Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж — не проста месца для атрымання прафесіі, а цэлая экасістэма, дзе навучэнец можа набыць якасную адукацыю, запатрабаваную спецыяльнасць, развіць свае таленты, знайсці сяброў і ўпэўнена стартаваць у дарослае жыццё. Пра сучаснасць і будучыню ўстановы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з яе дырэктарам Сяргеем Дубнавіцкім.

Цэнтр фарміравання асобы
— Сяргей Канстанцінавіч, з якімі дасягненнямі каледж падышоў да 70-годдзя?
— Наш каледж — адна са старэйшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Яго гісторыя пачалася 25 кастрычніка 1955 года. Тады 120 юнакоў і дзяўчат пачалі вучыцца ў Пінскім індустрыяльным тэхнікуме, каб у хуткім часе стаць тэхнікамі-механікамі і майстрамі вытворчага навучання. Затым наша ўстанова некалькі разоў мяняла назву. У 2017 годзе адбылася рэарганізацыя і каледж стаў філіялам
БрДТУ.
Увесь час свайго існавання каледж дынамічна развіваецца, інтэгруючы ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйныя і педагагічныя тэхналогіі, накіраваныя на падрыхтоўку практыка-арыентаваных спецыялістаў. Адно з ключавых дасягненняў — запатрабаванасць выпускнікоў. Дзякуючы цесным сувязям з прадпрыемствамі і якаснай падрыхтоўцы, 100% выпускнікоў паспяхова працаўладкоўваюцца па спецыяльнасці.
А яшчэ мы ганарымся тым, што каледж тройчы заносіўся на Дошку гонару Пінска (у 2021, 2022 і 2024 гадах). Гэта сведчанне паспяховай дзейнасці ўстановы, у якой зараз вучыцца амаль 750 навучэнцаў на дзённым навучанні і 100 — на завочным, а адукацыйны працэс ажыццяўляюць 79 педагагічных работнікаў.

Сёння мы рыхтуем кадры па чатырох спецыяльнасцях на дзённым аддзяленні: “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы (педагагічная дзейнасць)” (кваліфікацыя “тэхнік-электрык, майстар вытворчага навучання”), “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў (педагагічная дзейнасць)” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)” (кваліфікацыя “тэхнік-механік, майстар вытворчага навучання”), “Дрэваапрацоўчая вытворчасць” (кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг”). У бягучым годзе на гэтыя спецыяльнасці мы набралі 225 першакурснікаў.
На завочным аддзяленні падрыхтоўка вядзецца па дзвюх спецыяльнасцях: “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” (кваліфікацыя “тэхнік-механік”) і “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы” (кваліфікацыя “тэхнік-электрык”). Дарэчы, на іх набор пачаўся толькі 15 кастрычніка і прадоўжыцца да 31 лістапада.
— Ад чаго залежыць развіццё вашай установы і якія традыцыі ў ёй захоўваюцца?
— Наш каледж — складаная экасістэма, якая знаходзіцца пад уплывам знешніх і ўнутраных фактараў. Як установа з ярка выражаным індустрыяльным складнікам каледж напрамую залежыць ад запытаў рэальнага сектара эканомікі.

Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання — сэрца каледжа. Іх кваліфікацыя, педагагічнае майстэрства, гатоўнасць да бесперапыннай самаадукацыі і засваення новых методык з’яўляюцца вырашальным фактарам якасці адукацыі. Я перакананы, што сістэма павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі на вытворчасцях і маральная матывацыя персаналу крытычна важныя. Дарэчы, педагагічныя дынастыі і выпускнікі, якія вяртаюцца ў каледж у якасці выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, — лепшы паказчык здаровай унутранай культуры.
Зразумела, што развіццё ўстановы немагчыма без сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы, прычым не толькі майстэрань, але і бібліятэчнага фонду, лічбавых рэсурсаў, лабараторый, спартыўных залаў і інтэрнатаў. Камфортнае тэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе напрамую ўплывае на эфектыўнасць навучання. А таму мы пастаянна абнаўляем абсталяванне кабінетаў, дзе праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі. Для развіцця прафесійных навыкаў навучэнцаў актыўна супрацоўнічаем з рэспубліканскімі цэнтрамі кампетэнцый.
Традыцыі каледжа — гэта не толькі рытуалы, а жывая практыка, якая фарміруе карпаратыўны дух і пераемнасць. Увогуле, развіццё каледжа — дынамічны працэс адаптацыі да знешніх выклікаў, заснаваны на трывалым падмурку ўнікальных традыцый, якія ператвараюць яго з простай установы адукацыі ў сапраўдную кузню кадраў і цэнтр фарміравання асобы.
Комплексна і сістэмна
— Колькі выпускнікоў штогод выходзіць са сцен каледжа? Куды яны размяркоўваюцца і ці замацоўваюцца на першых працоўных месцах?
— Сёлета мы выпусцілі 166 спецыялістаў. Усе яны накіраваны на работу. Прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў рэгулярна ўдзельнічаюць у круглых сталах і педсаветах, тэматыка якіх звязана з размеркаваннем і замацаваннем выпускнікоў. На сённяшні дзень каледж цесна ўзаемадзейнічае з базавымі арганізацыямі, прадпрыемствамі аграрнага сектара эканомікі, вядучымі прадпрыемствамі Пінска і мноствам каледжаў, для якіх мы і рыхтуем спецыялістаў.

Нашы выпускнікі адпавядаюць высокім патрабаванням сучаснага спецыяліста, добра знаёмы са спецыфікай работы, метадамі кіравання, арганізацыяй працоўнага працэсу, здольны да прыняцця абгрунтаваных кіраўніцкіх рашэнняў.
Зараз першае працоўнае месца для маладога спецыяліста — гэта сацыяльная гарантыя дзяржавы. Пры размеркаванні мы ўлічваем, дзе нарадзіўся выпускнік, якія ўмовы для яго створаць у арганізацыі. Мяркуючы па водгуках работадаўцаў, можна канстатаваць: у нас створана і паспяхова рэалізуецца комплексная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Дарэчы, большасць каледжаў Піншчыны ўзначальваюць выпускнікі нашай установы. Гэта заканамерна: у нас ужо шмат гадоў выпускаюцца майстры вытворчага навучання, а якасная падрыхтоўка і ўсебаковае асобаснае развіццё дазваляюць выпускнікам заслугоўваць павагу калег і кіраўніцтва, быць заўважанымі і атрымліваць адказныя даручэнні і пасады.
— Якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваны абітурыентамі, а якія — заказчыкамі кадраў?
— Як паказвае вопыт, найбольш запатрабаваны спецыяльнасці з магчымасцю атрымання тэхнічнай і педагагічнай адукацыі адначасова: “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў (педагагічная дзейнасць)” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)” з атрыманнем рабочай прафесіі вадзіцель аўтамабіля з правам кіравання механічным транспартным сродкам катэгорыі С, а таксама спецыяльнасць “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы (педагагічная дзейнасць)”. Рынак працы адчувае недахоп у майстрах вытворчага навучання і спецыялістах у галіне аўтамабільнага транспарту.
Мы імкнёмся дасягнуць такога ўзроўню, калі абітурыенты будуць марыць вучыцца менавіта ў нас, а педагогі — ганарыцца работай у каледжы.

— А што робіцца для таго, каб зацікавіць абітурыентаў мэтавым навучаннем?
— Праводзім сістэмную прафарыентацыйную работу з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій і адукацыйных рэсурсаў. У каледжы часта праходзяць дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі, кірмашы прафесій і мэтавай падрыхтоўкі, выязныя прафарыентацыйныя промаакцыі. Да таго ж аналізуем рынак працы для ўзгаднення адукацыйных патрэб моладзі з запатрабаваннямі работадаўцаў. Мы шмат увагі ўдзяляем самапазнанню навучэнцаў і дапамагаем ім выбраць спецыяльнасць у тым ліку з выкарыстаннем анлайн-платформы “ПрофіТэст”. А яшчэ мы імкнёмся распаўсюджваць якасны інфармацыйны кантэнт праз сайт каледжа і сацыяльныя сеткі. З дапамогай інтэрнэт-тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў папулярызуем нашы спецыяльнасці.
Вучыць і выхоўваць
— Сяргей Канстанцінавіч, выконваючы шматлікія абавязкі дырэктара, якія функцыі лічыце прыярытэтнымі?
— Маё прафесійнае крэда — “Кіраваць — значыць не загадваць, а ствараць умовы для дасягнення мэт”. Як кіраўнік каледжа са шматгадовым вопытам будую сваю работу на некалькіх ключавых прынцыпах, якія вызначаюць і штодзённыя рашэнні, і стратэгічнае развіццё ўстановы. Па-першае, заўсёды ў прыярытэце якасць вучэбнага працэсу. Акадэмічная строгасць, актуальнасць праграм і практыкаарыентаванасць — аснова даверу навучэнцаў і работадаўцаў. Па-другое, чалавекацэнтрычнасць: патрэбы, бяспека і прафесійны рост навучэнцаў і педагогаў — на першым месцы.

Трэці прынцып, якім кіруюся, — адкрытасць, празрыстасць рашэнняў і гатоўнасць да дыялогу з калектывам, навучэнцамі і бацькамі. Безумоўна, адзін у полі не воін, а таму вельмі важна, каб побач былі аднадумцы — нераўнадушныя калегі-педагогі, якія робяць усё магчымае і нават больш для развіцця каледжа. Разам мы нацэлены на стратэгічнае развіццё, прычым не проста стараемся рэагаваць на змяненні ў адукацыі, а апярэджваць іх: укараняць новыя тэхналогіі, наладжваць партнёрства з прадпрыемствамі, удзельнічаць у міжнародных праектах. Да таго ж мы ніколі не забываем пра выхаваўчы аспект. Бо каледж не толькі дае веды, але і арганізуе асяроддзе, якое фарміруе агульначалавечыя каштоўнасці.
А яшчэ адзін з важных прыярытэтаў маёй дзейнасці — канкурэнтаздольнасць выпускнікоў, каб заказчыкі кадраў гаварылі: “Вашы выпускнікі — нашы лепшыя супрацоўнікі”, а прафесійны шлях нашых навучэнцаў ператвараўся ў рэальныя гісторыі поспеху. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб стварыць сапраўднае асяроддзе для росту, каб праз 10 гадоў былыя вучні сказалі: “Гэты каледж змяніў маё жыццё”.
— На што нацэлены каледж у перспектыве?
— У найбліжэйшых планах — адкрыццё новай спецыяльнасці “Тэхнічная праца і чарчэнне” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік”, а таксама павелічэнне мэтавага набору. Працягнем развіваць інавацыйную дзейнасць, якая з’яўляецца найважнейшым інструментам павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці адукацыі, запатрабаванасці маладых спецыялістаў на рынку працы. Дарэчы, з 2024 года каледж ажыццяўляе эксперыментальную дзейнасць па тэме “Распрацоўка і апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння педагагічнага модуля пры падрыхтоўцы спецыялістаў у каледжах з прысваеннем кваліфікацыі “майстар вытворчага навучання” сумесна з РІПА.
Увогуле, мы імкнёмся да самаўдасканалення, сочым за сучаснымі тэхналогіямі і методыкамі навучання, стараемся быць не проста на грэбені хвалі, але наперадзе яе. Нашы навучэнцы — актыўныя і мэтанакіраваныя — штогод перамагаюць у конкурсах і спаборніцтвах. Тым самым яны даказваюць, што сілы педагогаў, укладзеныя ў іх, не дарэмныя.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены ўстановай





