У дзіцячым садзе № 3 Браслава шмат гадоў працуюць спецыяльныя групы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а 4 гады назад ва ўстанове адкрыўся раённы рэсурсны цэнтр па развіцці маўлення выхаванцаў для педагогаў Браслаўшчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Актуальны вопыт

— Ужо 14 гадоў мы працуем з асаблівымі дашкалятамі па праграмах спецыяльнай адукацыі. Сярод дзяцей з АПФР ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі з цяжкімі парушэннямі маўлення, расстройствам аўтыстычнага спектра, сіндромам Вільямса і іншымі парушэннямі ў развіцці, якія часта суправаджае інтэлектуальная недастатковасць. Сёння ў нас дзве рознаўзроставыя спецыяльныя групы, якія наведваюць больш за два дзясяткі дзяцей ва ўзросце ад 3 да 8 гадоў. Ва ўстанове працуюць 3 настаўнікі-дэфектолагі, — знаёміць з адукацыйным працэсам загадчыца дзіцячага сада Вольга Селязнёва. — А ў 2021 годзе пасля глабальнай мадэрнізацыі і рамонту ўстановы, абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы быў створаны рэсурсны цэнтр па спецадукацыі, дзе павышаюць кваліфікацыю выхавальнікі з інтэграваных груп іншых устаноў дашкольнай адукацыі раёна. Для іх мы праводзім майстар-класы, арганізоўваем выставы спецыяльнай метадычнай літаратуры і гульняў, якія развіваюць дробную маторыку, звязнае маўленне, знаёмім з эфектыўнымі нейрапрактыкаваннямі.
У адной са спецгруп ужо 12 гадоў настаўнікам-дэфектолагам працуе Вольга Пятушка. У яе групе 11 хлопчыкаў і дзяўчынак. Малодшай Ганне 3 гады, а старэйшаму Арсенію 8.
— Ва ўсіх малых розныя парушэнні, — расказвае Вольга Станіславаўна, паказваючы свой кабінет настаўніка-дэфектолага, дзе, акрамя стэндаў з гульнямі, зоны для развіцця артыкуляцыйнай маторыкі і дыхання, размяшчаецца сучасная інтэрактыўная пясочніца iSandBOX. — Інтэрактыўная пясочніца, у якой пясок кварцуецца і ўвільгатняецца, пабудавана на тэхналогіях дапоўненай рэальнасці. Гэты інструмент дапамагае ў рабоце і пашырае спектр магчымасцей спецыяліста, заняткі з пяском праз развіццё дробнай маторыкі стымулююць работу мозга. Наяўнасць 20 гульнявых рэжымаў, функцыі сэнсарнага стала і ажыўшых малюнкаў робіць пясочніцу чароўным сусветам. Мае падапечныя, вывучаючы свет жывёл, ландшафты нашай планеты, поры года, Сонечную сістэму і г.д., адчуваюць сябе сапраўднымі стваральнікамі цуду, калі лёгкім рухам пальцаў у іх атрымліваецца выклікаць метэарытны дождж або тарнада, пабудаваць з пяску гару і літаральна праз хвіліну назіраць у каляровай праекцыі вывяржэнне вулкана. Яны таксама могуць, зрабіўшы возера ў пустыні, ператварыць яе ў сафары з зебрамі, ягуарамі, ільвамі і багатай расліннасцю. Пры гэтым мы старанна прагаворваем усё, што бачым.

Па назіраннях педагога, маўленчыя заняткі ў пясочніцы асабліва даспадобы дзецям старэйшага садаўскага узросту, а вось малыя звычайна не ўсведамляюць, што адбываецца, ім больш падабаюцца гульні на ліпучках, калі можна адкрываць і закрываць маляўнічыя карцінкі, якія пры гэтым рыпяць, шамацяць, шумяць.
