Учора пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі

- 10:16Актуально, Апошнія запісы

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі першыя абітурыенты з’явіліся ўжо ў 9 раніцы. Як паведамілі ў прыёмнай камісіі, гэта пераважна тыя маладыя людзі, якія даўно вызначыліся, дзе яны хочуць вучыцца і якую спецыяльнасць набыць. Павітацца з абітурыентамі прыйшоў рэктар БДУІР М.П.Батура.

“Сёння вельмі хвалюючы дзень для ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі, у тым ліку і для нашага ўніверсітэта, — заўважыў Міхаіл Паўлавіч. — Мы дбайна рыхтаваліся да гэтага дня, удасканальвалі парадак прыёму. Цяпер нашы абітурыенты маюць магчымасць указаць у заявах хоць усе спецыяльнасці адпаведнага напрамку (тэхніка-тэхналагічнага ці эканамічнага) у парадку прыярытэту. Гэта дасць ім магчымасць максімальна выкарыстаць свой патэнцыял”.
Рэктар выказаў меркаванне, што абітурыенты, якія маюць звыш 200 балаў і ўкажуць у заявах увесь пералік спецыяльнасцей, маюць усе шансы паступіць на бюджэтную форму навучання. Магчыма, яны будуць залічаны не зусім на тую спецыяльнасць, пра якую марылі з дзяцінства, але ў БДУІР ёсць магчымасць гарызантальнага перамяшчэння ў рамках профілю. Гэта значыць, што пры жаданні студэнт пасля 1 ці 2 курса можа перайсці на іншую спецыяльнасць.
“Безумоўна, ёсць спецыяльнасці, дзе прахадны бал будзе 360 і больш, але знойдуцца і такія, дзе будзе дастаткова 200 балаў”, — заўважыў М.П.Батура.

Адметна, што сёлета ў БДУІР з’явілася новая вельмі цікавая спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі”. “Мы некалькі гадоў ішлі да гэтага, уважліва вывучалі рынак, — паведаміў Міхаіл Паўлавіч. — Гульнявая індустрыя развіваецца неверагодна хутка, паводле разлікаў кампаній — распрацоўшчыкаў гульняў, гэтай сферы патрабуецца не менш як 100 спецыялістаў у год”.
Сёлета набор на згаданую спецыяльнасць будзе весціся толькі на платнай аснове. Вялікую цікавасць да яе праяўляюць найбуйнейшыя кампаніі — распрацоўшчыкі гульняў нашай краіны, якія абяцаюць практычную дапамогу ў арганізацыі вучэбнага працэсу. У БДУІР спадзяюцца, што ў будучыні ў якасці заказчыкаў выступяць таксама дзяржаўныя арганізацыі і з’явяцца бюджэтныя месцы.
Акрамя таго, сёлета ў БДУІР будзе запушчана новая праграма, якую тут называюць праграмай выхаду на поспех. “У нас усе першакурснікі займаюцца ў першую змену з 8 да 15 гадзін, — тлумачыць рэктар. — З 17 гадзін на кожным факультэце будуць арганізаваны бясплатныя дадатковыя заняткі для платнікаў: 6 гадзін на тыдзень па матэматыцы і 6 гадзін на тыдзень па фізіцы. Так першакурснікі атрымаюць сур’ёзную адукацыйную падтрымку. Мы плануем прыцягнуць на гэтыя курсы лепшых выкладчыкаў універсітэта, матывуючы іх падвоенай аплатай працы. Безумоўна, у іх будзе вельмі няпростая работа. Уявіце сабе: студэнты задаюць вельмі шмат пытанняў, і на іх трэба даваць хуткія і даступныя для разумення адказы”.
Толькі на дзённую форму навучання на ўмовах аплаты ў БДУІР плануецца набраць на 1 курс тысячу чалавек. Вядома, што не ўсе з іх будуць мець дастаткова высокі бал, каб без праблем асвойваць праграмы тэхнічнага ўніверсітэта. Згаданыя курсы павінны вывесці гэтых людзей на новы адукацыйны ўзровень.
“Мы хочам даць ім магчымасць за адзін семестр навярстаць равеснікаў, якія прыйшлі ва ўніверсітэт з больш высокімі баламі, і надаць ім упэўненасці ў заўтрашнім дні, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч. — У іх будуць усе шансы выйсці на ўзровень бюджэтнікаў, а пры ўмове інтэнсіўнай працы нават апярэдзіць іх па ведах”.
Дарэчы, штогод у БДУІР некалькі дзясяткаў платнікаў пераводзяцца на бюджэтнае навучанне. Безумоўна, для гэтага трэба выканаць пэўныя патрабаванні, вытрымаць конкурс, але такая перспектыва ёсць практычна ў кожнага студэнта.
Цікава, што некаторыя платнікі адмаўляюцца ад пераводу на бюджэтнае навучанне, каб пасля заканчэння ўніверсітэта не трапіць пад размеркаванне. Яны гатовы плаціць сёння, каб мець права на самастойны выбар заўтра.
Прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання будзе весціся да 15 ліпеня ўключна, але ўжо ў першы дзень у БДУІР было досыць людна. Хто ж гэтыя абітурыенты, якім не цярпіцца падаць дакументы?
“Гэта перш за ўсё тыя юнакі і дзяўчаты, якія выбралі сваёй будучыняй якасную адукацыю, гарантаванае працаўладкаванне і не сумняваюцца ў сваім рашэнні, — гаворыць рэктар БДУІР. — І я не здзіўляюся. Мы цэлы год працавалі на тое, каб яны сёння прыйшлі. Нават больш — 50 гадоў”.


Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА