Сярэдняя школа № 16 Мазыра вядомая сваімі падыходамі ў арганізацыі работы па фарміраванні ў навучэнцаў грамадзянскасці і патрыятызму. Менавіта тут працуе лепшы ў краіне кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзімір Гімбут. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дзякуючы менавіта Уладзіміру Віктаравічу ў навучальнай установе былі рэалізаваны шматлікія выхаваўчыя, гісторыка-патрыятычныя і краязнаўчыя праекты.
На базе школы працуе ваенна-гістарычны гурток “Пошук”, дзе навучэнцы займаюцца даследчай, экскурсійнай і рэстаўрацыйнай дзейнасцю, ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй, працуюць з архіўнымі дакументамі.

Дырэктар Настасся Саламаха з навучэнцамі
Па матэрыялах пошукавых экспедыцый створаны музейны пакой баявой славы, прысвечаны Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі (на стэлажах — ваеннае абмундзіраванне, прадметы ваеннага побыту, усяго больш за 100 экспанатаў асноўнага фонду).
Сабраны навучэнцамі і педагогамі матэрыял стаў асновай для напісання сцэнарыяў і здымак відэафільмаў, у якіх навучэнцы і педагогі выконваюць галоўныя ролі. Усяго было знята 10 такіх фільмаў.
І трэба адзначыць, што яны пакідаюць вельмі моцныя ўражанні. Мала таго што зняты прафесійна, дык яшчэ і з магутным эмацыянальным і выхаваўчым пасылам. Увогуле, гэта выдатная магчымасць для сучасных падлеткаў пранікнуцца атмасферай тых страшных часоў, прымераўшы на сябе подзвігі і страты герояў і звычайных людзей.
У школе асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню матэрыялаў крымінальнай справы па расследаванні фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы прымалі ўдзел у міжнародным даследчым праекце “Невядомыя суседзі”, падчас якога былі ўстаноўлены прозвішчы дзвюх яўрэйскіх сем’яў з вёскі Кошчычы Калінкавіцкага раёна. Была арганізавана перасовачная выстава “У вайны не жаночае аблічча”.
— У нашай школе наладжана сістэмная работа педагагічнага калектыву па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Ва ўстанове адкрыты кабінет па ваенна-патрыятычным выхаванні, дзе створана інфармацыйная прастора, якая знаёміць з сімволікай нашай дзяржавы, геаграфічнымі картамі Рэспублікі Беларусь, Гомельскай вобласці, Мазырскага раёна, падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, структурай і дзейнасцю Узброеных Сіл. Створаны ўмовы для правядзення сустрэч, круглых сталоў, кінаўрокаў, сабрана відэатэка. Навучэнцамі, бацькамі і педагогамі школы зроблены альбомы, у якіх змяшчаюцца звесткі аб сваяках, што прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. На базе ўстановы функцыянуе піянерская дружына імя М.У.Барысава, — адзначыла дырэктар навучальнай установы Настасся Саламаха.
Навучэнцы становяцца пераможцамі конкурсаў “Гатовыя Радзіме служыць”, “Ану, хлопцы!”, “Ану, дзяўчаты!”, “Зарніца”, “Зарнічка”, “Арляня”, “Адвага. Мужнасць. Гонар”. Традыцыйнымі ў школе сталі ўрокі мужнасці, прысвечаныя дзяржаўным святам, розным гістарычным датам. На мерапрыемствы запрашаюцца ветэраны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, вайскоўцы, супрацоўнікі АУС, святары, творчыя людзі горада.
Значная ўвага ўдзяляецца духоўна-маральнаму выхаванню. Школьнікі з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў даследчых работ па духоўна-маральнай асвеце. У інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры школы аформлена і пастаянна дзейнічае выстава “Да духоўнасці праз кнігу”. Педагогі распрацавалі інтэрактыўныя плакаты, якія дазваляюць атрымаць веды аб духоўных месцах Беларусі, здзейсніць віртуальныя экскурсіі. На базе школы працуе творчая майстэрня “Вышыванне іконы пацеркамі”.
У тэатральнай студыі “Асалода” вучні з настаўнікамі паставілі “Несцерку”, “Каласы пад сярпом тваім”. Калектыў тэатральнай студыі атрымаў дыплом І ступені на абласным конкурсе “БелЛіт”, міжнародным фестывалі мастацтваў ByFest.
А ў “Беларускай гасцёўні” дзеці вывучаюць і выконваюць нацыянальныя абрады, знаёмяцца з беларускай кухняй, развучваюць народныя песні. Настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры распрацавана гульня “Мая Беларусь”, дзякуючы якой школьнікі атрымліваюць новыя звесткі пра гісторыю, традыцыі роднага краю. У школе створаны інфармацыйны цэнтр “Край мой беларускі, край!”, які знаёміць з традыцыямі, гісторыяй і выбітнымі людзьмі Беларусі.
— У рабоце па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні мы кіруемся словамі мітрапаліта Філарэта, Героя Беларусі. Ён адзначаў, што людзі адрозніваюцца па здольнасцях, сілах і інтарэсах, але калі ў сэрцах нашых прысутнічае любоў да бліжняга, да Айчыны, то нашы адрозненні прыпадабняюцца да кветак на лузе. Яны выяўляюць прыгажосць агульнага, прыгажосць нашага народа, — падсумавала Настасся Саламаха.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





