«Код адукацыі пішам мы»: на фестывалі ў Мінску маладыя педагогі прадэманстравалі смелыя ідэі і камандны дух

- 14:10Образование

У сталіцы прайшоў Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў. 13-ы раз ён сабраў 14 каманд — 150 маладых педагогаў з Мінска, Мазыра, Масквы, Санкт-­Пецярбурга і Сочы.

— Праглядаючы праграму фестывалю, мы самі сабе зайздросцілі. Зайзд­росцілі таму, што ёсць магчы­масць вопытным педагогам быць побач і перадаваць свае веды моладзі. Першы дзень фестывалю — дзень натхнення — няхай складзецца так, каб у вас з’явіліся крылы за спінай і не было сумнення ў тым, што вы выбралі самую лепшую прафесію, якая ёсць на Зямлі. Другі дзень — дзень майстэрства. Давайце апладысментамі павітаем педагогаў, якія будуць перадаваць вам сваё майстэрства. І трэці дзень будзе днём асэнсавання, бо наша насычаная праграма павінна ўкласціся ў кейс, які вы зможаце забраць з сабой у школы, — адзначыла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна, вітаючы ўдзельнікаў фестывалю.

На адкрыцці мерапрыемства каманды ярка, крэатыўна прадставілі свае творчыя візітоўкі пад дэвізам “Код адукацыі пішам мы”, прадэманстраваўшы вакальныя, харэаграфічныя, тэатральныя здольнасці, даказаўшы, што будучыня адукацыі за смелымі ідэямі і камандным духам.

Пасля ўрачыстай часткі ўсе каманды накіраваліся ў Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”, дзе быў дадзены старт “Вялікай гульні”. У першы дзень маладыя педагогі ўключыліся ў медыяэстафету “Педагагічны драйв: злаві хвалю!” ад педагогаў гімназіі № 146. Настаўніца інфарматыкі і матэматыкі сярэдняй школы № 26 імя З.Г.Калабанава Ганна Араноўская арганізавала для ўдзельнікаў інтэлектуальны вольны час “Гульня для гнуткага розуму” і дапамагла ўсім перазагрузіцца.

Другі дзень стаў для маладых педагогаў сапраўднай адукацыйнай лабараторыяй. Для іх працавала школа для дарослых, тэмай праграмы якой стаў штучны інтэлект. Спікеры — старшы выкладчык факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і дадатковай адукацыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Тарас Кучынскі-Паравой, практычны эксперт па адукацыйных тэхналогіях, і дацэнт кафедры камунікатыўнага дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Алена Худніцкая — дапамагалі маладым настаўнікам яго асвоіць: прадаставілі канкрэтныя інструменты для штодзённай работы, прадэманстравалі, як вызва­ліць час для творчых зносін з навучэнцамі.

Панараму майстар-класаў “Ад таго, куды ты глядзіш, залежыць тое, што ты робіш” прадставілі педагогі клуба “Вялікі перапынак” і праекта “МінскаяШколаРазам#БезКрыўд”.

Дуэтныя майстар-класы правялі вопытныя настаўнікі ў пары з маладымі калегамі. Выкарыстанне аўтарскіх інтэр­актыўных комплексаў на ўроках беларускай мовы прадэманстравалі на майстар-класе “Мова ці кава? Мова цікава!” настаўнікі сярэдняй школы № 111 Мікалай Курыловіч і Аляксандр Мяльгуй.
Настаўніцы пачатковых класаў гімназіі № 36 Ірына Некраш і Ангеліна Карабань паказалі, як візуалізацыя развівае крэатыўнасць малодшых школьнікаў.

Сёння на рынку працы запатрабаваны спецыялісты, якія здольны хутка рэагаваць на любыя выклікі, асвойваць новыя веды і прымяняць іх у вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць. Гэта і ёсць функцыянальна адукаваныя лю­дзі. Калі навучэнец набыў такія навыкі ў школе, ён будзе лёгка арыентавацца ў сучаснай рэальнасці. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 119 Таццяна Пікулева і маладая настаўніца пачатковых класаў Анастасія Савіч прысвяцілі свой майстар-клас сітуацыйным задачам — інструменту фарміравання функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў і паказалі, як з іх дапамогай перанесці веды з класа ў жыццё. Удзельнікі майстар-класа даведаліся, з чаго складаецца сітуацыйная задача, чым яна адрозніваецца ад традыцыйнай, павучыліся самі ствараць сітуацыйныя задачы. Госці з Расіі, напрыклад, прадставілі сітуацыйную задачу выхаваўчай накіраванасці, якая прадугледжвае фарміраванне ў школьнікаў культуры зносін.

Удзельнікі пераканаліся, што акцэнт на функцыянальнай адукаванасці прыцягвае навучэнцаў у пазнавальны працэс, робіць іх здольнымі аналізаваць і сегментаваць інфармацыю, рабіць высновы і выкарыстоўваць атрыманыя даныя ў розных вучэбных напрамках.

Выкладчыца гісторыі Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Ніна Ерахавец і настаўнік гісторыі сярэдняй школы “Эко-Эл” Аляксандр Ерахавец правялі майстар-клас на тэму “Квіз-гісторыя, ці Гісторыя ў пытаннях”.

— Рухавіком пазнання заўсёды было менавіта пытанне, а не адказ: “Чаму змяняюцца дзень і ноч?”, “Што там, за гарызонтам?” і г.д. Гісторыя чалавецтва — гэта не хроніка дат і войн. Гэта грандыёзны квіз даўжынёй у дзесяцігоддзі. І сёння мы не проста перадаём веды, а вучым дзяцей не баяцца пытанняў і смела шукаць адказы на іх, — адзначае Н.Ерахавец. — Менавіта таму інтэлектуальныя гульні ніколі не страцяць сваёй актуальнасці, але час дыктуе нам новыя правілы, новыя пытанні і фармат інтэлектуальных гульняў. І наш майстар-клас быў прысвечаны мастац­тву стварэння квізаў.

Маладыя педагогі адзначылі, што ў адрозненне ад віктарыны ў квізе значна больш пытанняў на логіку і кемлівасць, чым на наяўнасць энцыклапедычных ведаў. Пытанні складаюцца так, каб кожны чалавек у камандзе змог паўдзельні­чаць у абмеркаванні. Гульнявая дынаміка забяспечвае высокую уцягнутасць аўдыторыі, якая ахвотна дае адказы на пытанні і выконвае іншыя дзеянні. Пытанні квіза — гэта пытанні з engaging-эфектам (уцягнутасцю)!

Практычная частка майстар-класа ўтрымлівала з два складнікі: гуляем і ствараем. Педагогі пагулялі ў гістарычны квіз з медыяпытанняў, мем-пытанняў, пытанняў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, квест-заданняў і гульні “Прыгадай асобу”, самі распрацавалі па 3 пытанні квіза, у змесце якіх ацэньвалася яснасць, карэктнасць і engaging-­эфект. А правесці рэфлексію дапамаглі метафарычныя карты.

Удзельнікі майстар-класа прыйшлі да высновы, што самы страшны вораг на ўроку — гэта сум. І галоўная зброя супраць яго — не забава, а здзіўленне. Менавіта ўменне задаваць правільныя і цікавыя пытанні прымусіць гісторыю загучаць па-новаму.

У заключны дзень фестывалю ў фармаце адкрытага дыялогу яго ўдзельнікі разам з загадчыкам кафедры кіравання і эканомікі адукацыі МГІРА Дзмітрыем Прохаравым разбіраліся, дзе праходзіць мяжа паміж эфектыўным лічбавым інструментам і моднай цацкай, як штучны інтэлект можа стаць рэальным памочнікам у планаванні і персаналізацыі навучання, якія кампетэнцыі робяць педагога ўнікальным, педагогам, якога не заменіць ні адзін алгарытм.

Ярка і відовішчна каманды прадставілі дамашняе заданне “Урок фестывалю”, дзе падзяліліся сваімі каштоўнымі знаходкамі.

На працягу ўсяго мерапрыемства каманды спаборнічалі ў інтэлектуальных і творчых конкурсах і зараблялі запаветныя ачкі-яблычкі. Па яго выніках 1-е месца заваявала каманда Кастрычніцкага раёна сталіцы, 2-е — каманда Ленінскага і 3-е месца — Заводскага раёна.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена МГІРА