Вось такія валуны!

- 12:30Родная земля

Гэтыя волаты трапілі да нас са Скандынавіі ў даўнія часы. Спачатку разам з ледавіком блукалі па Прыдзвінні і Палессі, Панямонні і Падняпроўі, нібыта прыглядаліся, параўноўвалі, выбіралі зручнае месца для пастаяннага жыхарства. Найбольш спадабалася ім Прыдзвінне і асабліва Шуміліншчына. Менавіта тут, у ваколіцах вёскі Горкі, паважна разлёгся са сваімі малодшымі братамі і шматлікай світай князь-валун (самы буйны на Беларусі). Вялікі камень — так называюць яго мясцовыя жыхары. Каменная казка — так гавораць пра родны край шумілінцы.

Ураджайны месяц

Чэрвень — выдатны час для падарожжа ў паўночны Шумілінскі раён, знаёмства з яго галоўнай адметнасцю — валунамі. Усё ж такі лета, цеплыня, ды і фотапартрэты князя-валуна і яго малодшых братоў нядрэнна глядзяцца на фоне высокага неба з аблокамі, а таксама фіялетавага лубіну і маладога жыта. Аднак калі хочаце знайсці шматлікую світу (скопішчы значна меншых па памерах камянёў), то выбірайце красавік — самы валуновы, як сказалі б грыбнікі, месяц. Як толькі сыходзіць снег, на ўскрайку палёў сярод прылеглай за зіму травы, сярод непралазнага летам ляснога хмызняку з’яўляюцца шэрыя плямы — госці з далёкай Скандынавіі. “Здаецца, у мінулым годзе летам праходзіў праз гэтае месца і нічога не бачыў, а прыехаў у красавіку — і калі ласка, цэлая, як кажуць, “грыбная” паляна”, — дзеліцца краязнаўца, член Саюза журналістаў і пісьменнікаў Беларусі, урач-тэрапеўт Віктар Васільевіч Улюценка. З прызнаным спецыялістам па валунах Шуміліншчыны (аўтарам кніг “У краі каменных волатаў” і “Камяні гавораць”) мяне пазнаёмілі педагогі сярэдняй школы № 1 райцэнтра, якую Віктар Васільевіч скончыў у далёкім 1967 годзе. Урач, педагогі, журналіст… Наша невялікая каманда, дзякуючы транспартнай дапамозе аддзела адукацыі, спорту і турызму Шумілінскага райвыканкама, адправілася ў госці да князя-валуна. — Пошук валуноў нагадвае збор грыбоў. Першае правіла ўдалага ціхага палявання — веданне валуновых мясцін. Найбольш урадлівыя знаходзяцца ўздоўж чыгункі, якая праходзіць праз тэрыторыю нашага раёна. Справа ў тым, што ў ХІХ стагоддзі яна будавалася прымітыўнымі прыладамі працы. Калі на шляху трапляліся валуны (а трапляліся яны даволі часта), рабочыя далёка іх не перацягвалі, бо не было неабходнай тэхнікі. Таму і цяпер, калі прайсці некалькі соцень метраў уздоўж чыгункі, скажам, ад Шуміліна ў бок Віцебска, можна назбіраць цэлую калекцыю валуноў самых дзівосных форм. Адметныя камяні сустракаюцца і ў іншых мясцінах. Напрыклад, каля вёскі Язвіна знаходзіцца незвычайны каменны гарадок, непадалёк — Марозаўскі валун. Яшчэ ў нас ёсць Марскі валун, падобны да карабельнага носа. Ён пастаўлены ў гонар ваенных маракоў — ураджэнцаў Шумілінскага раёна на беразе возера каля райцэнтра. Цікавы камень ёсць і каля вёскі Плігаўкі. Ён ляжыць пасярод ракі Чэрніцы, выступае над яе паверхняй. На гэтым валуне вельмі добра летам загараць, — дзеліцца Віктар Васільевіч.

Варажскі князь

З соцень скандынаўскіх гасцей пад ахову дзяржавы на тэрыторыі Шумілінскага раёна ўзяты ўсяго некалькі. Хаця, па словах Віктара Васільевіча, практычна кожны валун Шуміліншчыны заслугоўвае ўвагі. Але вернемся да Вялікага каменя. Мясцовыя жыхары здаўна ведаюць пра гэты валун, аднак актыўнае яго даследаванне пачалося адносна нядаўна, некалькі гадоў назад. І першапраходцамі на даследчай сцяжыне разам з Віктарам Васільевічам сталі педагогі сярэдняй школы № 1 Шуміліна, у прыватнасці, настаўніца гісторыі Маргарыта Сямёнаўна Сокалава. Яе калега настаўніца геаграфіі Святлана Аляксандраўна Петухова праводзіла больш актыўныя даследаванні, замеры, запісы легенд, складанне экскурсійнага маршруту. Сабраныя звесткі сталі асновай для напісання не толькі даследчых работ, але і ўвайшлі ў школьны падручнік “Наша Шуміліншчына”.

Вялікі, або Чортаў, камень (граніт рапаківі). Помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Самы вялікі валун на тэрыторыі Беларусі. Знаходзіцца на ўскрайку вёскі Горкі. Даўжыня 11 м, шырыня больш за 5 м, вышыня амаль 3 м, вага каля 800 т. Належыць да горных парод, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння магмы і ўкаранення яе ў пустоты зямной кары. На тэрыторыю Шумілінскага раёна трапіў з Фінляндыі ў выніку руху ледавіка. Складаецца ў асноўным з палявога шпату, а таксама кварцу, біятыту. Мае розназярністую структуру. Асноўныя колеры (шэры і ружовы) абумоўлены наяўнасцю палявога шпату.

Часта вывозіць вучняў да валуна — фінансава накладная для школы справа. Аднак дзякуючы 10-хвіліннаму фільму “Геалагічныя помнікі Шумілінскага раёна”, знятаму ўдзельнікамі гуртка “Краязнаўства” і клуба “Пошук” пры рэжысёрскай дапамозе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланы Уладзіміраўны Емяльянавай, экскурсію можна здзяйсняць у сценах школы. Дарэчы, у 2007 годзе работа заняла трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе відэафільмаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, здымачная група атрымала дыплом і кубак. Акрамя таго, у вучэбных класах можна праводзіць і гульнявое завочнае падарожжа.

Зінаіда Мартынаўна Партнова. Нарадзілася 20 лютага 1926 года ў Ленінградзе. Скончыла 7 класаў 385-й школы. У чэрвені 1941 года прыехала на канікулы да бабулі ў вёску Зуі. У 1942 годзе ўзначаліла Обальскую падпольную камсамольскую арганізацыю “Юныя мсціўцы”. Распаўсюджвала лістоўкі, удзельнічала ў дыверсіях. Са жніўня 1943 года — разведчыца партызанскага атрада імя К.Я.Варашылава брыгады імя У.І.Леніна. Схоплена гітлераўцамі ў снежні 1943 года. На допыце застрэліла двух нямецкіх афіцэраў і вартавога. Закатавана ў студзені 1944 года. 1 ліпеня 1958 года ёй было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Яе імем названы школы, вуліцы, піянерскія дружыны і атрады.

Вялікі камень і сапраўды вялікі. Каб ахапіць яго, трэба не менш як два дзясяткі чалавек, а каб абысці — зрабіць 33 крокі. Трапіў гэты варажскі князь да нас, як лічаць даследчыкі, з далёкай Фінляндыі, з паўднёва-ўсходняй яе часткі, дзе падобныя граніты рапаківі (у перакладзе з фінскай мовы значыць “гнілы, слабы камень”) сустракаюцца ў вялікай колькасці. Слабым каменем яго б назвалі фіны, а вось беларусы называюць яго Вялікім або Чортавым, бо лічылася, што каля яго “чэрці вадзілі”. Растлумачыць гэта даволі проста. Камень ляжыць каля даўнейшага Кацярынінскага тракту ў нізіне, сярод былога балота, над якім часта стаяў густы туман, у якім лёгка было збіцца са шляху, заблукаць. Можна толькі ўявіць, які страх апаноўваў падарожнікаў, калі ўпрыцемках з туману з’яўляўся сілуэт каменнай глыбы. Гавораць, што каля каменя часта чуецца дзіцячы плач, і людзі стараліся ўначы туды не ездзіць. Як аказалася — гэта крычаць зайцы, іх голас нагадвае дзіцячы плач. Вось так нараджаюцца легенды. Наогул, пра валун мы маглі б цяпер гаварыць у мінулым часе. Справа ў тым, што ў 70-я гады пад ім рабілі падкоп, каб падкласці ўзрыўчатку (валун хацелі знішчыць, бо ён перашкаджаў меліярацыі). Аднак дзякуючы вучоным-геолагам помнік прыроды ўдалося захаваць. А той падкоп і цяпер захаваўся. Што ж, каму хочацца, няхай думае, што там схаваны скарб. Ад гэтага валун становіцца яшчэ больш таямнічым, яшчэ больш турыстычна прываблівым аб’ектам.

Манетка не на шчасце

Яшчэ нядаўна шумілінскія педагогі былі перакананы, што для павышэння турыстычнага патэнцыялу раёна каля Вялікага каменя неабходна стварыць зону адпачынку з абсталяваным месцам для вогнішча, кантэйнерам для смецця, інфармацыйнымі знакамі з апісаннем гэтага помніка прыроды і папярэджаннем для наведвальнікаў аб захаванні чысціні. Аднак цяпер іх думкі кардынальна памяняліся. — Мы нярэдка шкадуем, што ўзнялі гэтую тэму. Валун ператварылі ў сапраўдную сметніцу, нейкае парася-скарбонку. Спачатку на яго пачалі кідаць манеткі “на шчасце”. Цяпер з’явілася новая мода: запіхваць у трэшчыны папяровыя грошы. Пасля зімы папера размакае, і трэшчыны на камені павялічваюцца. Людзі, калі вам няма куды дзець грошы, аддайце іх на будаўніцтва храма або іншую добрую справу. Не засмечвайце прыроду. Мы ж з вамі ўсе разумныя, у многіх вышэйшая адукацыя. Няўжо ад таго, што ўтыкнеш папяровыя купюры ў валун, станеш заможным. Грошы ёсць у таго, хто працуе і хто беражліва імі распараджаецца, а не ў таго, хто засмечвае прыроду, — дзеліцца настаўніца геаграфіі Святлана Аляксандраўна Петухова.

Цвёрдыя, як камень

Ці камяні таму прычынай, ці насычаная гісторыя краю, аднак характар у мясцовых жыхароў — каменны. Шумілінцы цвёрдыя, адказныя, сумленныя. Каб пераканацца ў гэтым, варта наведаць музеі сярэдняй школы № 1 Шуміліна імя П.А.Акуцыёнка і Обальскай сярэдняй школы імя З.М.Партновай. Тут на прыкладзе жыцця Герояў Савецкага Саюза і ўдзельнікаў знакамітага Обальскага камсамольскага падполля вы даведаецеся, што такое сіла духу, адвага, цвёрдасць характару.

Пётр Антонавіч Акуцыёнак. Нарадзіўся 25 сакавіка 1923 года ў Шуміліне. Вучыўся ў Шумілінскай сярэдняй школе. Працаваў у Доме культуры. Вестка пра вайну застала яго на стадыёне падчас спартыўных спаборніцтваў. Разам з сябрамі пайшоў у ваенкамат запісвацца добраахвотнікам на фронт, але не ўзялі — не падышоў па ўзросце. Трапіў у эвакуацыю, працаваў на шахце. Прыпісаў сабе год і пайшоў на фронт. Баявое хрышчэнне атрымаў на Курскай дузе. Удзельнік бітвы за Дняпро. 15 кастрычніка 1943 года разам з баявымі таварышамі фарсіраваў Дняпро каля Лоева, заняў невялікі плацдарм. Першым узняў Чырвоны сцяг. У тым баі загінуў. За геройскі подзвіг, праяўлены пры фарсіраванні Дняпра, надзейнае замацаванне плацдарма на заходнім беразе ракі загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычніка 1943 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

— Музей гісторыі сярэдняй школы № 1 Шуміліна расказвае пра ўстанову адукацыі ад моманту яе зараджэння і да сённяшняга часу. Школа створана ў 1918 годзе пасля звароту чыгуначнікаў аб арганізацыі навучання для іх дзяцей. У асобным раздзеле сабрана інфармацыя пра нашых настаўнікаў, дырэктараў, выпускнікоў. Ёсць цікавыя калекцыі піянерскіх гальштукаў, шпаргалак, цыркуляў, сашчэпак, пёравых ручак. Яны асабліва прыцягваюць увагу юных наведвальнікаў, бо дзецям цікава да нечага дакрануцца, нешта патрымаць. Выхаванне дзейнічае толькі тады, калі існуе сістэма. Для кожнага ўзросту навучэнцаў у нас распрацаваны асобныя тэматычныя мерапрыемствы, якія аб’ядноўвае тэма жыцця і подзвігу Героя Савецкага Саюза нашага выпускніка Пятра Акуцыёнка, — расказвае кіраўнік музея Святлана Уладзіміраўна Емяльянава. Першым чалавекам, які ўзяўся за складанне біяграфіі Пятра Антонавіча, з’яўляецца былая старшая піянерважатая школы Марыя Аляксееўна Кавалёва. Так пачалі збірацца звесткі, першыя экспанаты. Самы каштоўны — арыгінал граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб пасмяротным прысваенні Пятру Антонавічу звання Героя Савецкага Саюза, які ўдалося знайсці Марыі Аляксееўне. Летапісцам імя і подзвігу знакамітага выпускніка з’яўляецца настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Пятроўна Марозава. Менавіта яна сустракалася з роднымі, настаўнікамі Пятра, перапісвалася з яго аднапалчанамі. Дзякуючы яе намаганням і быў створаны школьны музей. Зыходнай кропкай для стварэння музея Обальскай сярэдняй школы стала прысваенне школе 21 верасня 1964 года імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Партновай. Пачаўся збор інфармацыі пра знакамітую падпольшчыцу, яе баявых таварышаў. Галоўнае месца ў экспазіцыі займае аповед пра педагогаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, навучэнцаў і выпускнікоў школы — удзельнікаў Обальскага падполля. Гэта была адзіная ў краіне падпольная арганізацыя, якая складалася выключна з юнакоў і дзяўчат.
— Обальская падпольная камсамольская арганізацыя створана ў пачатку 1942 года. Яна складалася з 38 юнакоў і дзяўчат вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма і станцыі Обаль. Падпольшчыкі дзейнічалі пад кіраўніцтвам Сіроцінскіх падпольных райкамаў партыі і камсамола, выконвалі заданні камандавання партызанскага атрада імя К.Я.Варашылава брыгады імя У.І.Леніна. Усе залічаны ў партызанскі атрад імя Варашылава. У атрадзе яны прынялі прысягу на вернасць Радзіме. Здзейснілі 21 дыверсію. Спалілі льнозавод, электрастанцыю, пілараму, знішчылі некалькі мастоў, аўтамашын, эшалон са снарадамі. Адна з падпольшчыц Ніна Азоліна працавала ў камендатуры і пранесла міну на вадакачку, якая знаходзілася на вакзале, падкінула яе ў вугаль. Пасля выбуху на чыгуначных станцыях у Обалі і Полацку спынілася некалькі саставаў, якія разбамбілі нашы лётчыкі. Адной з важных аперацый быў падрыў чыгуначнага моста праз раку Обаль. Рух цягнікоў на стратэгічным кірунку быў спынены на некалькі месяцаў, — расказвае кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілія Уладзіміраўна Нячай. Акупанты доўгі час не маглі вызначыць падпольшчыкаў. Першымі ў рукі ворага трапілі сёстры Марыя і Антаніна Лузгіны. Яны загінулі ў жніўні 1942 года, аднак і пад жорсткімі катаваннямі не выдалі імёны сваіх таварышаў. Летам 1943 года фашысты напалі на след арганізацыі. Арыштаваных падпольшчыкаў жорстка катавалі спачатку ў Шуміліне, потым у Полацкай турме. Але камсамольцы трымаліся стойка, як камяні. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 ліпеня 1958 года самыя актыўныя члены Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы” ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны I ступені. Кіраўнік арганізацыі Ефрасіння Зянькова, а таксама Зінаіда Партнова былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Пра обальскіх падпольшчыкаў напісаны кнігі, ім прысвечаны музычныя і драматычныя творы, іх імёны носяць вуліцы, у Обалі на тэрыторыі школы ўсталявана спецыяльная стэла-сцяна. Непадалёк былога будынка школы 29 кастрычніка 1965 года быў адкрыты музей Обальскага камсамольскага падполля. Спачатку гэта быў Рэспубліканскі музей камсамольскай славы, сёння — філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. У ім сабрана больш за 2 тысячы экспанатаў асноўнага і дапаможнага фондаў (дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы герояў, творы выяўленчага мастацтва і г.д.). Багаты матэрыял захоўваецца і ў школьным музеі. Са старых фотаздымкаў на наведвальнікаў глядзяць юныя камсамольцы-падпольшчыкі. Маладыя, адважныя, трапіўшы ў рукі акупантаў, яны вынеслі нечалавечыя пакуты. Цвёрдыя, як камень, яны не выдалі сваіх таварышаў.

Аберагаць — не чапаць

Прырода шчодра надзяліла нашу зямлю валунамі. Тысячы камянёў самых розных памераў і дзівосных форм ляжаць на ўскрайках дарог, сярод палёў і лясоў. Скандынаўскія госці настолькі парадніліся з беларускай зямлёй, абраслі мохам, легендамі і паданнямі, што сталі неад’емнай часткай гісторыі і культуры нашага народа. Іх абагаўлялі, выкарыстоўвалі ў будаўніцтве замкаў і ў ваенных мэтах. Усё гэта ў мінулым. Настаў час іх аберагаць. Аберагаць — значыць, не чапаць. Матэрыяльна багатымі яны нас не зробяць дакладна, а вось духоўна… Для гэтага на валуны не трэба кідаць манеты, не трэба ўтыкаць у трэшчыны папяровыя купюры. Каб стаць шчаслівым хаця б на некалькі хвілін, дастаткова проста падысці да скандынаўскага госця і моўчкі пастаяць, палюбавацца яго велічнасцю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.