Акрамя настаўнікаў-дэфектолагаў, інтэрактыўную пясочніцу на сваіх занятках актыўна выкарыстоўвае педагог-псіхолаг. Многія рэжымы падыходзяць для рэлаксацыі, знімаюць псіхаэмацыянальнае напружанне, зніжаюць узровень трывогі, агрэсіі. Так, працуючы са зніманнем узроўню трывожнасці, прайграючы
тэрапеўтычную казку, страхі можна заваражыць і дапамагчы дзіцяці стварыць уласны свет без боязі, выкарыстоўваючы толькі той сюжэт, які падабаецца самому малому. Для зняцця ўзроўню трывожнасці выдатна падыходзяць такія рэжымы, як “Падводны свет”, “Паветраныя шары”, “Поры года”. Працуючы з далінай матылькоў, можна кожны дрэнны ўчынак выправіць, зрабіўшы некалькі добрых. Дзеці, напрыклад, ловяць волатаў і агульнымі намаганнямі выпускаюць на волю мільёны выдатных матылькоў, якія жывуць у сэрцах велізарных панурых пачвар. Рэжым “Размалёўка” выкарыстоўваецца для рэлаксу ў канцы заняткаў або ў якасці заахвочвання для дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектра. Так, адкопваючы малюнак чырвонага колеру, дзіця назірае, як едзе паравозік, а калі закопвае пяском блакітны — бачыць лятаючага поні.
Рэжым “Мастак” найбольш запатрабаваны сярод самых малодшых дзетак, якія, гуляючы ў пясочніцы з лапаткай і формачкамі, ствараюць розныя фігуркі. Пры гэтым колер пяску мяняецца, і яны атрымліваюцца чырвоныя, зялёныя, сінія, жоўтыя, што выклікае захапленне ў дзяцей.
Любы прагрэс — вынік
Кожны дзень у кабінеце настаўніка-дэфектолага на заняткі ў падгрупе збіраюцца 3—4 дзіцяці.
— Карэкцыйныя заняткі праходзяць пасля снедання. Гэта можа быць сэнсарнае развіццё, навучанне камунікатыўным навыкам ці гульні. Дзеці аб’ядноўваюцца ў падгрупу зыходзячы з медыцынскага заключэння і таго, па якой праграме з імі вядзецца работа. Таксама важна, каб не было вялікай розніцы ва ўзросце, — дзеліцца нюансамі сваёй дзейнасці Вольга Пятушка. — Напрыклад, прыходзяць трохгадовыя дзеці, якія займаюцца па праграме для дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення. Карэкцыйныя заняткі могуць быць па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы ці артыкуляцыйнага боку маўлення. Усё праходзіць у гульнявой форме. Займаючыся пастаноўкай пэўнага гуку, праводжу некалькі гульняў, каб з розных бакоў адпрацаваць тэму. У малых 3—4 гадоў заняткі доўжацца 15 мінут, у дзяцей 4—5 гадоў — 20. З тымі, каму 5—6 гадоў, займаемся па 25 мінут, а з дзецьмі старэйшага садаўскага ўзросту — паўгадзіны.
— Пакуль частка дзяцей працуе з вамі, што ў гэты час робяць іншыя? — цікаўлюся я.
— Астатнія разам з выхавальнікам могуць маляваць, ляпіць, займацца аплікацыяй або вывучаць такія прадметы, як “Дзіця і грамадства”, “Дзіця і прырода”. У кожнай спецгрупе два выхавальнікі. Адзін — да абеду, другі прыходзіць у другой палове дня. За сваю ранішнюю змену настаўнік-дэфектолаг праводзіць заняткі па адукацыйных галінах і карэкцыйныя заняткі ў адпаведнасці з вучэбным планам спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі. Калі па розных прычынах нешта не ўдалося адпрацаваць на занятках, дэфектолаг запісвае ў сшытак пераемнасці заданне, якое ў другой палове дня трэба правесці іншаму выхавальніку, каб замацаваць тую ці іншую тэму.
Гартаючы сшытак, Вольга Станіславаўна прыводзіць прыклад:
— Учора ў мяне займаліся Паліна і Ягор, мы вывучалі множны лік назоўнікаў. Выхавальніку пасля падвячорку трэба было яшчэ раз паўтарыць пройдзены матэрыял, пасля чаго ў сшытку калега пакінула запіс: “Адпрацавана”.
Спецыяліст адзначае, што на занятках з асаблівымі дзецьмі трэба праяўляць і строгасць, і цярпенне. Добра, калі ўжо з другога разу дзіця выконвае заданне правільна і самастойна, але, бывае, адно і тое ж даводзіцца паўтараць да 8 разоў. Часам нават, каб данесці простую думку або выканаць нейкае элементарнае дзеянне, спецыяліст 3—4 разы прагаворвае: “Дай кубік”, “Ідзі сюды”, “Пакладзі на стол карцінку”.
