Дваццатае даследчае лета

- 14:45Актуально, Апошнія запісы

15 ліпеня ў спартыўна-аздараўленчым комплексе “Брыганціна” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося адкрыццё юбілейнай ХХ Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў, Х Мінскага гарадскога фізіка-матэматычнага летніка і VI Мінскага абласнога фізіка-матэматычнага летніка. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Жураўкоў, прарэктары БДУ, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык.
— Вы, такія разумныя і прыгожыя, з’яўляецеся нашай надзеяй. За вамі будучыня, — звярнуўся да ўдзельнікаў летніка міністр. — Я таксама люблю “Брыганціну” за яе інтэлектуальна-творчую атмасферу. Цяпер, гледзячы на вас, з настальгіяй успамінаю свае дзіцяча-юнацкія гады, калі, як і вы, удзельнічаў у зборах па падрыхтоўцы да алімпіяд, прадстаўляў Беларусь на Усесаюзнай матэматычнай алімпіядзе. Сёння ёсць тыя прафесары, з якімі некалі займаўся. Уяўляеце, як прыемна адчуваць сябе іх калегам! Я ўпэўнены, што сярод вас таксама знаходзяцца будучыя прафесары, якія будуць праслаўляць беларускую навуку.

1_Встреча министра в СОК Бригантине А цяпер беларускую педагогіку праслаўляюць настаўнікі, якія падрыхтавалі не адно пакаленне алімпіяднікаў і даследчыкаў, таму ўганараванне педагогаў стала адной са значных частак цырымоніі адкрыцця юбілейнай летняй школы “Брыганціны”. За шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, творчую ініцыятыву, забеспячэнне высокага ўзроўню арганізацыі і правядзення Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы педагогі атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Міністр уручыў граматы, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі”. У прыватнасці, выдатнікамі адукацыі сталі Леанід Іванавіч Лаўрыновіч, старшы выкладчык кафедры метадаў аптымальнага кіравання факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, і Руслан Пятровіч Папок, начальнік псіхалагічнай службы БДУ. Свае ўзнагароды ўручылі прадстаўнікі БДУ, Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі і Мінскага гарадскога камітэта па адукацыі.
Ідэя стварэння летняй школы ўзнікла ў 1994—1995 гадах, калі ў Беларусі стаў актыўна развівацца навуковы напрамак работы са школьнікамі. Пачалі арганізоўвацца навуковыя гурткі і аб’яднанні навучэнцаў, канферэнцыі юных вучоных (ад школьных да міжнародных), з’явіўся праблемны (навуковы) семінар па матэматыцы для школьнікаў і настаўнікаў пры БДУ і Ліцэі БДУ.

1_Музей науки Элементо в гостях на открытии республиканской школы У красавіку — чэрвені 1995 года сфарміравалася ініцыятыўная група па арганізацыі Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў. У выніку 10—23 жніўня 1995 года ў Лужасне пад Віцебскам адбылася першая такая школа, у якой прынялі ўдзел 65 школьнікаў і 30 педагогаў. З першых гадоў функцыянавання летняй школы сфарміраваліся асноўныя прынцыпы яе дзейнасці, якія павінны быць уласцівыя сапраўднаму навукоўцу: свабодная творчасць, супрацоўніцтва і паразуменне, духоўнасць і інтэлігентнасць.
За ўсе гады ў летняй школе прайшлі навучанне або павысілі сваю кваліфікацыю больш за 3000 здольных навучэнцаў і каля 300 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з-за яе межаў: Расіі, Францыі, Балгарыі, Літвы. Летняя школа стала не проста папулярнай, а знакавай у сістэме дадатковай адукацыі краіны, што пацвярджаецца штогадовым удзелам у ёй каля 200 пераможцаў розных спаборніцтваў — ад абласнога ўзроўню да міжнароднага.
Колькасць жадаючых прыняць удзел у рабоце школы значна пераўзыходзіць магчымасці школы: заяўкі падаюць больш за 400 школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў розных алімпіядах і конкурсах, і жадаючых паглыбіць свае веды. Заняткі са школьнікамі праводзяць больш за 40 выкладчыкаў розных універсітэтаў краіны і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярод якіх дактары і кандыдаты навук, кіраўнікі каманд Беларусі на міжнародных алімпіядах, турнірах, канферэнцыях, а таксама студэнты — пераможцы міжнародных алімпіяд, турніраў і канферэнцый па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, астраноміі.
А ідэйным натхняльнікам Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў ужо шмат гадоў з’яўляецца Барыс Валянцінавіч Задворны. Нездарма многія яе называюць школай Барыса.
Праграма адкрыцця летніка ўключала семінар “Мадэлі і метады бесперапыннай дадатковай адукацыі па матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы, тэхніцы, астраноміі”, падчас якога вядучыя спецыялісты Беларусі ў сферы дадатковай адукацыі ў галіне прыродазнаўчых навук, матэматыкі, інфармацыйных тэхналогій абмеркавалі асноўную і дадатковую адукацыю (у галіне матэматыкі, інфарматыкі, фізікі, тэхнікі, астраноміі — STEM), шляхі развіцця дадатковай адукацыі, становішча і ролю сістэмы інтэ-лектуальных (алімпіядна-конкурсных) мерапрыемстваў у агульнай сістэме адукацыі.
А ўдзельнікамі юбілейнай летняй школы стануць звыш 300 школьнікаў (разам з удзельнікамі профільных летнікаў Мінска і Мінскай вобласці). Сярод іх больш за 30 дзяцей 1—4 класаў, каля 90 вучняў 5—7 класаў і 178 навучэнцаў 8—10 класаў. У асноўным гэта пераможцы розных інтэлектуальных спаборніцтваў па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, астраноміі.
У праграму школы ўключаны культурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, а таксама вучэбныя заняткі, якія пройдуць у 15 вучэбных групах па прадметах, узросце і ўзроўні складанасці. Напрыклад, для старшакласнікаў праводзяцца семінары і трэнінгі па псіхалогіі, а для малодшых школьнікаў — спецыяльныя заняткі па матэматыцы даследчага характару. Завершыцца школа выніковай канферэнцыяй навучэнцаў, дзе юныя даследчыкі выступяць з навуковымі дакладамі.
Асноўным арганізатарам летняй школы з’яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пад эгідай Міністэрства адукацыі і пры ўдзеле ЗТАА “ЭПАМ Сістэмз”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Андрэя ІЛЬІНА.