”. Гучыць абсалютна сучасна, праўда?

Асаблівай увагі заслугоўвае пастаянная рубрыка “Клуб педагагічных сустрэч”. Яе ідэя такая: бярэцца найбольш актуальная тэма, і група педагогаў абмяркоўвае яе. Прычым з іх вуснаў гучыць шмат крытыкі, настаў­нікі горача дыскутуюць, спасылаючыся на ўласны педагагічны вопыт і прыгадваючы выпадкі з практыкі. Вам гэты фармат нічога не напамінае з сучаснасці? Гэта ж наша “Экспертная пляцоўка”, калі ў канферэнц-зале рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” збіраюцца эксперты, каб абмеркаваць надзённую праблему. Так выглядае сувязь часоў і пакаленняў.

А наогул, “Настаўніцкая газета” 1975 года прапануе матэрыялы на любы густ. Выданне імкнецца не толькі задаволіць прафесійны запыт педагагічных работнікаў, але і даць ім магчымасць атрымаць асалоду ад чытання нарысаў і эсэ, фельетонаў і памфлетаў — з’ява для сучаснай газеты неверагодная. “Настаўніцкая” друкуе спартыўныя навіны і рэпартажы з вучнёўскіх спаборніцтваў, апісвае прафсаюзныя будні і фішкі летняй аздараўленчай кампаніі. Вялікая ўвага ўдзяляецца культурнаму развіццю чытача. У суботніх нумарах выдання настаўнік можа азнаёміцца з анатацыямі новых кінастужак, “зазірнуць” на выставу і тэатральную пастаноўку, адкрыць для сябе новыя імёны ў галіне літаратуры і мастац­тва.

У самых знакавых нумарах “Настаўніцкай” з’яўляецца колер, а замалёўкі пра педагогаў, змешчаныя на першай паласе выдання, ілюструюцца не толькі фатаграфіямі герояў, але і іх графічнымі партрэтамі — гэта яшчэ адна неверагодная з’ява для сучаснага пакалення.

Вось такая яна, “Настаўніцкая газета” сярэдзіны 1970-х, эпохі пабудовы камунізму і брэжнеўскага застою. Выкажу ўласнае меркаванне: наша газета ў 1975 годзе чытаецца з цікавасцю. Гэта не проста летапіс часу — гэта сам час, увекавечаны журналісцкім пяром.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара

Вучаць прафесіі і прызванню

Яркім фотаздымкам шчаслівых першакурсніц у верасні 1975 года “Настаўніцкая газета” паведамляла пра адкрыццё новага педагагічнага вучылішча. Створаная ў пасёлку Леніна Горацкага раёна навучальная ўстанова стала адзінай у краіне, размешчанай у сельскай мясцовасці.

Мінула 50 гадоў, аднак характэрная асаблівасць захавалася. А сама ўстанова за гэты час прайшла шлях ад вучылішча да сучаснага каледжа класічнага ўніверсітэта.

— З’яўленне нашай установы стала выбітнай падзеяй для раёна. Жыхарам адкрыліся шырокія магчымасці для атрымання прэс­тыжнай прафесіі, пашырылася мясцовая адукацыйная інфраструктура, — паведаміў дырэктар Аляксей Лявіцкі. — Статус установы неаднара­зова мяняўся. Зараз каледж уваходзіць у структуру Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Гэта стала значным імпульсам для развіцця. Былі ўве­дзены новыя спецыяльнасці, укаранёны інфармацыйныя тэхналогіі і інклюзіўная адукацыя. Функцыянаванне ў складзе ўніверсітэта дае навучэнцам магчымасць на­быць вышэйшую адукацыю ў скарочаныя тэрміны.

Сёння ў каледжы рыхтуюць педагагічныя кадры па трох спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя”, “Навучанне фізічнай культуры”, “Дашкольная адукацыя”. Навучанне ажыццяўляецца ў вочнай бюджэтнай форме.

— Штогод у нас вучацца каля 300 юнакоў і дзяўчат. Адукацыйны працэс арганізаваны сіламі 40 педагогаў, кожны з якіх — высока­кваліфікаваны прафесіянал. Больш за 60% калектыву — гэта выпускнікі каледжа. Ёсць і дынастыі. У спадчыну любоў да педагогікі перадаецца ў сем’ях Кандрашовых і Хмарскіх.

Намаганнямі педагагічнага калектыву ў каледжы створана асяроддзе, у якім навучэнцы могуць развіваць крытычнае мысленне, крэатыўнасць, здольнасць да ўзаемадзеяння. Упор у падрыхтоўцы робім і на практыку: падчас вучобы навучэнцы вядуць урокі ў школах і заняткі ў дзіцячых садах, удзельнічаюць у даследаваннях і навуковых канферэнцыях, што дазваляе ім набыць прафесійнае майстэрства, — заўважыў Аляксей Лявіцкі.

Вялікую ўвагу ў каледжы ўдзя­ляюць выхаваўчай рабоце з навучэнцамі. За паўстагоддзя ва ўстанове склаліся пэўныя традыцыі ў гэтым кірунку.

— Праз пасвячэнне ў студэнты, конкурсы, вучэбную практыку, валанцёрства, вучнёўскае самакіраванне выхоўваем носьбітаў педагагічных каштоўнасцей. У прыярытэце — фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, прафесійнай этыкі. Акцэнт робім і на развіцці нацыянальнай самасвядомасці. У нас ёсць музейны куток “Этнаграфічная гасцёўня”, дзе налічваецца звыш 1000 унікальных экспанатаў. Дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”, у рамках якога моладзь адраджае беларускія народныя абрады. Мы вучым не проста прафесіі, а прызванню. Лічым, што навучэнцы павінны ў поўнай меры ўсведамляць значнасць місіі настаўніка ў грамадстве, — расказаў Аляксей Мікалаевіч.

Да юбілею ў паўстагоддзя каледж прыйшоў з мноствам дасягненняў. У іх ліку — наладжванне міжнароднага супрацоўніцтва, інавацыйныя распрацоўкі педагогаў, творчыя, спартыўныя, інтэлектуальныя перамогі навучэнцаў.

— Неаднойчы хлопцы і дзяўчаты станавіліся пераможцамі конкурсу МДУ імя А.А.Куляшова “Лепшы будучы настаўнік”, прызнаваліся лепшым педагагічным атрадам у рэгіёне. Мы ганарымся, што выпускнікі каледжа — гэта педагогі-выхавальнікі, якія адкрываюць перад дзецьмі сэрца, становяцца для іх прыкладам і вядуць за сабой, — патлумачыў суразмоўнік.

Дарэчы, са сцен Горацкага педагагічнага каледжа выйшла ўжо амаль 6 тысяч спецыялістаў. Усе яны плённа працуюць ва ўстановах адукацыі краіны, многія сталі кіраўнікамі.

— Каледж пастаянна развіваецца, адаптуецца да зменлівых умоў і патрабаванняў адукацыйнай галіны, — падкрэсліў Аляксей Лявіцкі. — Стараемся быць актуальнымі і запатрабаванымі, але пры гэтым нязменна застаёмся вернымі сваёй галоўнай мэце: рыхтуем педагогаў, якія будуць не толькі вучыць, але і выхоўваць падрастаючае пакаленне беларусаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі

На варце бяспекі

Выхаваўчая работа ў гімназіі № 3 Барысава — гэта ў тым ліку два ваенна­-патрыятычныя клубы і профільны ваенна­-патрыятычны клас. Прычым гэтаму кірунку ва ўстанове адукацыі вялікая ўвага ўдзялялася і паўстагоддзя назад, пра што сведчыць подпіс пад здымкам у нумары “Настаўніцкай газеты” за 1975 год.

Традыцыі, закладзеныя ў мінулым стагоддзі, дырэктар гімназіі (да 2009 года — сярэдняя школа № 15 Барысава) Ірына Кірык не толькі захоўвае, але і прымнажае.

— Адкрыццё класаў ваенна-патрыятычнага кірунку нельга разглядаць вузка, толькі як шлях падрыхтоўкі навучэнцаў да ваеннай службы, — разважае дырэктар Ірына Кірык. — Выхаваўчая сістэма ў ваенна-патрыятычным класе — гэта комплексная работа, у аснове якой — прынцып рэалізацыі базавых патрэб асобы вучня ў бяспецы, зносінах, павазе і прызнанні, самапавазе, самарэалізацыі і інш.

Профільны клас ваенна-патрыятычнага кірунку з’явіўся ў гімназіі чатыры гады назад. Разумеючы актуальнасць тэмы, у 2023 годзе ва ўстанове адукацыі адкрылі клуб “Шчыт”, а ў 2004-м — клуб “Гонар”.

— У межах дзейнасці клубаў гімназісты прымаюць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, — працягвае Ірына Валер’еўна. — Так, у мінулым навучальным годзе навучэнцы сустрэліся з ветэранам Узброеных Сіл падпалкоўнікам у адстаўцы Віктарам Іванавічам Адзінцом. Ён удзельнік вайны ў Афганістане. Вясной прайшла дыялогавая пляцоўка “Помнім урокі сваёй гісторыі: кошт Перамогі”, у рабоце якой прынялі ўдзел ваенныя 7-га інжынернага палка.

Навучэнцы, якія ўваходзяць у склад ваенна-патрыятычных клубаў, прымаюць актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемст­вах, што арганізуюцца і праводзяцца ў гімназіі, а таксама ў раённых ваенна-патрыятычных гульнях. Каманда гімназіі “Полымя” на раённым этапе рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца” заняла 3-е месца. Такую ж прыступку п’едэстала ўдалося адолець на раённым этапе рэс­публіканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”.

Навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа — частыя ўдзельнікі значных рэспуб­ліканскіх акцый. Ірына Кірык звярнула ўвагу на тое, што ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, вучні прынялі ўдзел у аўтапрабегу “На варце памяці вялікага подз­вігу”.

— У маі навучэнцы гімназіі, члены ваенна-патрыятычнага клуба “Шчыт”, таксама сталі ўдзельнікамі ўрачыстых мерапрыемстваў у гонар Дня Перамогі, якія былі арганізаваны супрацоўнікамі ВК-14, — дадае Ірына Валер’еўна. — У новым навучальным годзе педагогі і навучэнцы працягнуць рэалізацыю рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання ў адкрытай адукацыйнай прасторы”. Ініцыятыва праду­гледжвае ўдзел профільнага ваенна-пат­рыятычнага класа ва ўсіх мерапрыемствах і акцыях. Навучэнцы, якія на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі вучыліся ў профільных ваенна-патрыятычных класах, пасля заканчэння гімназіі паступілі ў Акадэмію МУС. Пасля паступлення ва УВА яны прыхо­дзяць да нас, але ўжо ў якасці курсантаў, право­дзяць прафарыентацыйныя гутаркі.

Фарміраванне патрыятычных якасцей ва ўдзельнікаў ваенна-патрыятычных клубаў і вучняў класа адбываецца ў тым ліку сродкамі краязнаўства. Гімназісты — частыя ўдзельнікі экскурсій па гістарычных і памятных месцах краіны і Барысаўскага раёна, яны наведваюць школы Барысава і музеі.

— У навучэнцаў, якія вырашылі працягнуць навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў профільных класах ваенна-патрыятычнага кірунку, фарміруецца і развіваецца адказнасць за тое, што адбываецца ў грамадстве і краіне, — падсумоўвае Ірына Кірык. — Такія дзеці з павагай ставяцца да мінулага і разумеюць, што адказнасць за будучыню ў многім ляжыць і на іх.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА