Кіно па каноне

- 14:45Культура

Днямі ў сталічнай Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся паказ дакументальнага фільма “Давыд-гарадоцкія каноны”, арганізаваны для старшакласнікаў трох мінскіх школ (№№ 27, 76 і 187). У гэтай непрыкметнай на першы погляд падзеі, тым не менш, вабілі, прынамсі, тры моманты.

Па-першае, фільм “Давыд-гарадоцкія каноны” зняты па матывах аднайменнага цыкла твораў вядомага пісьменніка Георгія Марчука (непасрэдна ў аснову стужкі ляглі чатыры раздзелы — “Канон агароду”, “Канон Богу”, “Канон Гарыні” і “Канон маці”), а яны ў сваю чаргу ўваходзяць у праграму 11 класа па беларускай літаратуры. Не будзе лішнім заўважыць, што літаратурны матэрыял датуецца 2003 годам, па сутнасці, гэта зусім яшчэ свежая літаратура, а яна — ужо і ў праграме, і на экране… (Паставім у дужках плюс ужо толькі за гэта.)

Па-другое, фільм “Давыд-гарадоцкія каноны” зняты зусім маладым рэжысёрам, “учарашняй” выпускніцай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандрай Шпартавай, у рэжысёрскім даробку якой да гэтага было… толькі некалькі знятых музычных кліпаў. Зноў жа, не будзе лішнім заўважыць, што літаратурны цыкл Г.Марчука “Давыд-гарадоцкія каноны” — гэта больш, чым сур’ёзны твор, і ўжо ва ўсякім разе не забаўляльная белетрыстыка, не фаст-рыдзінг… Ужо самім гэтым жанрам — канон — Георгій Васільевіч, мабыць, ставіў планку — і перад самім сабой, і перад чытачом, і — ці мог здагадвацца? — перад рэжысёрамі. Уявіце сабе абстрагаванае пытанне нават да масцітага рэжысёра: “Як вы думаеце, а вы змаглі б увасобіць кінематаграфічнай мовай на экране канон?”.

Нарэшце, па-трэцяе, фільм “Давыд-гарадоцкія каноны” на апошнім Міжнародным кінафестывалі хрысціянскіх фільмаў “Магніфікат” атрымаў спецыяльны прыз “За ўдалую экранізацыю літаратурнага твора сродкамі неігравога кіно”. Гэта ўжо сур’ёзнае прызнанне. Прычым прызнанне як самога аўтара-рэжысёра Аляксандры Шпартавай, так і яе адмысловага і смелага творчага памкнення — увасобіць мастацкі твор у дакументалістыцы, а значыць, выйсці на ўзровень лірычнага адкрыцця і філасофскіх роздумаў у дакументальным кадры, сціплымі сродкамі неігравога кіно паказаць душу… Давыд-гарадоцкую, беларускую, агульначалавечую. Кажуць, што на паказе фільма “Давыд-гарадоцкія каноны” ў самім Давыд-Гарадку мясцовыя людзі не маглі стрымаць слёз… Плакалі, бачачы саміх сябе. Ад расчуленасці, ад радасці, ад смутку… Верылі і не маглі паверыць, што кіно пра іх, а ў кіно яны. Гэта таксама доказ прызнання маладога рэжысёра. Можа быць, самы лепшы доказ. Аляксандра Шпартава

— Аляксандра, чаму ўсё-такі Марчук? Гэта была нечая падказка? Гэта была замова?
— Не, гэты фільм зроблены не па замове. Проста аднойчы, недзе паўтара года назад, я, можна сказаць, выпадкова прачытала “Канон маці”, і ён мяне вельмі моцна зачапіў. Я нават не магу дакладна сказаць, чым зачапіў. Але добра памятаю сур’ёзны душэўны водгук — вось у кропку пацэліў аўтар… А потым я прачытала ўсе “Давыд-гарадоцкія каноны”. У нейкі момант я зразумела, што гэта той матэрыял, на аснове якога трэба здымаць кіно. У Марчука я знайшла ўсё, што мяне хвалявала і хвалюе: развагі пра жыццё, смерць і вечнасць (а каго гэта не хвалюе?), нашы вытокі і культуру (яшчэ ў музычным вучылішчы я захапілася фальклорам), гісторыю аднаго роду і ўсяго народа — зноў жа, да асэнсавання гэтых рэчаў, я думаю, рана ці позна прыходзіць кожны чалавек…

— Даруйце, але няўжо гэта так проста — захацець зняць кіно і зняць яго? Тут жа, наколькі я разумею, мабыць, патрэбны значныя рэсурсы — і чалавечыя, і фінансавыя…
— Скажам так, мне проста пашанцавала. Найперш у тым, што са мной побач у патрэбны момант апынуліся аднадумцы, якія засумавалі па творчасці і гатовы былі гэтым займацца. Фільм ствараўся на энтузіязме гэтых людзей. А ўдвая нам пашанцавала тады, калі да нашай каманды маладых далучыўся вядомы артыст Уладзімір Грыцэўскі. Ён агучвае ў фільме тэкст, а таксама паяўляецца на экране ў апошняй частцы стужкі — якраз у “Каноне маці”. Гэта неверагодна таленавіты і духоўна напоўнены чалавек, найвышэйшы прафесіянал. Працаваць разам з ім — гэта была і вучоба, і вялікая асалода. Уяўляеце, мы амаль шэсць гадзін запісвалі тэкст, але каб ён неяк выдаў раздражненне ці нецярпенне — нічога такога не было і блізка! І гэта нягледзячы на яго ранг, узрост, рэгаліі і г.д.

— А наогул колькі часу занялі здымкі фільма?
— Уласна здымкі — усяго пару дзён у Давыд-Гарадку і яшчэ паўдня ў Мінску. На самай справе для дакументальнага кіно гэта вельмі мала. Таму што яно часам здымаецца і некалькі гадоў, і нават дзесяць гадоў… Зрэшты, тое, што мы здымалі нядоўга, потым кампенсавалася мантажом, які заняў паўгода. Гэта была ювелірная работа.

— Ці былі вы знаёмы з Давыд-Гарадком раней?
— Не, абсалютна! Мы не ведалі, ні што гэта за месца, ні што мы там будзем здымаць. Я ведала толькі твор Георгія Васільевіча, з якім на момант пачатку здымак паспела пазнаёміцца. Ён у сваю чаргу паспрыяў нам з жыллём, у прыватнасці, мы з аператарам жылі ў бабулі Олі, якая не раз паяўляецца ў кадры. Яна, дарэчы, фантастычны чалавек! Як, зрэшты, і ўсе гарадчукі, у якіх я проста закахалася. 

— Але ж гэта палешукі! Народ, як вядома, дастаткова незвычайны, нават архаічны, такі недаверлівы, закрыты, скнарны, калі верыць стэрэатыпам… Як звычайныя жыхары Давыд-Гарадка рэагавалі на камеру?
— Было, шчыра кажучы, па-рознаму. Калі яны першы раз нас убачылі, то падумалі, што мы прыехалі з тэлебачання, каб дапамагчы ім вырашыць розныя набалелыя праблемы. Адразу пасыпаліся скаргі, маўляў, а вось тут у нас паваліўся плот, а вось там няма асфальту і ніколі не праехаць і г.д. Глядзелі на нас патрабавальна: “Вы ж павінны нам неяк дапамагчы! Вы ж пакажаце гэта каму трэба”. Мы ў сваю чаргу цярпліва тлумачылі, што прыехалі здымаць дакументальнае кіно, натуральна, успаміналі Георгія Васільевіча… Тады іх адносіны тут жа мяняліся на прыязныя і цікаўныя, Марчука там усе ведаюць і паважаюць.

— Што вас найбольш уразіла ў Давыд-Гарадку? Магчыма, тамтэйшая прырода, тыя ж славутыя кветнікі, якія напаўняюць жыццё гарадчукоў сэнсам, або Гарынь, якую вы так жывапісна знялі?
— Прырода, канечне, уразіла, але ў нас ёсць многа прыгожай прыроды, і я шмат што бачыла… А вось людзі… Самі гарадчукі мяне больш за ўсё і ўразілі! Сваім менталітэтам, сваімі адносінамі да некаторых рэчаў. На самай справе Давыд-Гарадок — гэта такое замкнёнае месца, і, што самае дзіўнае, людзі адтуль не асабліва і рвуцца некуды з’ехаць, напрыклад у той жа Мінск. У нас так проста прынята лічыць, што ўсе з правінцыі хочуць трапіць у сталіцу. А там такога няма. Людзі там вельмі самабытныя, і здаецца, што ім хапае таго, каб жыць гэтай сваёй самабытнасцю і радавацца жыццю.

— Вы самі задаволены фільмам?
— Ведаеце, магчыма, нясціпла будзе пра гэта гаварыць, але я па жыцці перфекцыяніст. Для мяне вельмі важна, каб усё было даведзена да ладу, каб усё прыняло тую ідэальную форму, калі няма чаго дадаць ці адкінуць. Таму мы, урэшце, паўгода і валаводзіліся з мантажом… Але, паверце, мне гэтага часу ніколькі не шкада. Бо, насамрэч, сёння, у час неймаверых хуткасцей ва ўсіх галінах жыцця, і не заўсёды знойдзеш магчымасць працаваць удумліва. А мы знайшлі такую магчымасць, і гэта было здорава.

— Аляксандра, наогул наколькі цікавым вам падаўся вопыт работы ў дакументальным жанры? У прыватнасці, свае найбліжэйшыя перспектывы на рэжысёрскай ніве звязваеце менавіта з дакументальным кіно ці не?
— Вы ведаеце, спачатку я думала, што дакументальнае кіно — гэта толькі нейкая прыступка да кіно мастацкага. І так, напэўна, думае большасць рэжысёраў-пачаткоўцаў. Але, папрацаваўшы ў гэтым жанры, аддаўшы паўгода на гэты фільм, зжыўшыся ў душы з тымі героямі, якіх мы здымалі, ад усяго сэрца палюбіўшы іх, я зразумела, што для мяне дакументальнае кіно, напэўна, заўсёды застаецца нечым такім… як бы вам сказаць… магчыма, не прыярытэтам, а нечым такім асобным. Можа, нават сакральным…

— Гэта як?
— Разумееце, сённяшні час — гэта, на вялікі жаль, не час дакументальнага кіно. І так ва ўсім свеце. Дакументальнае кіно не мае шырокай аўдыторыі, у яго не ўкладаюцца вялікія грошы, яно, адным словам, не прыярытэт. Прыярытэт — гэта пагоня за новымі тэхналогіямі і новымі спецэфектамі. З другога боку, мы, звычайныя людзі, па-ранейшаму, як і дваццаць, як і сто гадоў назад, стараемся захаваць памяць пра сваіх блізкіх — фатаграфуем іх, потым беражліва захоўваем гэтыя фотаздымкі ў сямейных альбомах, перадаём гэтыя альбомы з пакалення ў пакаленне і спадзяёмся, што з нашым сыходам у вечнасць такая ж памяць застанецца і пра нас ужо ў распараджэнні нашых нашчадкаў. Тое ж самае, па сутнасці, робіць і дакументальнае кіно, толькі ўжо ў дачыненні да гісторыі, да ўсяго народа. І калі мастацкае кіно развіваецца неверагодна імкліва, то пра дакументальнае кіно такога не скажаш. Яно як бы крыху застыла ў часе і гісторыі. Яно само наш час і гісторыя, дзе ўжо нічога не выправіш і не зменіш. Вось гэта мяне вельмі вабіць у дакументальным жанры.

— Як вы думаеце, у фільма “Давыд-гарадоцкія каноны” будзе шчаслівы лёс?
— Я вельмі спадзяюся на гэта, тым больш што фільм пачаў ужо жыць фестывальным жыццём. Толькі зусім нядаўна я паказала стужку ў Расіі, у Обнінску, на Міжнародным Грамнічным праваслаўным кінафестывалі “Сустрэча”, у якім прымала ўдзел каля 30 краін. Ёсць ужо запрашэнні і на іншыя кінафорумы. А гэта насамрэч вельмі важна, асабліва для дакументальных фільмаў, — удзельнічаць у фестывалях. Гэта дае больш магчымасцей потым прасунуць сваё кіно ў масы. Да таго ж такая ўжо склалася ў нас тэндэнцыя, што ў Беларусь да свайго гледача даводзіцца прыходзіць як бы звонку, з-за мяжы: калі цябе там заўважаць, то тады заўважаць і на радзіме…

— Калі вы здымалі “Давыд-гарадоцкія каноны”, вы ведалі, што твор Марчука ўваходзіць у школьную праграму?
— Адкуль?! (Смяецца. — М.Ч.) Я ж не праходзіла яго ў свой час!

— Сённяшнім школьнікам у фільме будзе ўсё зразумела?
— Мне здаецца, што гэта вельмі перспектыўны і цікавы эксперымент, на які мы адважыліся, паспрабаваўшы зняць мастацкі твор сродкамі неігравога кіно. Прынамсі, ужо тое, што наш фільм дакументальны, у значнай ступені з’яўляецца гарантыяй таго, што тут праўда, што тут няма скажэння аўтарскай пісьменніцкай думкі (пры ўсім пры тым, што драматургія самога кіно жыве па іншых законах, чым драматургія літаратурнага твора-першаасновы). А тыя мудрыя ісціны, пра якія піша пісьменнік і якія пастараліся данесці сваім фільмам мы… Што ж там незразумелага? Там мудрасць народная… Ясная, як белы свет.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Даведка”НГ”

Аляксандра Шпартава вучылася ў Мінскім харэаграфічным каледжы, паралельна займаючыся ў музычнай школе. У гэты перыяд нязменна танцавала ў балетах “Страсці” (партыю Ізяслава) і “Пацалунак феі” (партыю галоўнага героя ў дзяцінстве). У 2005 годзе скончыла Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі па класе джазавага фартэпіяна. У 2011 годзе — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Акцёр тэатра і кіно”. Паралельна з вучобай на акцёрскім аддзяленні асвойвала на практыцы відэарэжысуру і рэжысуру мантажу, а таксама на працягу года працавала ў якасці артысткі балета ў мюзікле “Блакітная камея” (2010). З’яўляецца сябрам Беларускага саюза музычных дзеячаў. Аўтар песенных аранжыровак, музыкі да дакументальных фільмаў і ўласнага монаспектакля “12 вершаў пра каханне”. Як рэжысёр зняла некалькі музычных кліпаў. “Давыд-гарадоцкія каноны” (працягласць 37 хвілін)— аўтарскі дэбют у дакументальным кіно.