— А ці атрымліваюць вашы падапечныя дамашняе заданне?
— У абавязковым парадку дамашняе заданне мы не задаём. Аднак на стэндзе ў бацькоўскім кутку размяшчаецца тэма тыдня і карысная інфармацыя, дзе паказана, якую лексіку дзіця вывучае па той ці іншай тэме за тыдзень, у якія гульні з ім можна пагуляць для лепшага засваення новага матэрыялу.
Расказваючы пра выніковасць выхавання дзяцей з АПФР у спецгрупе, суразмоўніца прыводзіць лічбы і тлумачыць:
— Сёлета з 11 выхаванцаў нашай групы 5 працягнуць навучанне ў школе ў інтэграваным класе і ў кожнага будзе свая праграма навучання. Калі ў заключэнні ЦКРНіР значыцца “цяжкія парушэнні маўлення” без паражэння інтэлекту, вынік будзе на 100%. Аднак для нас ужо істотным з’яўляецца вынік, калі дзіця пераходзіць са складанай праграмы навучання на больш лёгкую.
На думку спецыялістаў, калі ў дзіцяці дашкольнага ўзросту ёсць інтэлектуальная недастатковасць, то поспех — калі ўдалося пакінуць яго вучыцца па той жа праграме. Пры правільнай карэкцыі дзеці з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю адпраўляюцца вучыцца ў школу ў інтэграваныя класы па асобных праграмах. А вось ўмераная і цяжкая інтэлектуальная недастатковасць азначае навучанне па праграме ЦКРНіР. Такія дзеці ў школу не пойдуць і не змогуць пасля атрымліваць прафадукацыю. Задача педагогаў — падцягнуць іх да такога ўзроўню ў развіцці, каб яны маглі самі сябе абслугоўваць, жыць самастойна, калі вырастуць, сацыялізавацца ў грамадстве.
***
Тыя бацькі, якія зацікаўлены ў выніку, звычайна самі хочуць даведацца, якія гульні найбольш карысныя для іх дзяцей, фатаграфуюць заданні і выконваюць іх. Пры неабходнасці для іх падбіраюцца індывідуальныя дадатковыя практыкаванні. Важна ўлічваць, што ў многіх выхаванцаў памяць кароткачасовая і заданне, якое яны выконваюць сёння, назаўтра ўжо забываюць, таму частата паўтораў ўплывае на эфектыўнасць выніку.
Для больш цеснага ўзаемадзеяння з мамамі і татамі ў групе створаны сямейны клуб “За руку з сям’ёй”, які як мінімум тры разы на год збірае бацькоў. На сустрэчах разбіраюцца новыя папулярныя напрамкі ў рабоце з асаблівымі дзецьмі, затым спецыяліст дае рэкамендацыі, матэрыял для самастойнага засваення. Напрыклад, у рамках такога папулярнага сёння напрамку, як нейрапсіхалогія, не так даўно Вольга Пятушка знаёміла мам і татаў з рознымі элементамі нейрапрактыкаванняў, якія накіраваны на трэніроўку ўвагі, памяці, развіццё сувязей паміж паўшар’ямі мозгу.
Таксама дзясяткі электронных практыкаванняў, распрацаваных педагогамі для самастойнай работы, размешчаны ў адкрытым доступе на сайце ўстановы ў блоку “Рэсурсны цэнтр” ва ўкладцы “Блог рэсурснага цэнтра”. Там ёсць мультымедыйныя, дыдактычныя, сюжэтна-ролевыя гульні, інтэрактыўныя плакаты па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін, гульні-пазлы, створаныя ў праграме LearningАpps, і іншыя эфектыўныя практыкаванні для дашкольнікаў любога ўзросту. А таксама практычныя парады бацькам. Акрамя таго, там можна знайсці пазнавальныя віртуальныя экскурсіі і распрацоўкі цікавых маршрутаў выхаднога дня для сумеснага сямейнага міні-падарожжа. Са сваімі распрацоўкамі педагогі актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і рэгулярна займаюць прызавыя месцы.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара





